Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці раз за 2 гады судзяць інваліда II групы Гундара, ён адмаўляецца даваць паказаньні


Уладзімер Гундар
Уладзімер Гундар

Новую крымінальнаю справу на Ўладзімера Гундара завялі за нібыта абразу пракуроркі падчас суду ў «справе Аўтуховіча». Раней палітвязьня асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня.

Нядаўна праваабаронцам стала вядома, што супраць Уладзімера Гундара, асуджанага на 18 гадоў калёніі, завялі крымінальную справу за абразу пракуроркі Людмілы Герасіменка паводле арт. 369 КК.

Судовыя паседжаньні ў новай крымінальнай справе Гундара праходзілі 31 студзеня і 1 лютага ў судзе Ленінскага раёну Горадні. Працэс вядзе судзьдзя Алена Пятрова.

Як паведаміла BPN жонка Гундара Алена, Уладзімер на працэсе трымаўся нядрэнна — ён адмовіўся ад дачы якіх-небудзь паказаньняў у новай справе.

Алена Гундар патлумачыла, што прысуд будзе абвешчаны толькі пасьля разгляду апэляцыі па папярэдняй справе (18 гадоў пазбаўленьня волі), таму новых паседжаньняў пакуль ня будзе.

Як раней паведамляла «Вясна Брэст», палітвязьня Ўладзімера Гундара прымушалі разьдзявацца і праводзілі асабісты надгляд перад уваходам у залю, дзе адбывалася азнаямленьне з аўдыёзапісамі судовага працэсу ў «справе Аўтуховіча». Гундар з гэтым не пагадзіўся, таму напісаў адмову ад азнаямленьня з аўдыё.

  • Уладзімер Гундар — 60-гадовы краязнаўца з Баранавіч. Мае інваліднасьць праз страту нагі. 20 траўня 2021 году яго ўжо асудзілі на 3 гады зьняволеньня за «гвалт у дачыненьні да службовай асобы». З улікам гэтага тэрміну 16 кастрычніка 2022 году Гундара пакаралі 18 гадамі калёніі ў справе «Аўтуховіча».

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG