Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рыме пачаўся другі раўнд перамоваў паміж ЗША і Іранам па ядзернай праграме Тэгерана


Іранскі ядзерны аб'ект непадалёк Тэгерана. Архіўнае фота
Іранскі ядзерны аб'ект непадалёк Тэгерана. Архіўнае фота

ЗША настойваюць на дыпляматычным вырашэньні іранскай ядзернай праблемы, Ізраіль хоча атакаваць ядзерныя аб’екты ў Іране ўжо ў бліжэйшыя месяцы.

Першы раўнд ядзерных перамоваў ЗША і Ірана прайшоў у Амане 12 красавіка, другі пачаўся 19 красавіка ў Рыме ў амбасадзе Аману.

Спэцпасланьнік Белага дома Стыў Уіткаф і міністар замежных спраў Ірана Абас Аракчы ўзначалілі свае дэлегацыі на перамовах у Рыме. Яны будуць весьці перамовы ўскосна праз аманскага чыноўніка, які будзе перадаваць паведамленьні паміж двума бакамі.

«Тэгеран разумее, што гэта ня гладкі шлях, але мы робім кожны крок з адкрытымі вачыма, таксама абапіраючыся на мінулы досьвед», — заявіў прэс-сакратар МЗС Ірана Эсмаіл Бакаі ў паведамленьні ў сацсетцы X напярэдадні сустрэч.

Паліцыя ў Рыме на месцы перамоваў
Паліцыя ў Рыме на месцы перамоваў

Кіраўнік МЗС Ірана заклікаў Расею падтрымаць ядзерныя перамовы. А дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё выказаў надзею, што іранскія перамовы будуць «плённымі».

Reuters: Ізраіль можа атакаваць ядзерныя аб’екты ў Іране ў бліжэйшыя месяцы

Тым часам стала вядома, што Ізраіль можа нанесьці ўдар па ядзерных абʼектах Ірана ў найбліжэйшыя месяцы, нягледзячы на пазыцыю ЗША, паведамляе Reuters са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле агенцтва, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў прэмʼер-міністру Ізраіля Біньяміну Нетаньягу, што Вашынгтон пакуль не гатовы падтрымаць такую апэрацыю, аддаючы перавагу дыпляматычнаму шляху. Тым не менш, Ізраіль надаў адміністрацыі ЗША варыянты нападу, у тым ліку авіяўдары і наземныя апэрацыі, разьлічаныя на канец вясны і лета. Цяпер, па словах крыніц, абмяркоўваецца больш абмежаваны сцэнар, які не патрабуе актыўнай падтрымкі ЗША.

Раней Ізраіль прапаноўваў аналягічныя пляны камандзе былога прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна — амаль усе прадугледжвалі ўдзел ЗША ў выглядзе ваеннай падтрымкі або абмену зьвесткамі выведкі.

Выданне The New York Times паведамляла, што Ізраіль плянаваў удар па ядзерных абʼектах Ірана ў траўні, але адмовіўся з-за пазыцыі Трампа. Паводле інфармацыі The Washington Post, дарадца прэзыдэнта ЗША па нацбясьпецы Майкл Уолтц і дзяржсакратар Марка Рубіё выступаюць за сілавое рашэньне іранскага ядзернага пытаньня. Віцэ-прэзыдэнт Джэй Д. Вэнс і кіраўнікца выведкі Талсі Габард папярэджваюць аб рызыках рэгіянальнай вайны і адсутнасьці прыкмет, што Іран імкнецца да стварэньня ядзернай зброі.

Трамп, паводле інфармацыі The Washington Post, улічвае меркаваньні абодвух бакоў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG