Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаны кабінэт заклікаў рэжым Лукашэнкі «зрабіць крок насустрач» і вызваліць найбольш уразьлівую групу палітвязьняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Пакуль рэжым гаворыць роўна супрацьлеглае таму, што робіць у цёмным куце», — заявіла прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Вольга Гарбунова.

Вольга Гарбунова пракамэнтавала заяву рэжыму пра стварэньне камісіі для працы з грамадзянамі, якія хочуць вярнуцца з-за мяжы.

«Мы бачым, што рэжым нібыта гатовы прабачаць „тых, хто памыліўся“. Варта нагадаць, як сотні людзей напісалі лісты на памілаваньне — а гэта няпросты маральны выбар — і вызваленыя былі толькі адзінкі, прычым праігнараваныя былі просьбы нават ад людзей з інваліднасьцю і людзей пажылога веку, — адзначыла Гарбунова. — Мы бачым, як рэжым заяўляе пра гатоўнасьць пусьціць у краіну былых удзельнікаў пратэсту, якія „пакаяліся“, але ў рэальнасьці мы ведаем, што мноства людзей затрымліваюць на мяжы зь Беларусьсю па надуманых абвінавачаньнях. Пакуль мы бачым, што рэжым гаворыць роўна супрацьлеглае таму, што робіць у цёмным куце. І, як заўжды, пры гэтым стараецца выглядаць дабрадзеем».

Вольга Гарбунова зьвярнулася да ўладаў з прапановай.

«Праваабаронцамі падрыхтаваны „гуманітарны сьпіс палітвязьняў“, куды ўваходзяць людзі з інваліднасьцю, цяжкімі захворваньнямі, пэнсіянэры, непаўналетнія, шматдзетныя бацькі, жанчыны, якія не павінны знаходзіцца за кратамі зь меркаваньняў гуманнасьці. Выпусьціце гэтых людзей і пакажыце, што вы на самой справе гатовыя „зрабіць крок насустрач“», — заявіла прадстаўніца Кабінэта ў сацыяльных пытаньнях.

На фоне чарговага выстаўленьня ўмоваў да палітэмігрантаў, пры якіх яны могуць вяртацца ў Беларусь, дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэта сустрэліся зь міністрам унутраных спраў Польшчы Марыюшам Каміньскім і абмеркавалі пытаньні, датычныя спрашчэньня легалізацыі і міграцыйных працэдураў для беларусаў.

Беларускі бок папрасіў паспрыяць у тым, каб зрабіць працэдуры больш гнуткімі і хуткімі. Таксама прадстаўнікі беларускай апазыцыі ўзьнялі пытаньне выдачы альтэрнатыўных дакумэнтаў новай Беларусі і заклікалі Польшчу падтрымаць ініцыятыву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG