«Тое, на што людзі падпісаныя, можа стварыць для іх праблемы, — патлумачыў Джэймі Флай. — Калі яны паставяць падабайку ці падзеляцца нейкім матэрыялам, гэта можа прывесьці да нейкай формы пакараньня з боку ўраду. І тут нам трэба знаходзіць новыя тэхналягічныя інструмэнты для камунікацыі з аўдыторыяй, каб людзі маглі бясьпечна атрымліваць нашы матэрыялы».
Прэзыдэнт РСЭ/РС адзначыў, што, нягледзячы на намаганьні ўладаў у аўтарытарных краінах заблякаваць доступ да незалежнай інфармацыі, людзі імкнуцца атрымаць такі доступ, калі адчуваюць, што ім хлусяць.
«Ёсьць шмат дадатковай працы, акрамя проста добрай журналістыкі, каб інфармацыя дайшла да аўдыторыі ў такіх закрытых супольнасьцях, — сказаў Флай. — На жаль, нам даводзіцца шмат гэтым займацца ўсе 70 гадоў гісторыі [Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода]. У часы Халоднай вайны савецкія ўлады і іншыя ўрады глушылі нашы сыгналы, і я дагэтуль сустракаю людзей, якія вырасьлі ў той час і памятаюць, як людзі сядзелі вакол радыёпрыймачоў і штовечар мусілі мяняць частоты праз гэтае глушэньне. У нейкім сэнсе гэта была старая форма ВПН, каб абысьці блякаваньне».
Дыскусія адбывалася ў сталіцы Нарвэгіі Осла, у рамках сэрыі Nobel Peace Talks, у якой закранаюцца тэмы, зьвязаныя зь ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году — беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім, расейскай праваабарончай арганізацыяй «Мэмарыял» і Ўкраінскім цэнтрам грамадзянскіх свабод. Арганізатарамі дыскусіі былі Нобэлеўскі цэнтар міру, які месьціцца ў Осла, амбасада Чэскай Рэспублікі ў Нарвэгіі і амбасада ЗША ў Нарвэгіі.