Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца ўкраінскага нобэлеўскага ляўрэата: «Калі Бяляцкі выйдзе, скажу яму, што ён выйграў і ні ў кога не было сумневаў»


Аляксандра Матвійчук, архіўнае фота
Аляксандра Матвійчук, архіўнае фота

Прадстаўніца ўкраінскага ляўрэата нобэлеўскай прэміі міру Аляксандра Матвійчук расказала, што знаходзіцца пад уражаньнем ад таго, як трымаецца жонка палітзьняволенага Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.

25 красавіка ў бібліятэцы Вацлава Гавэла ў Празе выступіла Аляксандра Матвійчук, старшыня ўкраінскай арганізацыі «Центр громадянських свобод», які стаў адным зь ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру за 2022 год, разам з Алесем Бяляцкім і зьліквідаваным расейскімі ўладамі Праваабарончым цэнтрам «Мемориал».

«Убачыла сьлёзы на яе вачах толькі тады, калі Алеся забралі»

«Я была ў Менску на судовым паседжаньні, калі Алесю Бяляцкаму выносілі першы прысуд. Яго пасадзілі за краты ў сфабрыкаванай крымінальнай справе на некалькі гадоў, якія ён адсядзеў. І я вельмі яскрава памятаю: я глядзела на ягоную жонку, і яна ўсьміхалася мужу. Яна ўсьміхалася нават пасьля таго, як абвясьцілі гэты ганебны прысуд. Мы ў залі крычалі: „Ганьба!“. А яна дазволіла сабе эмоцыі, я ўбачыла сьлёзы на яе вачах толькі тады, калі яе мужа забралі», — расказала Матвійчук.

Адказваючы на пытаньне дырэктаркі Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі Крысьціны Шыянок пра тое, што б яна сёньня сказала Бяляцкаму, Аляксандра Матвійчук адзначыла:

«Цяжка зьвяртацца да чалавека, які адбывае несправядлівы крымінальны прысуд ужо другі раз. На гэты раз я ўжо не магу прыехаць у Менск у якасьці падтрымкі са зразумелых прычын, і ўсе словы выглядаюць занадта недарэчнымі ці занадта пафаснымі. Я, напэўна, сказала б, як добра ягоная жонка трымаецца і як яна працягвае змагацца за яго цяпер. А вось калі Алесь Бяляцкі выйдзе і будзе вызвалены, то я скажу яму, што ён выйграў, і ні ў кога [у гэтым] не было сумневаў».

«Калі не прыцягнем да адказнасьці Пуціна, Лукашэнку і астатніх ваенных злачынцаў — будзем жыць у небясьпечным сьвеце»

Украінская нобэлеўская ляўрэатка, сярод іншага, таксама расказала пра сваё стаўленьне пра ўдзел Беларусі і Расеі ў Радзе Бясьпекі ААН:

«Мне здаецца, што важнасьць таго, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне, у тым, што раптам людзі ў сьвеце ўсьвядомілі, што яны жылі ў ілюзіі, што ёсьць міжнародная сыстэма міру і бясьпекі і што яна кагосьці абараняе. Гэтая сыстэма была створаная пасьля Другой сусьветнай вайны, каб папярэдзіць войны. Яна была створана пераможцамі і дала пэўным краінам неапраўданыя прэфэрэнцыі. І зараз краіна сябра Рады Бясьпекі ААН сама вядзе агрэсіўныя войны, і ўся сыстэма ААН ня можа гэтага спыніць...»

Матвійчук адзначыла, што сёньня ня только перад людзьімі ва Ўкраіне, але перад грамадзянамі ўсіх краін сьвету стаіць пытаньне: «Як мы ў ХХІ стагодзьдзі будзем абараняць чалавека? Ці можам мы спадзявацца на міжнародную сыстэму, ці не, альбо толькі зброя мае значэньне?»

«Адказ на гэтае пытаньне вызначыць нашу будучыню. Таму што, калі зараз мы не адновім міжнародны парадак, не прыцягнем да адказнасьці Пуціна, Лукашэнку і астатніх ваенных злачынцаў, не пакажам, што правіла дамінуе над грубай сілай, то мы будзем жыць у вельмі небясьпечным сьвеце. Таму ў нас гістарычнае заданьне — перазапусьціць Сыстэму міру і бясьпекі, каб яна магла абараніць чалавека», — падкрэсьліла Матвійчук.

Паводле яе, першым крокам для такога «перазапуску» — выключэньне Расеі з Рады Бясьпекі ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG