Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон агучыў зусім іншыя лічбы выдаткаў на Ўкраіну, чым Трамп


Пэнтагон, ЗША
Пэнтагон, ЗША

ЗША выдаткавалі $65,9 мільярдаў на ваенную дапамогу Украіне. Яшчэ 3,9 мільярда даляраў, якія Кангрэс санкцыянаваў на ваенную дапамогу Кіеву, застаюцца нявыдаткаванымі.

Дадзеныя Пэнтагону

Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Кангрэс ЗША вылучыў на падтрымку Украіны каля $183 млрд. З гэтай сумы 65,9 мільярда даляраў было выдзелена на ваенную дапамогу, піша «Голас Амэрыкі» са спасылкай на зьвесткі міжведамаснай нагляднай групы, адказнай за справаздачнасьць Кангрэсу.

Яшчэ 3,9 мільярда даляраў, якія Кангрэс санкцыянаваў на ваенную дапамогу Кіеву, застаюцца нявыдаткаванымі.

Каля 58 мільярдаў даляраў са 183 мільярдаў даляраў агульнай дапамогі Ўкраіне былі выдаткаваныя ў ЗША.

Гэтыя сродкі накіроўваліся непасрэдна на разьвіцьцё амэрыканскай абароннай прамысловасьці альбо шляхам замены старога ўзбраеньня, перададзенага Кіеву, на новую зброю амэрыканскай вытворчасьці, альбо шляхам інвэстыцый у прамысловасьць.

Лічбы Трампа

«Голас Амэрыкі» зьвярнуўся да Белага дому з просьбай растлумачыць камэнтары Трампа, у тым ліку прадставіць любую дакумэнтацыю адносна матэматычнага разыходжаньня.

Белы дом у адказ працытаваў камэнтар прэзыдэнта ЗША.

У паведамленьні ў сацыяльнай сетцы Truth Social Трамп сказаў: «Умерана пасьпяховы комік Уладзімір Зяленскі пераканаў Злучаныя Штаты Амэрыкі выдаткаваць 350 мільярдаў даляраў на нявыйгрышную вайну, якую ніколі ня варта было пачынаць, але вайну, якую ён, без ЗША і Трампа, ніколі ня зможа ўрэгуляваць».

Лічбы Зяленскага

19 лютага прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна выдаткавала на вайну з Расеяй 320 мільярдаў даляраў, зь іх 200 мільярдаў – замежная дапамога. У прыватнасьці, Украіна атрымала 67 мільярдаў даляраў ваеннай дапамогі ад ЗША і 31,5 мільярда даляраў наўпроставай фінансавай дапамогі ў бюджэт.

«Зь іх 120 мільярдаў — мы, народ Украіны, падаткаплатнікі, 200 мільярдаў — ЗША і Эўразьвяз», — сказаў Зяленскі. — Гэта кошт зброі. Гэта пакет узбраеньняў — 320 мільярдаў даляраў».

Угода па рэдказямельных мінэралах

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Украіна нібыта ўжо пагадзілася даць ЗША доступ да рэдказямельных мінэралаў на 500 мільярдаў даляраў у абмен на ваенную дапамогу.

Аднак у суботу агенцтва France-Presse са спасылкай на крыніцу ва ўкраінскім кіраўніцтве паведаміла, што прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пакуль не гатовы падпісаць пагадненьне з ЗША па здабычы карысных выкапняў.

Дэталі меркаванага пагадненьня ў асноўным раскрываюцца ў выцеках у заходніх СМІ, якія ў суботу выдалі адразу некалькі публікацый аб будучай угодзе.

Газэта The New York Times, у прыватнасьці, напісала, што Украіна атрымала ад Злучаных Штатаў новы варыянт пагадненьня, але некаторыя ўмовы ў ім нават больш жорсткія, чым у папярэднім варыянце. Новыя ўмовы патрабуюць ад Украіны адмовіцца ад паловы сваіх даходаў ад прыродных рэсурсаў, уключна з карыснымі выкапнямі, газам і нафтай, а таксама ад даходаў ад партоў і іншай інфраструктуры. Гэтае патрабаваньне было таксама ў папярэдняй вэрсіі ўгоды, аб якой стала вядома 14 лютага.

У новым дакумэнце гаворыцца, што даходы ад рэсурсаў Украіны будуць накіроўвацца ў фонд, у якім Злучаным Штатам будзе належаць 100-працэнтная фінансавая доля, а Украіна будзе ўносіць свой уклад у гэты фонд да таго часу, пакуль ён не дасягне 500 мільярдаў. Менавіта такую суму прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп запатрабаваў ад Кіева.

Таксама The New York Times піша, што новы варыянт зьдзелкі па-ранейшаму не прадугледжвае якіх-небудзь канкрэтных забавязаньняў з боку ЗША па гарантыях бясьпекі для Украіны і падтрымкі яе далейшых намаганьняў у супрацьстаяньні расейскаму ваеннаму ўварваньню. У праекце адначасова згадана, што Злучаныя Штаты маюць намер надаць доўгатэрміновыя фінансавыя абавязацельствы, каб дапамагчы Ўкраіне разьвівацца эканамічна.

  • 15 лютага палітычны аглядальнік The Washington Post Джош Роджын са спасылкай на амэрыканскіх кангрэсмэнаў, якія ўдзельнічалі ў Мюнхэнскай канфэрэнцыі, паведаміў, што Ўладзімір Зяленскі адмовіўся ад прапановы дэлегацыі ЗША падпісаць мэмарандум, паводле якога Штаты атрымаюць 50% усіх будучых запасаў карысных выкапняў Украіны. Пазьней журналіст удакладніў, што Украіна нібыта не падпісала гэтую дамову, таму што «не атрымала ніякіх гарантый бясьпекі ў абмен на доступ да рэсурсаў».
  • Зяленскі ўдакладніў, што пагадненьне не было падпісана празь «юрыдычныя праблемы». «Пытаньне ня толькі ў тым, каб забраць рэсурсы, пытаньне ў тым, што ты ўкладаеш – каб з гэтага рэсурсу нешта выйшла». Мы не сыравінная краіна. «Гэты момант, што мы не сыравінная краіна, павінен быць дакладна адлюстраваны ў дакумэнце», – растлумачыў Зяленскі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG