Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве здымаюць мастацкі фільм паводле гісторыі каханьня беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша


Кацярына Андрэева і Ігар Ільляш, архіўнае фота
Кацярына Андрэева і Ігар Ільляш, архіўнае фота

«8 гадоў 3 месяцы» – так папярэдне называецца поўнамэтражны фільм беларуска-польскай рэжысэркі Мары Тамковіч.

Сюжэт натхнёны гісторыяй каханьня Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша. «Ды ўсё ж такі гэта будзе мастацкая карціна», – адзначае аўтарка, падкрэсьліваючы, што яе мэтай не было стварэньне біяграфічнага фільма.

Як паведаміла Мара Тамковіч Reform.by, ідзе ўжо трэці дзень здымачнага працэсу, учора здымалі сцэны, зьвязаныя з затрыманьнем галоўнай гераіні.

Мара Тамковіч вядомая беларускаму і польскаму гледачу сваёй кароткамэтражнай стужкай «У жывым эфіры» («Na žywo / Live»), створанай па матывах гісторыі затрыманьня Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай падчас стрыму з Польшчы Перамен. Фільм неаднаразова быў адзначаны на польскіх і міжнародных кінафэстывалях.

«Так, можна сказаць, што поўны мэтар, над якім мы зараз працуем, вырас з «Na žywo», – распавядае Мара гісторыю новага праекту. – Гэта фільм – наступны крок асэнсаваньня тэмы. Але я хачу падкрэсьліць, што гэта будзе зусім іншая карціна, хоць тыя падзеі, якія паказваюцца ў «Na žywo», таксама будуць прысутнічаць у стужцы як адзін з эпізодаў. Тое, што мы робім – гэта ўсе ж мастацкае кіно, якое існуе па сваіх законах. То бок з рэальнай гісторыі «вырастае» мастацкі аповед, які аддзяляецца ад рэчаінасці».

Як кажа Мара Тамковіч, «8 гадоў 3 месяцы» ў адрозьненьне ад «Na žywo» канцэнтруецца на тэме каханьня. Галоўныя героі фільма – гэта журналісты Лена і Ільля. Яны праходзяць праз пратэсты і наступствы гэтых пратэстаў. І ў жудасных умовах намагаюцца захаваць сябе як пару, сям’ю.

Галоўную ролю ў карціне будзе выконваць Аляксандра Вайцэховіч – тая ж акторка, якая здымалася ў «Na žywo». Галоўную мужчынскую ролю ў стужцы будзе іграць літоўскі актор.

Новы праект беларускай рэжысэркі прафінансаваў Польскі Інстытут кінамастацтва. Бюджэт фільма – 1 мільён злотых. Усе здымкі будуць весьціся ў Варшаве.

  • Мара Тамковіч нарадзілася ў Менску. Навучалася ў Studio Prób у Школе Вайды, журналістыцы ў Варшаўскім унівэрсытэце і рэжысуры ў Варшаўскай кінашколе. Гэта ўжо шостая карціна беларуска-польскай аўтаркі. Яе праца «Дачка» перамагла ў Нацыянальным конкурсе на Менскім Міжнародным кінафэстывалі «Лістапад» у 2018 годзе. «У жывым эфіры», які Мара Тамковіч зрабіла на Студыі Вайды (Wajda Studio), за мінулы год узяў некалькі ўзнагарод на польскіх і міжнародных кінафэстывалях.
  • Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Ігар Ільляш – журналісты телеканалу «Белсат», сямейная пара. У 2021 годзе Кацярына атрымала 2 гады за стрым з Плошчы перамен у Менску. У зьняволеньні ёй выставіі новае абвінавачаваньне ў здрадзе дзяржаве і прысудзілі яшчэ 8 гадоў і 3 месяца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG