Асуджаная больш як на 8 гадоў калёніі журналістка Кацярына Андрэева адчувае «велізарную фізычную і маральную стомленасьць». Пра гэта яна напісала ў адным з апошніх лістоў на волю, паведамляе БАЖ.
Служба маніторынгу БАЖ зьвязалася зь Ігарам Ільяшом, мужам Кацярыны Андрэевай, каб даведацца апошнія навіны ад палітзьняволенай, пакаранай за прафэсійную дзейнасьць. Цяпер яна адбывае прысуджаныя 8 гадоў і 3 месяцы ў папраўчай калёніі № 4 Гомля — ва ўмовах узмоцненага рэжыму:
«Каця знаходзіцца за кратамі ўжо амаль 2 гады і 4 месяцы. За гэты час у яе прыкметна пагоршыўся зрок — амаль непазьбежная праблема для тых, хто працяглы час знаходзіцца ў зьняволеньні. Акрамя таго, адчувае велізарную фізычную і маральную стомленасьць. „Я ў рэжыме аўтапілёта“, — так акрэсьлівае яна свой фізычны і псыхалягічны стан», — расказаў Ігар Ільяш.
Ён дадае, што апошні раз бачыўся з жонкай летась у верасьні ў сьледчым ізалятары — яшчэ да этапавання ў гомельскую калёнію. Гэта было стандартнае бескантактнае кароткатэрміновае спатканьне праз шкло і тэлефон.
Як і большасьць зьняволеных, у калёніі Кацярына Андрэева працуе на швейнай вытворчасьці. Тыдзень у першую зьмену, тыдзень — у другую. Акрамя ўсяго, трэба прыбірацца ў памяшканьнях, мыць падлогу, чысьціць сьнег, перабіраць бульбу і іншае.
Паводле Ігара Ільяша, пакуль Каця была ў СІЗА, яна шмат чытала. Але ў калёніі вольнага часу вельмі мала. З апошняга прачытанага — раман Альбэра Камю «Чума». Пісала, што цяпер гэта яе любімая кніга, вельмі сугучная асабістаму светаадчуванню на гэты момант. Калі ёсьць магчымасьць і натхненьне, яна піша вершы.
Сёлета Кацярына Андрэева адзначыць сваё 30-годзьдзе. Родныя не адкідаюць надзеі, што круглую датуу яны сустрэнуць разам.
- Журналістку Кацярыну Андрэеву і відэаапэратарку Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году ў Менску падчас асьвятленьня імі мірнай вулічнай акцыі ў памяць пра забітага актывіста Рамана Бандарэнкі. Спачатку іх асудзілі на адміністрацыйны арышт, але неўзабаве справу перакваліфікавалі ў крымінальную паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
- 18 лютага 2021 году судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску Натальля Бугук падтрымала патрабаваньне прадстаўніцы пракуратуры Аліны Касьянчык і пакарала фігурантак 2 гадамі пазбаўленьня волі з накіраваньнем у папраўчую калёнію агульнага рэжыму.
- Дарʼя Чульцова цалкам адбыла прысуджаны тэрмін зьняволення і летась 3 верасьня выйшла на волю. Цяпер яна ў бясьпецы за мяжой.
- Кацярыне Андрэевай выставілі новае абвінавачаньне — «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Справу ў закрытым рэжыме пачаў разглядаць судзьдзя Гомельскага абласнога суду Алег Харошка, які ў выніку прызначыў Кацярыне Андрэевай 8 гадоў і 3 месяцы ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
- 20 верасьня Вярхоўны суд разгледзеў апэляцыйную скаргу на прысуд першай інстанцыі, але чакана пакінуў рашэньне без задавальненьня.