Ва Ўкраіне за некалькі дзён сабралі неабходную колькасьць подпісаў пад пэтыцыяй аб неабходнасьці ўзнагародзіць званьнем Героя Ўкраіны і Зоркай Героя грамадзяніна Беларусі Данііла Ляшука, які загінуў 1 красавіка ля сяла Першамайскага Данецкай вобласьці.
Для таго каб прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі разгледзеў гэтую пэтыцыю, неабходна было сабраць 25 тысяч подпісаў, празь пяць дзён збор подпісаў быў завершаны. Ініцыятыву аб пасьмяротным узнагароджаньні падтрымалі 33 882 грамадзяніны Ўкраіны.
Заканадаўства Ўкраіны забараняе прысвойваць званьні і дзяржаўныя ўзнагароды асобам, якія маюць судзімасьць. Таму ініцыятары пэтыцыі зьвярнуліся да Ўладзіміра Зяленскага з просьбай унесьці неабходныя зьмены ў заканадаўства, а таксама спачатку даць пасьмяротна Даніілу Ляшуку грамадзянства Ўкраіны.
Хто такі Ляшук
Грамадзянін Беларусі Данііл Ляшук, пазыўны «Маджагед», разам зь іншымі добраахвотнікамі батальёну «Тарнада» быў асуджаны ва Ўкраіне на 10 гадоў пазбаўленьня волі за авалоданьне чужой маёмасьцю, пранікненьне ў памяшканьні і незаконнае ўтрыманьне асобаў пад вартай.
У чэрвені 2021 году суд вызваліў Данііла Ляшука, а пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ён пайшоў на фронт, уступіў у шэрагі Ўзброеных сіл Украіны і ачоліў штурмавую групу 59-й асобнай мотапяхотнай брыгады імя Якава Гандзюка апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» сухапутных войскаў.
Данііл Ляшук удзельнічаў у вызваленьні Мікалаеўскай, Херсонскай і Данецкай абласьцей.
У жніўні 2022 году ў баі каля вёскі Максімаўка Мікалаеўскай вобласьці ён атрымаў раненьні, але параненым змог узяць у палон двух расейскіх вайскоўцаў. Аднавіўшыся, ён вярнуўся на фронт.
Колькі Герояў Украіны сярод беларусаў
Першым беларусам, які ў 2017 годзе атрымаў званьне Героя Ўкраіны, стаў Міхась Жызьнеўскі, які адным зь першых загінуў у 2014 годзе ў Кіеве ў часе масавых акцыяў пратэсту.
У красавіку 2022 году званьне Героя Ўкраіны пасьмяротна прысвоілі беларускаму добраахвотніку Аляксею Скоблі, які загінуў 13 сакавіка 2022 году, прыкрываючы адыход сваіх байцоў пад Кіевам. Яго пахавалі ў Кіеве.
У лютым 2023 году ўкраінскія актывісты зарэгістравалі пэтыцыю з заклікам да прэзыдэнта Ўкраіны пасьмяротна ўзнагародзіць былога сустаршыню «Маладога фронту» і палітычнага вязьня Эдуарда Лобава, які служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе і загінуў у баі пад Вуглядарам у студзені 2023 году. Але гэтая пэтыцыя сабрала толькі 5860 з 25 тысяч неабходных подпісаў.
У ліпені 2020 году ўкраінскія актывісты ініцыявалі пэтыцыю з заклікам да Ўладзіміра Зяленскага пасьмяротна прысвоіць званьне Героя Ўкраіны вайскоўцу 35-й брыгады марской пяхоты, вайсковаму мэдыку беларускага паходжаньня Мікалаю Ільіну. Ён загінуў 13 ліпеня ў выніку абстрэлу пад Зайцавам Данецкай вобласьці. Аднак пэтыцыя не набрала неабходнай для перадачы яе на разгляд прэзыдэнта Ўкраіны колькасьці подпісаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.