Фінляндыя 4 красавіка афіцыйна стала сябрам NATO, яна заняла сваё месца ў шэрагах найбуйнейшага ў сьвеце альянсу бясьпекі. Расея ўжо папярэдзіла, што ўзмоцніць сваю абарону каля сумеснай мяжы, калі NATO разьмесціць дадатковыя войскі або абсталяваньне ў 31-й краіне альянсу.
Міністар замежных спраў Фінляндыі падпісаў дакумэнт аб уступленьні краіны ў NATO.
Фота з подпісам Пэка Хаавіста публікуе тэлерадыёкампанія Yle. Кіраўнік МЗС Фінляндыі назваў гэты момант «гістарычным». Паводле яго, прыкладна ў гэты ж час Турэччына перадае рашэньне аб ратыфікацыі сяброўства Фінляндыі ў NATO дзяржсакратару ЗША.
Кіраўнік фінскага Мінабароны Анці Кайканен паведаміў, што сяброўства краіны ў альянсе — гэта абарончае рашэньне.
«Ня выключана, што Расея неяк адрэагуе на наша сяброўства ў NATO ў найбліжэйшы час. Але я думаю, што ў Расеі няма прычын для турботы, таму што, я хачу яшчэ раз падкрэсьліць, рашэньне ўступіць у альянс прадыктавана выключна абарончымі меркаваньнямі», — адзначыў ён.
Сіне-белы сьцяг Фінляндыі падымуць сярод сьцягоў яе партнэраў каля штаб-кватэры NATO ў Брусэлі. Цырымонія прыпадае на дзень нараджэньня NATO, 74-ю гадавіну падпісаньня яе ўстаноўчай Вашынгтонскай дамовы 4 красавіка 1949 году.
Генэральны сакратар NATO: «Пуцін рыхтуецца да працягу вайны»
«Мы ня можам дазволіць Расеі і далей падрываць эўрапейскую бясьпеку», — заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі 4 красавіка. «Няма ніякіх прыкмет таго, што Пуцін рыхтуецца да міру. Ён рыхтуецца да працягу вайны», — сказаў генэральны сакратар NATO.
Міністры замежных спраў краін NATO сабраліся ў Бруселі 4 красавіка, каб абмеркаваць магчымасьці «ўзмацненьня падтрымкі, у тым ліку праз далейшае ўмацаваньне ўзброеных сіл Украіны», паведаміў Столтэнбэрг.
«Наша падтрымка разьлічана на доўгатэрміновую перспэктыву», — рэзюмаваў ён.
Крызіс NATO ў апошнія гады
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у 2019 годзе заяўляў, што NATO перажывае «сьмерць мозгу» пасьля таго, як альянс ня змог адказаць на аднабаковае ўварваньне Турэччыны ў паўночна-ўсходнюю Сырыю.
Але «паўторнае ўварваньне прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ва Ўкраіну стала падсілкоўваньнем для аднаўленьня адзінства альянсу і яго прыхільнасьці да супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі, урэгуляваньня крызісаў і калектыўнай абароны», — напісаў генэрал у адстаўцы Філіп Брыдлаў, які раней узначальваў Эўрапэйскае камандаваньне ЗША.
Шлях Фінляндыі ў NATO
- Фінляндыя стала чальцом NATO ў 74-ю гадавіну ўтварэньня альянсу. 4 красавіка 1949 году Бэльгія, Вялікая Брытанія, Нідэрлянды, Данія, ЗША, Ісьляндыя, Італія, Канада, Люксэмбург, Нарвэгія, Партугалія і Францыя ў Вашынгтоне падпісалі Паўночнаатлянтычную дамову, якая паклала пачатак NATO.
- Уварваньне Расеі ва Ўкраіну ў лютым мінулага году стымулявала падачу Фінляндыяй і Швэцыяй заявак на ўступленьне ў NATO. Фінляндыя мае 1300 км мяжы з Расеяй.
- Такім чынам, мяжа NATO з Расеяй павялічыцца прыкладна ўдвая, і гэты крок пацягнуў за сабой абяцаньне Масквы ўзмацніць свае войскі ў прымежных рэгіёнах.
- Апошняя перашкода на шляху да сяброўства Фінляндыі ў NATO была зьліквідаваная на мінулым тыдні, калі парлямэнт Турэччыны прагаласаваў за ратыфікацыю заяўкі Хэльсынкі, але пры гэтым не падтрымаў заяўку Швэцыі.