Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар NATO заявіў аб падрыхтоўцы новага наступу Расеі і паабяцаў дапамагаць Украіне да перамогі


Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг

Енс Столтэнберг лічыць, што Расея рыхтуе новую хвалю наступу на Ўкраіну, а таксама заклікае не недаацэньваць уплыву мабілізацыі, якая праводзіцца ў РФ.

Аб гэтым ён заявіў у інтэрвію каналу BBC Radio 4.

Енс Столтэнберг падкрэсьліў, што цяпер Украіна мае перавагу на полі бою і нагадаў, што гэта працягваецца ўжо дастаткова доўга. Аднак ён лічыць, што Ўкраіна яшчэ не адчула ўсе наступствы так званай «частковай мабілізацыі», якая праходзіла ў Расеі ўвосень.

«Украінскія сілы прасоўваліся на працягу некалькіх месяцаў, але мы таксама ведаем, што Расея мабілізавала значна больш сіл (чым задзейнічала на полі бою), многія зь іх цяпер праходзяць навучаньне», – заявіў генэральны сакратар.

Дадзеныя, якія мае NATO, на думку сакратарыята Альянсу, сьведчаць аб тым, што Расея «гатовая працягваць вайну і мае намер патэнцыйна пачаць новы наступ».

Столтэнберг падкрэсьліў, што Ўкраіна мае патрэбу ў захаваньні і працягу падтрымкі з боку заходняга сьвету, у тым ліку ў пастаўках зброі. Таксама донары Ўкраіны павінны быць гатовыя да таго, што гэтая падтрымка працягнецца доўга. Генэральны сакратар NATO перакананы, што такая гатоўнасьць ёсьць.

«Мы будзем дапамагаць вам да самай перамогі», – запэўніў ён Украіну.

Столтэнберг таксама перакананы, што вайна завершыцца перамовамі з Расеяй, але важна стварыць добрыя ўмовы для пачатку перамоваў. «Тое, чаго Ўкраіна можа дасягнуць за гэтым сталом, цалкам залежыць ад сілы на полі бою», – заявіў ён.

Раней генэральны сакратар NATO называў пастаўкі зброі Ўкраіне найкарацейшым шляхам да міру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG