Adelaide Writer’s Week — так называецца літаратурны фэст у Паўднёвай Аўстраліі, у якім упершыню ўдзельнічалі беларускія пісьменьнікі. Пагаворым пра яго з паэткай і перакладніцай Юляй Цімафеевай, якая разам з Альгердам Бахарэвічам цягам шасьці сакавіцкіх дзён далучала аўстралійскіх чытачоў да беларускай літаратуры.
— Adelaide Writer’s Week — гэта адзін з найбуйнейшых літаратурных фэстываляў паўднёвага паўшар’я, — расказвае Юлія Цімафеева. — Ён праходзіць у межах Adelaide Festival, які, акрамя літаратуры, уключае ў сябе таксама багатую тэатральную, мастацкую ды музычную праграму і праводзіцца ў аўстралійскай Адэлаідзе з 1960 году.
На ў асноўным бясплатныя мерапрыемствы Пісьменьніцкага тыдня, якія адбываюцца ў парку Pioneer Womenʼs Memorial Garden, пад адкрытым небам зьбіраюцца ад некалькіх сотняў да некалькіх тысяч чалавек. Сакавіцкае сонца, а ў Аўстраліі гэта самы пачатак лагоднай восені, прыпякае ўжо значна менш, часам нават бываюць дажджы. Тады на сцэне даводзіцца сядзець пад парасонамі, як гэта здарылася аднойчы падчас Альгердавага выступу. Але мясцовую заангажаваную публіку капрызы надвор’я не пужаюць.
Большасьць удзельнікаў Adelaide Writerʼs Week, а гэта каля 180 чалавек, — прадстаўнікі ангельскамоўнага літаратурнага сьвету: брытанцы, амэрыканцы, ірляндцы і, натуральна, аўстралійцы. Сёлета на фэстываль была запрошаная група палестынскіх пісьменьнікаў. Зь беларусаў, акрамя нас з Альгердам, выступала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, праўда, онлайн. Яшчэ адзін нобэлеўскі ляўрэат і часты госьць фэстывалю — пісьменьнік Джон Максвэл Кутсіэ, ён ужо досыць даўно выкладае ва Ўнівэрсытэце Адэлаіды. Вялікую цікавасьць таксама прыцягнулі выступы брытанскіх драматургаў (онлайн) Тома Стопарда і Дэйвіда Гэра, брытанскага прыдворнага паэта (паэта-ляўрэата) Саймана Армітыджа. Праграма тыдня была вельмі насычаная. Імпрэзы праходзілі адразу на чатырох сцэнах у розных кутках парку.
Гэта былі ня проста чытаньні паэзіі ці прозы. У кожнай імпрэзы былі свой мадэратар ці мадэратарка, якія пытаньнямі да аўтараў і аўтарак упісвалі кнігу ў кантэкст, ператваралі прэзэнтацыю ў цікавую і насычаную гутарку. Было на фэстывалі і даволі шмат літаратурных і вострых палітычных дыскусій. Адным са сьпікераў нават выступіў сам прэм’ер-міністар Паўднёвай Аўстраліі.
— Дзякуючы чаму і каму вы трапілі ў далёкую Адэлаіду на Міжнародны пісьменьніцкі тыдзень?
— Запрашэньне на гэты фэстываль мы атрымалі яшчэ мінулым летам, калі ў тэатральную частку Адэлаідзкага фэстывалю ўключылі спэктакль Свабоднага тэатру «Сабакі Эўропы», пастаўлены паводле аднайменнага рамана Альгерда Бахарэвіча. Спэктакль ужо быў паказаны на многіх вядомых пляцоўках: у Лёндане, Парыжы, Люксэмбургу. Пасьля Аўстраліі трупа выправілася ў Бэрлін...Але, безумоўна, ня толькі тэатральная пастаноўка стала нагодай для запрашэньня, але і выхад у ЗША перакладу Альгердавай кнігі «Дзеці Аліндаркі» і майго зборніка «Motherfield». Гэтыя кнігі былі даступныя для продажу на пляцоўцы фэстывалю, а таксама прадаваліся ў кнігарнях Адэлаіды.
«Пачула шмат добрых водгукаў як на вершы, так і на музычнасьць беларускай мовы»
— Ну і цяпер пытаньні пра ваш непасрэдны ўдзел у фэсьце. Як гэта было? Калектыўныя выступы? Творчыя сустрэчы? Дыскусіі і абмеркаваньні вашых твораў?
— Падчас фэстывалю я брала ўдзел у трох імпрэзах. Адна зь іх — гэта гутарка пра маю кнігу «Motherfield», паэтычны зборнік, у які таксама ўключаныя ўрыўкі зь «Менскага дзёньніка». Кнігу ў ангельскім перакладзе Вальжыны Морт і Ханіфа Абдуракіба выдала летась тэхаскае выдавецтва Deep Vellum.
З мадэратаркай маёй імпрэзы, аўстралійскай паэткай Джыл Джонс, мы дамовіліся, што я буду чытаць вершы ў арыгінале і перакладзе. Мне вельмі хацелася, каб беларуская мова прагучала ў Аўстраліі для такой шырокай аўдыторыі. Але і галоўнай тэмай нашай з Джыл гутаркі была менавіта мова: беларуская мова (і культура) і яе становішча ў дзяржаве, мова як абмежаваньне і мова як вызваленьне, шматмоўнасьць і моналінгвізм, пераклад як неабходнасьць і як частка ідэнтычнасьці, праца над перакладам гэтай канкрэтнай кнігі, пісаньне на замежнай мове і г. д.
Пасьля імпрэзы я пачула вельмі шмат добрых водгукаў — як на гутарку і вершы, так і на музычнасьць беларускай мовы. Падчас аўтограф-сэсіі адна дзяўчына нават выказала жаданьне вывучаць беларускую мову.
Агулам жа аўстралійскія чытачы і слухачы вельмі моцна зьдзівілі сваёй адкрытасьцю, добразычлівасьцю і ўпэўненасьцю, што іхная думка важная для аўтаркі ці аўтара. Бывала такое, што людзі на вуліцах Адэлаіды спынялі нас з Альгердам, каб сказаць, як ім спадабаўся спэктакль або як уразіла дыскусія. Гэта, вядома, досыць дзіўна для нас. Беларуская публіка, і нават нямецкая ці аўстрыйская, зусім іншая.
Аўстралійскае грамадзтва працуе над наступствамі каляніялізму
Яшчэ адна імпрэза, у якой я брала ўдзел, была прысьвечаная жыцьцю і пісаньню ў выгнаньні. Гэта была ў большай ступені палітычная размова з двума палестынскімі паэтамі і паэткай з карэннага народу Аўстраліі.Дарэчы, аўстралійскі каляніялізм і яго наступствы — адна з важных тэмаў, зь якімі цяпер «працуе» аўстралійскае грамадзтва. Да прыкладу, падчас фэстывалю на пачатку кожнай публічнай гутаркі, кожнага спэктаклю ці канцэрту вядоўцы зачытвалі тэкст, у якім выказвалася павага да старэйшын мінулага і сучаснасьці і прызнавалася, што традыцыйнымі насельнікамі адэлаідзкіх раўнін быў і ёсьць народ гана.
Яшчэ адна імпрэза, у якой я мела гонар браць удзел, была прысьвечаная згаданаму мной паэту-ляўрэату Сайману Армітыджу. Паводле задумы арганізатараў, паэткі і вядомыя ў Аўстраліі акторы мусілі чытаць ягоныя вершы ўголас. Я, адзіная зь іх, чыя родная мова не ангельская, чытала верш «Resistance» пра вайну ва Ўкраіне, напісаны паэтам летась.Альгерд браў удзел у дзьвюх фэстывальных гутарках. Адна была пра ягоную творчасьць, пра раман і спэктакль «Сабакі Эўропы». Другая ж, пры ўдзеле вядомай дасьледчыцы Шэйлы Фіцпатрык, была прысьвечаная абмеркаваньню Расеі, яе мінуўшчыны і сучаснасьці, але, вядома, і Беларусі, і Ўкраіны. Мне здаецца, Альгерду ўдалося прамовіць вельмі важныя рэчы пра нашага імпэрскага суседа, рэчы, якія вельмі часта на Захадзе ня хочуць чуць і прызнаваць. Нават знаныя дасьледчыцы.
Першым быў Алесь Салавей
— Калісьці ў Аўстраліі была вялікая беларуская дыяспара, а як становішча выглядае сёньня? Ці сустрэлі вы там сярод прыхільнікаў вашай творчасьці беларусаў?
— Яшчэ толькі плянуючы паездку ў Аўстралію, мы з Альгердам атрымалі запрашэньне сустрэцца з суполкай беларусаў Паўднёвай Аўстраліі. На жаль, беларуская дыяспара, асабліва яе актыўная частка, там досыць невялікая. Гэта ў асноўным людзі, якія пераехалі ў 1990-я і 2000-я. Як і многія нашы дыяспары, актыўную дзейнасьць яе прадстаўнікі распачалі напярэдадні выбараў 2020 году.Сустрэча з суполкай праходзіла ў памяшканьні пры Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве Сьв. апосталаў Пятра і Паўла ў Адэлаідзе. Па сьмерці беларускага сьвятара на службу ў царкву быў запрошаны ўкраінец, айцец Яўген. Службы ў царкве праходзяць па-ўкраінску, а парафіяне — гэта беларусы і ўкраінцы Адэлаіды ды ваколіц. Яны і былі нашай асноўнай аўдыторыяй, перад якой мы, безумоўна, выступалі па-беларуску. Пазьней некаторыя зь іх былі на паказе «Сабак Эўропы» і прыходзілі на нашыя фэстывальныя імпрэзы.
Таксама дзякуючы новым знаёмствам нам удалося выехаць за горад і крыху павандраваць па напраўду нязвыклых для беларускага вока прасторах.
— А ці ведалі вы, што першым зь беларускіх паэтаў, хто ступіў на аўстралійскую зямлю, быў Алесь Салавей? У 1949-м ён разам з сям’ёй пасяліўся ў Адэлаідзе, а ўжо ў лютым 1950-га стаў адным з заснавальнікаў суполкі тамтэйшых беларусаў. Ці засталіся ў Адэлаідзе нейкія згадкі пра тую першую беларускую суполку і паэта Алеся Салаўкя? Ці ёсьць пераемнасьць паміж прадстаўнікамі той эміграцыі і цяперашняй?
— На жаль, нямногія беларускія дыяспары могуць пахваліцца пераемнасьцю пакаленьняў. Кажу гэта са свайго досьведу выступаў перад беларускімі дыяспарамі ў многіх краінах і гарадах. Але я ўпэўненая, яны працуюць над гэтым. А беларусам Аўстраліі я дашлю спасылку на кнігу Алеся Салаўя.
«Цяжка сказаць, што для мяне цяпер дом»
— Вяртаньне, як вядома, — прыз усялякай вандроўкі. Вы вярнуліся з Аўстраліі. Але не дадому. У Эўропу. Гэтым разам у Швайцарыю. А перад тым былі іншыя гарады і краіны. Што для вас цяпер дом? Ці ёсьць увогуле патрэба ў сталым месцы, дзе можна і хочацца віць гняздо?
— Так, гэта праўда. Мы з Альгердам вярнуліся ў Эўропу, але гэта і ёсьць наш дом. Хіба Беларусь не Эўропа? Мы пажылі ў некалькіх эўрапейскіх краінах, у многіх выступалі. І для мяне відавочна, што Беларусь — гэта вельмі нават нармальная Эўропа, у якой, праўда, ёсьць сур’ёзныя праблемы. Але гэта праблемы эўрапейскай краіны.
Мне цяжка сказаць, што для мяне цяпер дом. Я заўважаю, што навучылася вельмі хутка адаптоўвацца да новых пакояў, кватэраў і новых гарадоў, нават да новых краін. Мяне дратуе тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, але я вельмі хацела б аднойчы вярнуцца і, скарыстаўшы той досьвед, што назапасіла, працаваць на радзіме. А пакуль даводзіцца прывыкаць пакаваць сваё жыцьцё ў чамаданы і скрынкі ды рухацца наперад, назад, па коле...