Беларускія пісьменьнікі расказалі Свабодзе, ці можна пісаць вершы падчас вайны.
Ужо другі год запар паэтычны фэстываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова адбываецца ў Вільні, а не ў Беларусі. Сёлета ён заняў тры дні. На адкрыцьці літаратары назвалі новага ляўрэата — Юрася Пацюпу.
Сам Пацюпа прыехаць на фэст ня змог. Большая частка падзей, якія адбываліся на фэстывалі, прайшла ў клюбе «Павільёнас», дзе апошнія гады рэгулярна адбываюцца беларускія імпрэзы. Публікі было шмат, некаторыя з удзельнікаў нават прызналіся, што яе больш, чым магло б быць у Беларусі.
Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч кажа, што гэта і сумна, і адначасова радасна.
«Фэстываль мог увогуле не адбыцца, — гаворыць Хадановіч. — У часы карных апэрацый супраць культуры фэстываль усё такі ёсьць. Таму як для мяне, то гэта напалову поўная шклянка. У мяне ўчора пыталіся, ці час увогуле на паэзію ў такую пару. Мне здаецца, што так. Бо тыя, хто зьнішчае культуру, хто гадамі пасьпяхова ствараў чорныя сьпісы, націскаў на пэдалі цэнзуры, з палёгкай уздыхнулі б і радасна пацерлі б ручкі, каб і зь незалежнай культурай нічога не адбывалася. Гэта адна зь іхных мэтаў — прымусіць нас маўчаць. Таму мусіць гучаць паэзія».
Андрэй Хадановіч кажа, што падчас вайны музы часта зрываюцца на крык, аднак паэзія ў любым выпадку — цеплыня, тэрапія, прамяні падтрымкі, выспа нармальнасьці ў акіяне паталёгій, у якім цяпер жыве грамадзтва. Хадановіч перакананы, што паэзія бачыць у чалавеку чалавека, і гэта вельмі важна ў часы ідэалёгій, якія спрабуюць схаваць твар асобы.
«Паэзія ўпарта працягвае гаварыць пра любоў у часы, калі само гэтае слова робіцца нямодным, — кажа Хадановіч. — Можна нават сказаць, непрыстойным. Мне ў апошнія гады двойчы адымалася мова. Першы раз пасьля пачатку рэпрэсій летам 2020-га. Ні радочка не напісаў увосень. Калі не лічыць песенькі пратэстаў, якія я перакладаў з моваў розных культур і сьпяваў на дваровых канцэртах. Нічога больш сур’ёзнага не пісалася. Хаця, магчыма, тыя песенькі тады і было самым сур’ёзным з усяго, што было патрэбна».
Паэт кажа, што пісаць пасьля жніўня 2020 году пачаў толькі ў 2021-м. Гэтаму паспрыяла нейкая дыстанцыя ад падзей і яснасьць, якая дзякуючы ёй зьявілася.
Пасьля 24 лютага 2022 году Хадановіч зноў перастаў пісаць. Ён расказвае, што цяпер літаральна прымушае сябе штосьці рабіць, удзельнічаць у праектах. «Але ня можа ўвесь час балець, — гаворыць Андрэй Хадановіч. — Альбо калі ўвесь час баліць, то ты проста ўжо не зьвяртаеш на гэта ўвагу. Ня ведаеш, што можа быць інакш. Але я думаю, што вернецца стан, калі будзе хацецца пісаць па ўласнай волі. Зараз гэта дадатковы час для таго, чым я ў прынцыпе займаюся. Мае літаратурныя відэа, якія выходзяць кожны тыдзень. Такі мой адказ на разгром адукацыі ў Беларусі. А другое — я перакладаю ўкраінскую паэзію. Сачу, што пісалася і пішацца на фронце, у эвакуацыі, падчас паветранай трывогі і ў стваральнай працы на злосьць вайне».
«Мы начапілі на сябе жоўтыя біркі тут, каб іх на нас не начапіў ГУБАЗіК у Беларусі»
Адной з прыкметаў фэстывалю сталі жоўтыя пазнакі, якімі сябе абазначылі некаторыя з удзельнікаў і ўдзельніц, якія прыехалі на імпрэзу зь Беларусі. На адкрыцьці арганізатары прасілі журналістаў па магчымасьці не здымаць і не цытаваць гэтых удзельнікаў. Адзін з іх са сцэны паведаміў, што «жоўтыя біркі мы начапілі на сябе тут, каб іх на нас не начапіў ГУБАЗіК у Беларусі».
«Мы зараз ужо сапраўды не пасьпяваем сачыць, каму бясьпечна даваць інтэрвію, ня ведаем, ці бясьпечна зьяўляцца на фатаздымках, — на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе адзін з удзельнікаў фэстывалю, які прыехаў зь Беларусі. — Магчыма, сёньня гэта бясьпечна, а праз два тыдні сытуацыя зьменіцца. Таму мы пазначаем сябе такімі жоўтымі меткамі. Каб журналісты разумелі, што публікацыя з нашым удзелам можа нам моцна нашкодзіць».
Суразмоўца дадае, што быць беларускім пісьменьнікам сёньня ў Беларусі складана, але магчыма. Людзі сустракаюцца, працягваюць займацца творчасьцю.
«Вы зараз размаўляеце з аўтарам, які і ў Беларусі не маўчыць, — гаворыць суразмоўца. — Але я стараюся не парушаць нейкіх чырвоных межаў. Мы ня ведаем, што будзе праз два месяцы, што яшчэ можа быць крыміналізаванае. Вось вы зараз тут паслухалі вершы паэта Ўладзіслава Шлегеля, які пісаў іх у гета і які ня выжыў. Але засталіся ягоныя гэтыя вершы. Для ўсіх нас такая сытуацыя цяпер. Калі ты павінен гаварыць, але ты не павінен гаварыць. Зразумець гэты выбар, гэтую драму можна, вывучаючы лёс тых, хто перажываў акупацыю, лягеры».
У Беларусі па-ранейшаму ёсьць літаратура, кажа суразмоўца. Па яго словах, людзі здолелі прыстасавацца і разумеюць, як можна правесьці імпрэзу так, каб гэтым нікому не нашкодзіць. Гэта таксама стала своеасаблівым мастацтвам партызанства.
«Зараз беларуская літаратура жыве. Але што будзе празь пяць гадоў, я вам не скажу»
Як і большасьць удзельнікаў фэстывалю, Альгерд Бахарэвіч жыве не ў Беларусі. Ён выехаў з краіны ўвосень 2020 году. Бахарэвіч кажа, што пісьменьніку жыць за мяжой прасьцей, чым чалавеку іншых прафэсій.
«У нас з Юліяй Цімафеевай (паэтка і перакладніца, жонка Альгерда Бахарэвіча. — РС) яшчэ да 2020 году было шмат кантактаў за мяжой, давялося іх аднавіць. Я не магу сказаць, што ад’езд зь Беларусі неяк моцна нэгатыўна паўплываў на творчасьць. Я заўсёды кажу, што радзіма пісьменьніка — гэта ягоная мова. Гэта культура, гэта літаратура. Калі ты пісьменьнік, то можна пісаць і за мяжой. Натуральна, зьмяніліся тэмы. Але самае кепскае, што ты ў такіх умовах страчваеш уласьцівую табе іранічнасьць. Робісься больш сур’ёзным».
Па словах Альгерда Бахарэвіча, падзеі ў Беларусі і сьвеце ня могуць не адбівацца на творчасьці. Яна становіцца больш прывязанай да бягучых падзей, больш актуальнай. З другога боку, кажа ён, у такіх умовах быць пісьменьнікам — прывілей. Бо існуе пісьменьніцкая салідарнасьць, магчымасьць паехаць на рэзыдэнцыю (творчую выправу, якую могуць аплочваць саюзы пісьменьнікаў і іншыя арганізацыі. — РС).
Пісьменьніку таксама прасьцей легалізавацца за мяжой, прасьцей знайсьці падтрымку.
«Зараз мы ўсе спрабуем захаваць беларускую літаратуру за мяжой, — кажа Альгерд. — Гэтая літаратура перамяшчаецца ў выгнаньне. Адбываецца такі працэс, калі зь Беларусі выяжджаюць ня толькі пісьменьнікі, але і іх чытачы. Я назіраю, як расьце прорва паміж намі. Паміж тымі, хто зьехаў, і хто застаўся. Цяжка прадказаць, як гэта ўсё адаб’ецца на беларускай літаратуры. Але я таксама думаю, што любому пісьменьніку варта перажыць гэты момант выгнаньня. Пажыць далёка ад Беларусі. Гэта карысна, гэта дадае досьвед. Я прагназую, што якасьць беларускай літаратуры, яе ўзровень, яе ўпісанасьць у эўрапейскі і сусьветны кантэкст — з гэтым усё будзе лепш, чым раней. Але што рабіць з тымі, хто застаецца? Я ня ведаю».
Згадвае Альгерд Бахарэвіч і пра арышты і ад’езд зь Беларусі выдаўцоў. Частка зь іх аднаўляе працу ў іншых краінах, дзе іншае заканадаўства, значна больш ляяльнае да выдаўцоў і пісьменьнікаў. На яго думку, гэта таксама глеба для разьвіцьця, магчымасьць навучыцца працаваць так, як працуюць у вольным сьвеце.
«Па маіх назіраньнях, на нашыя пісьменьніцкія імпрэзы за мяжой зараз прыходзіць больш людзей, чым прыходзіла на іх у Беларусі, — кажа Альгерд Бахарэвіч. — Кнігі выдаюць цяпер большымі накладамі, іх лягчэй знайсьці. Гісторыя ведае прыклады літаратуры ў выгнаньні. Тое самае адбылося з расейскай літаратурай пасьля 1917 году.
Калі ў Бэрліне адкрываліся расейскія эмігранцкія выдавецтвы, адкрываліся кнігарні. А зараз мы бачым, як узьнікае беларуская эмігранцкая літаратура. Але так ня можа працягвацца дзесяцігодзьдзямі. З часам людзі будуць асымілявацца. Будуць больш цікавіцца культурай і літаратурай краіны, дзе яны жывуць. Таму сёньня можна сказаць, што беларуская літаратура жыве. Але што будзе празь пяць гадоў, я вам не скажу».