Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галоўная мэта нашага пакаленьня — зрабіць сьвет справядлівым». Расказваем пра ідэалёгію ПВК «Родан» і іх уплыў у Беларусі


Удзельнікі моладзевай групы «Родан» у Санкт-Пецярбурзе. 26 лютага 2023
Удзельнікі моладзевай групы «Родан» у Санкт-Пецярбурзе. 26 лютага 2023

ПВК «Родан» — гэта зусім маладая субкультура, якая, тым ня менш, ужо «нарабіла шораху». На падлеткаў у клятчастых штанах і байках з выявай павука палююць сілавікі ў Беларусі і Расеі. Свабода расказвае, што вядома пра гэтае аб’яднаньне.

Адкуль назва?

«Геней Родан», альбо «Павукі» — гэта злачынная групоўка зь японскай анімэ Hunter x Hunter. У літаральным перакладзе зь японскага назва азначае «Брыгада прывідаў». У групу «Родан» уваходзяць 13 чалавек, якія сымбалізуюць 12 лапаў павука (у рэальнасьці ў павукоў восем канцавінаў. — РС), а таксама адну галаву.

Аснову прыхільнікаў руху складаюць падлеткі — аматары японскага анімэ. Прыстаўку ПВК («Прыватная вайсковая кампанія») дадаюць далёка ня ўсе прыхільнікі «Родана». Напрыклад, адзін з самых папулярных прадстаўнікоў субкультуры, расейскі рэпэр Shadowraze, гаворыць, што трэба пісаць «Пакаленьне», але не «ПВК».

Калі зьявіліся?

Віруснае пашырэньне субкультуры на прасторах СНД пачалося зусім нядаўна, у другой палове лютага. Ключавым момантам прыхільнікі «Родана» лічаць бойку ў гандлёвым цэнтры «Авіяпарк» у Маскве, якая адбылася 19 лютага.

Па сёньня ніхто ня можа да канца ўзнавіць храналёгію тых падзей, але выглядае, што да групы падлеткаў за іх вонкавы выгляд прычапілася іншая група падлеткаў. Пачалася бойка, у выніку якой «Павукі» змаглі даць адпор, што выклікала вялікае натхненьне ў прыхільнікаў субкультуры.

Як выглядаюць?

Абавязковым атрыбутам роданаўцаў зьяўляюцца чорная валасы, байкі з выявай павука, а таксама клятчастыя нагавіцы. Іх галоўны пасыл — не перашкаджайце нам выглядаць так, як мы хочам.

Павукі на кашулях удзельнікаў групы «Родан»
Павукі на кашулях удзельнікаў групы «Родан»

Супраць каго змагаюцца?

Сваімі галоўнымі праціўнікамі роданаўцы называюць «офнікаў». Часьцей за ўсё пад «офнікамі» маюцца на ўвазе моцныя падлеткі, які наводзяць страх на сваім раёне, школе ці іншай тэрыторыі. Іх галоўныя аргумэнты — гэта ўжываньне фізычнай сілы. Яны шукаюць любой магчымасьці, каб пабіцца.

Сярод «офнікаў» няма нейкай канкрэтнай палітычнай ідэалёгіі — гэта могуць быць і правыя, і левыя, і цалкам апалітычныя. Часта сярод іх сустракацца футбольныя фанаты, але гэта не абсалютна тоесныя паняткі. Вельмі часта прычынай сутычак «офнікаў» зь іншымі маладзёнамі зьяўляецца недастандартнае адзеньне альбо «ня тая» музыка.

Цяпер жа роданаўцы заяўляюць, што хочуць пакончыць з такімі паводзінамі «офнікаў». У якасьці сродку яны таксама выбіраюць выкарыстаньне фізычнай сілы.

Расейская паліцыя разганяе ўдзельнікаў групы «Родан» у Санкт-Пецярбурзе
Расейская паліцыя разганяе ўдзельнікаў групы «Родан» у Санкт-Пецярбурзе

Дзе зьбіраюцца?

Прыхільнікі «Родана», як і прадстаўнікі іншых моладзевых субкультур, часьцей за ўсё зьбіраюцца на фудкортах вялікіх гандлёвых цэнтраў. Там адбываюцца канфлікты і сутычкі зь іншымі субкультурамі. Менавіта зьбірацца ў гандлёвых цэнтрах і арганізоўваць бойкі з «офнікамі» заклікалі «павучыныя» суполкі як у Беларусі, так і ў Расеі з Украінай.

Падчас сутычак актывістаў руху «Родан» у расейскім Санкт-Пецярбурзе. 26 лютага 2023
Падчас сутычак актывістаў руху «Родан» у расейскім Санкт-Пецярбурзе. 26 лютага 2023

Што ў Беларусі?

Рух ПВК «Родан» у Беларусі ніяк не аддзяляе сябе ад падобнага ў Расеі. Наадварот, у суполцы «Родан Беларусь» у Telegram падкрэсьліваецца, што прыхільнікі руху не прыкрываюцца сьцягамі, і там ёсьць прыклад з закрэсьленымі і чырвона-зялёным, і бел-чырвона-белым сьцягамі. Тым ня менш беларускія роданаўцы карыстаюцца расейскімі стыкерпакамі, дзе ёсьць выявы са сьцягам Расеі.

Сама суполка «Родан Беларусь» налічвае каля 400 чалавек. Канал «Пакаленьне „Родан“ Менск» існуе ад 23 лютага, на яго падпісана каля 300 чалавек. Адміністратар канала сфармуляваў ідэалёгію суполкі.

«У IRL (офлайн, па-за інтэрнэтам. — РС) мы зьявіліся пасьля сутычкі нефараў (нефармалаў. — РС) і „офнікаў“ неславянскай прыналежнасьці ў маскоўскім ГЦ „Авіяпарк“. Там нашы далі адпор, мы імі натхніліся, менавіта таму нас так моцна „форсяць“. Ад таго, што людзі, якія дакалябаліся да нашых, былі не расейскай прыналежнасьці, пайшлі чуткі, што мы б’ём нярускіх. Не. Мы ўвогуле нікога ня б’ём, калі да нас не дакалёбваюцца. Галоўная мэта нашага пакаленьня — зрабіць сьвет справядлівым, навучыць людзей даваць адпор тым, хто без прычыны чапае бязьвінных. Больш нічога», — напісана ў канале.

Трыма галоўнымі правіламі «Родана», паводле гэтага каналу, зьяўляецца «Ня вер, ня бойся, не прасі». Таксама заснавальнік каналу называе «бацькам» руху вядомага расейскага нэанацыста Максіма Марцінкевіча «Цесака», які быў вядомы сваім нэгатыўным стаўленьнем да каўказцаў і азіятаў, удзельнічаў у іх пабіцьці.

Якія актыўнасьці адбываюцца?

28 лютага сілавікі затрымалі ў гомельскім ТЦ «Сакрэт» звыш 200 чалавек, абсалютная большасьць зь іх былі непаўналетнія. Сілавікі абяцаюць завесьці крымінальныя і адміністрацыйныя справы на арганізатараў сустрэчы.

«Не сакрэт, што ў інтэрнэт-суполках працуюць псыхолягі, апрацоўваюць моладзь, і яны ўзьнікаюць у патрэбны час у вызначаным месцы натоўпам. Такім чынам, многія гады дзеці і падлеткі ўцягваюцца ў інфармацыйны вір заўзятай прапаганды празаходняй ідэалёгіі», — напісаў тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў.

У падобных тэлеграм-каналах таксама зьявілася «пакаяльнае» відэа з папулярнай тык-ток-блогеркай Ксеніяй Марук, якая мае 500 тысяч падпісантаў. Апошнім часам Марук прыцягвала ўвагу да тэмы «Родан», у відэа ж яна заклікае не рэклямаваць гэтую субкультуру.

Многія расейскія афіцыйныя асобы, як старшыня Лігі бясьпечнага інтэрнэту Кацярына Мізуліна, зьвязваюць роданаўцаў з заходнім сьветам, а вось некаторыя ўкраінскія СМІ, наадварот, пішуць, што гэта расейскі сродак уплыву, каб дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне.

Салаўёў і беларускі сьлед

Расейскі прапагандыст Уладзімер Салаўёў у сваім эфіры стаў гаварыць, што тэма занадта надзьмутая і пераацэненая. Ён лічыць, што падлеткі-субкультурнікі не нясуць ніякай пагрозы для расейскай нацыянальнай бясьпекі. У якасьці прыкладу ён паказаў некалькіх чалавек, якія стаяць за найбольшымі суполкамі «Родан» «ВКонтакте». Паводле Салаўёва, за адзін з чатаў адказвае мянчук «Лёша Акумаў». Свабода напісала хлопцу з просьбай аб камэнтары, але ён не адказаў.

Пра што перапісваюцца?

Калі паглядзець чаты, дзе пішуць прыхільнікі ПВК «Родан», то там можна знайсьці толькі шматлікія нецэнзурныя абразы сваіх апанэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG