Анастасія Сасыкбаева зьехала з сям’ёй зь Беларусі праз пратэсты. У Анастасіі ёсьць сын, якому 14 гадоў, таму ўсе цяжкасьці адаптацыі падлетка ў новай краіне яна бачыць на ўласныя вочы.
«Ідэя стварыць клюб заўсёды недзе лунала ў паветры. Аднойчы дабрачынная арганізацыя „Мара“ , нашыя беларусы, запрасілі мяне паехаць у вандроўку, дапамагаць наглядаць за дзецьмі. Дзеці добра пасябравалі, мы глядзелі фільмы, слухалі музыку беларускую і чыталі. І вось выявіўся факт, што дзеці страчваюць сваю мову. Яны пачалі чытаць беларускі твор, і пачуўся такі выразны польскі акцэнт. Гэта выклікала жах, бо я падумала, што, можа, яшчэ год, і нашыя дзеці будуць размаўляць толькі па-польску, забудуцца на беларускую», — апавядае Анастасія.
Пасьля паездкі дзеці не расставаліся, пачалі сустракацца кожную суботу. Так утварыўся клюб, у якім цяпер шмат што адбываецца — і ўсё па-беларуску.
«Мы гуляем у „Кракадзіла“, „Зламаны тэлефон“, „Мафію“, і вельмі сьмешна атрымліваецца. Таксама мы практыкуем мову праз сэрвіс Donar.by і моўныя тэсты Радыё Свабода. Мы чытаем прозу, вершы, выходзім гуляць. На гэты момант дзяцей 35, і іх колькасьць павялічваецца, бо кожную суботу яны прыходзяць то са сваім сябрам, то з суседам, а нехта пра нас з сацыяльных сетак даведваецца».
Дзеці таленавітыя, але ў іх і розныя запатрабаваньні: хтосьці малюе, нехта грае на музычных інструмэнтах, адны танчаць, другія займаюцца спортам, кажа Анастасія.
«Самае цікавае, што дзеці гатовыя рабіць амаль усё, што ты ім прапануеш. Мы пачыналі з таго, што забілі трывогу: беларуская мова страчваецца! А ў выніку гэта ператварылася ў нейкую прастору, куды дзеці прыходзяць, ім тут спакойна, клясна, яны паміж сабой сябруюць. А калі яны пасябравалі, то яны гатовыя што заўгодна рабіць!»
«Дзеці самі выступаюць з ініцыятывамі»
Адна з умоваў стварэньня клюбу — свабодная атмасфэра, дзе дзеці могуць прапаноўваць свае актыўнасьці.
«У нас большасьць дзяцей ва ўзросьце 13-16 гадоў, яны хочуць быць самі, ім ня хочацца бацькоў, настаўнікаў. Мы разам з супрацоўніцай Уроцлаўскай абласной бібліятэкі выступаем ня ў якасьці кіраўнікоў, а як куратаркі. Мы трошкі накіроўваем, падказваем штосьці, а так сапраўды дзеці самі выступаюць з тымі ініцыятывамі, якія яны хочуць. І так здорава, што яны хочуць вучыць беларускую мову».
Клюб Spadčyna праводзіць усё ў супрацоўніцтве з Уроцлаўскай абласной бібліятэкай, кажа Анастасія.
«Мы ў шчыльнай супрацы з нашай беларускай, супрацоўніцай бібліятэкі, якая таксама вельмі дбае пра захаваньне беларускай мовы і культуры. Нашыя дзеці бяруць удзел у мерапрыемствах, якія робіць бібліятэка, запісваюцца і іхныя бацькі».
Анастасія дадае, што цяпер у бібліятэцы ўсяго 5 кніжак на беларускай мове, хоць на ўкраінскай і расейскай нашмат больш.
«Ад таго, што няшмат беларусаў хадзіла ў бібліятэку, немэтазгодна выдзяляць нейкія фінансы на закупку беларускіх кніг. Але як пайшлі дзеці, пачалі запісвацца і іхныя бацькі, пакрыху прыцягваюцца нейкія людзі, і ў нас ёсьць усе шанцы зрабіць так, каб беларускіх твораў у бібліятэцы стала нашмат больш».
Усе заняткі ў клюбе бясплатныя. Падлеткі прыносяць толькі нейкія пачастункі. Сустрэчы адбываюцца па суботах, але да гэтага ідзе актыўная камунікацыя ў чатах, расказвае Анастасія.
«Калі мы чытаем вершы, нейкія творы, то ў чаце разьбіраем незразумелыя нам словы ў выглядзе апытанкі. Дзеці там абмяркоўваюць і дамаўляюцца, чым яны хочуць займацца ў наступную сустрэчу. Таксама між сабой праводзім такія конкурсы з падарункамі-пачастункамі для пераможцаў. Апошні быў — знайсьці незвычайную назву беларускай вёскі. Праца ідзе кожны дзень».
«Вельмі цяжка заводзіць новых сяброў, асабліва нашым дзецям, якія прыехалі на хвалі пратэстаў пасьля 2020-га»
Анастасія заўважае, што асноўная праблема — адсутнасьць месца, дзе маладыя беларусы маглі б спакойна гуртавацца.
«Яны ў пубэртатным пэрыядзе, ім вельмі цяжка знаёміцца між сабой, заводзіць новых сяброў, асабліва нашым дзецям, якія прыехалі на хвалі пратэстаў пасьля 2020-га, — гэта ўсе дзеці траўмаваныя. Ім вельмі цяжка асвоіцца ў замежным грамадзтве. Ва Ўроцлаве шмат розных падзей робіцца для дзяцей, падлеткаў, але ёсьць праблема „выпхнуць“ падлеткаў на гэтыя актыўнасьці».
«Мы шукаем партнэрства, каб разьвіваць клюб, даваць нашым дзецям большую магчымасьць рэалізавацца»
Цяпер Spadčyna разам з дабрачыннай арганізацыяй «Мара» рыхтуюць экскурсію-вандроўку для падлеткаў у Бэрлін.
«Ёсьць кніга Фраў Лінке (Frau Linke) „Да сустрэчы на Захадзе“. Гэта такі прыгодніцкі твор пра каханьне падлеткаў, як яны апынуліся па розныя бакі мура. Мы з удзельнікамі клюбу знаёмімся з гэтым творам, а арганізатары „Мары“ прапанавалі зрабіць тэставую экскурсію, зьезьдзіць у Бэрлін, пахадзіць маршрутамі, як хадзілі героі, пабачыць тыя вуліцы, дзе яны былі, тыя дамы».
Калі надвор’е стане цяплейшым, зьявяцца і спартовыя падзеі, выезды на прыроду. Spadčyna таксама актыўна шукае супрацоўніцтва з людзьмі і арганізацыямі, зацікаўленымі ў дзейнасьці клюбу.
«Мы шукаем партнэрства, каб разьвіваць клюб, даваць нашым дзецям большую магчымасьць рэалізавацца. Бо дзеці розныя, запатрабаваньні розныя, і, пакуль у іх ёсьць жаданьне штосьці рабіць, трэба хапаць. Ужо зараз мы супрацоўнічаем з адной польскай фундацыяй, якая дапамагае нам. І актыўна запрашаем да супрацы ўсіх, хто зацікаўлены ў тым, каб даць нашым дзецям магчымасьць зьберагчы нашу мову і культуру ва ўмовах эміграцыі».
«Наста, зараз хаця б ёсьць нейкі сэнс»
Анастасія кажа, што яе вельмі натхняюць дзеці, іх энэргія.
«Так кайфова, калі бачыш дзяцей, якія між сабой гуртуюцца, стараюцца вучыць мову. Мне адзін з падлеткаў сказаў: „Наста, зараз хаця б ёсьць нейкі сэнс“. Атрымліваецца, у дзяцей паўтара-два гады, акрамя сваіх аднаклясьнікаў і пары сяброў, больш нікога не было. А тут склалася грамада аднадумцаў твайго ўзросту. Ім цікава, гэта натхняе».
Удзельнікі клюбу пачалі весьці свой Тык-Ток, яны перакладаюць песьні з ангельскай мовы на беларускую.
«Галоўнае — не згубіць нашых дзяцей. Трэба выгадаваць іх так, каб, калі яны будуць вяртацца ў Беларусь, яны ведалі і мову, і культуру, і літаратуру, і гісторыю сваю. Час ад часу ў нашых дзяцей здараецца, як я кажу, „прыліў пяшчоты“: яны раптам пачынаюць выказваць свае пачуцьці, дзякаваць і гаварыць, як ім усё падабаецца, як усё клёва. Гэта надае моцы».