Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Калесьнікавай абмежавалі тэлефонныя званкі, ёсьць праблемы зь ліставаньнем


Марыя Калесьнікава, архіўнае фота (жнівень 2020 году)
Марыя Калесьнікава, архіўнае фота (жнівень 2020 году)

Паводле стану на 28 лютага, праваабаронцы «Вясны» афіцыйна прызналі палітычнымі зьняволенымі 1452 чалавекі. Дакладная колькасьць людзей, якія знаходзяцца за кратамі з палітычных матываў, невядомая.

«Марыя вярнулася да працы ў калёніі, — расказалі „Народнай волі“ пра стан здароўя Калесьнікавай яе знаёмыя. — Аднаўляецца пасьля апэрацыі, набірае вагу, бо пасьля бальнічнай палаты схуднела. І галоўнае — застаецца моцнай духам...».

Вядома, што ў калёніі Марыі Калесьнікавай забаронена тое, на што іншыя зьняволеныя маюць права, паведамляе «Народная воля». Напрыклад, сёлета тэлефонныя званкі абмежавалі да аднаго на месяц, забаранілі размаўляць зь сястрой. Летась было толькі адно спатканьне з бацькам. Таксама апошнім часам былі праблемы зь ліставаньнем.

«Я дакладна ведаю, што любыя цяжкасьці скончацца, — напісала ў адным са сваіх лістоў на волю Марыя Калесьнікава. — Дык навошта сумаваць і перажываць, калі абавязкова наступіць момант, калі цяжкасьці закончацца? Навошта траціць час свайго жыцьця на тое, што ня мае сэнсу, ды яшчэ і прыносіць мне шкоду? Я жыву так, як быццам не існуе ўсяго гэтага жудаснага і „дзіўнага“, што наўкол мяне».

Здароўе палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай пачало моцна пагаршацца 28 лістапада, калі «да праблем зь ціскам, млоснасьцю і прытомнасьцю дадаўся нясьцерпны боль у страўніку». Пасьля гэтага Калесьнікавай зрабілі ляпараскапічную апэрацыю.

Перад шпіталізацыяй яе зьмясьцілі ў ШЫЗА на 10 дзён. Там было вельмі холадна, ад чаго палітзняволеная амаль ня спала. Некалькі разоў яна непрытомнела, у яе быў павышаны ціск і млосьць. У тым ліку яна страціла прытомнасьць у душы і пры падзеньні падрапала ногі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG