Паштоўкі і лісты па-польску — пад забаронай
Як паведамляе @nebovkletku, аднаму зь вязьняў горадзенскай турмы не дазволілі паслаць калядную паштоўку зь віншаваньнямі па-польску. Таксама вязьням не даходзяць лісты з Польшчы.
Палітзьняволены журналіст Андрэй Пачобут раней паведамляў пра падобны выпадак. Яму не даходзілі лісты ад сына на польскай мове.
МЗС Польшчы выказалася пра Андрэя Пачобута
Польшча робіць «дзеяньні, пра якія нельга гаварыць публічна», каб вызваліць палітвязьня Андрэя Пачобута, заявіў намесьнік кіраўніка польскага МЗС Павал Яблоньскі.
«Мы несупынна патрабуем яго неадкладнага вызваленьня. Мы робім таксама дзеяньні, пра якія я не магу публічна гаварыць. Падобныя крокі мы рабілі ў дачыненьні да іншых асоб, беззаконна арыштаваных у Беларусі. Не ва ўсіх выпадках яны заканчваліся посьпехам. Я запэўніваю, кожны дзень мы дзейнічаем у справе вызваленьня Андрэя Пачобута і іншых палітвязьняў у Беларусі», — цытуе Яблоньскага Польскае радыё.
«У мяне яшчэ ня ўсё ў парадку, але я настроена пазытыўна». Калесьнікава даслала ліст бацьку
28 лістапада Марыя Калесьнікава трапіла ў рэанімацыю шпіталя хуткай дапамогі, ёй зрабілі лапараскапічную апэрацыю.
Перад шпіталізацыяй Калесьнікаву зьмясьцілі ў ШЫЗА на 10 сутак. Там было вельмі холадна, праз што палітзьняволеная амаль ня спала. Некалькі разоў яна траціла прытомнасьць, у яе быў павышаны ціск і млоснасьць. Раз яна страціла прытомнасьць у душы і пры падзеньні падрапала ногі.
Калесьнікава дасюль знаходзіцца ў санчастцы гомельскай калёніі. Нядаўна бацька атрымаў ад яе ліст, датаваны 27 сьнежня.
Ягоны зьмест цытуе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі:
«Зьявілася магчымасьць хадзіць-гуляць каля гадзіны ў дзень — я паволі нарошчваю тэмп і колькасьць крокаў — сёньня 5000, гэта сапраўдны рэкорд для мяне, бо з 29.11 да апошняга тыдня я амаль ня рухалася.
У мяне яшчэ ня ўсё ў парадку, але я настроена пазытыўна і аптымістычна і маю намер быць здаровай!
Таму рыхтуйся: твае дранікі і шашлыкі ў мяне нумар 1 у будучым мэню.
Усім нашым родным і блізкім перадавай велізарныя прывітаньні і віншаваньні з усімі сьвятамі — я ўсіх вельмі люблю і ўсім удзячная за любоў, падтрымку і клопат!
Калі ласка, беражыце сябе, а ты, тата, асабліва! Бо нам трэба будзе так шмат усяго зрабіць, падарожнічаць і ўбачыць, і столькі адкрыцьцяў нас яшчэ чакае!
Вельмі цябе люблю і моцна-моцна сумую!
Я заўсёды думаю пра вас з Таняй, гэтыя думкі мяне саграваюць і я нават часам забываю, дзе я знаходжуся! Таму я заўсёды побач!
Люблю і моцна абдымаю! Усё будзе добра!»