Украінская служба Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода апублікавала запісы з камэр назіраньня і бесьпілётніка ў Бучы, а таксама расповяз цывільнага жыхара, які атрымаў сур’ёзнае раненьне ў галаву, калі расейскія вайскоўцы адкрылі агонь па машыне, у якой ён быў.
Расьсьледаваньне ўкраінскай службы Радыё Свабода, падмацаванае неапублікаванымі запісамі зь відэарэгістратара і дрону, пралівае новае сьвятло на тое, як адбываліся масавыя забойствы мірных жыхароў Бучы ў час расейскай акупацыі.
На запісах зь бесьпілётніка відаць, як расейскія вайскоўцы выстаўляюць на вуліцы Заводзкай у Бучы бранятэхніку з сымбалем «V» (Расея выкарыстоўвала яго ў пачатку ўварваньня) і адкрываюць агонь без папярэджаньня — па выразна пазначаным (чырвоныя крыжы, белыя самаробныя сьцягі) цывільным аўтамабілям.
Ахвярай адной з такіх засадаў стаў Мікалай Брэднеў, які спрабаваў пакінуць горад.
«Калі мы выяжджалі, мы паставілі на лабавым шкле чырвоны крыж, парвалі палатно і перад ад’ездам прывязалі да машыны белыя анучы, — падкрэсьлівае ён. — Гэта значыць, было выразна пазначана, што ў машыне мірныя жыхары».
«Я бачыў, як яны (расейцы) выбеглі з кулямётамі і адразу, без папярэджаньня, пачалі страляць з трох кулямётаў па машыне», — кажа Мікалай.
Брэднеў атрымаў цяжкое агнястрэльнае раненьне ў галаву: куля разьнесла частку чэрапа, ён перажыў трэпанацыю. Агулам, паводле ягоных словаў, у машыну, у якой ён ехаў, выпусьцілі каля 20 куляў: 18 сьледчыя пазьней выявілі ў машыне, адна трапіла Брэдневу проста ў галаву.
«Я тады ня страціў прытомнасьці, я проста страціў зрок, нічога ня бачыў», — кажа Мікалай.
Паводле яго, кулі забілі некалькіх чалавек у машыне, яшчэ аднаму чалавеку, які ехаў зь ім, куля адарвала кончык носу, а сам Брэднеў страціў шмат крыві.
Дактары ўсталявалі Мікалаю на левы бок чэрапа тытанавую пласьціну плошчай 56 квадратных сантымэтраў. Празь некалькі месяцаў пасьля траўмы і апэрацыі ў Бреднева пачаліся прыступы эпілепсіі, што значна пагоршыла якасьць ягонага жыцьця.
Празь некалькі гадзін пасьля абстрэлу відэа з украінскага бесьпілётніка пацьвердзіла прысутнасьць расейскай бранятэхнікі на месцы расстрэлу машыны. Бронеаўтамабіль быў маркаваны сымбалем «V»: ён, як «Z» і «O», выкарыстоўваўся расейскімі войскамі для абазначэньня сваёй тэхнікі ў першыя месяцы вайны.
Украінскія сьледчыя лічаць, што ў страляніне ўдзельнічалі вайскоўцы 234-га дэсантна-штурмавога палка, вядомага як «пскоўскія дэсантнікі». Полк быў выведзены з Кіеўскай вобласьці вясной 2022 году і пасьля панёс вялікія страты ў баях у Данецкай вобласьці. На запісах камэраў відэаназіраньня, зробленых у Бучы непадалёк ад месца расстрэлу, відаць, як салдаты гэтага падразьдзелу за дзень да забойства рабуюць дамы і псуюць маёмасьць. Адзін зь іх страляе з аўтамата па камэры назіраньня.
Украінскія сьледчыя лічаць, што менавіта гэты расейскі полк кантраляваў навакольле ў Бучы ў час расстрэлаў мірных жыхароў і катаваньняў. Расея адмаўляе гэтыя ваенныя злачынствы.
Акупацыя Бучы і расьсьледаваньні злачынстваў расейцаў
Расейскія акупанты захапілі Бучу ў самым пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Горад месяц быў пад акупацыяй.
31 сакавіка 2022 году расейскія часткі былі вымушаныя адступіць і пакінулі Бучу, а ўкраінскія войскі ўвайшлі ў горад. Яны бачылі на вуліцах целы забітых і закатаваных мясцовых жыхароў (у многіх былі зьвязаныя за сьпінай рукі), а таксама масавыя магілы загінулых мірных жыхароў, дзе часткі целаў былі зьнявечаныя.
Агулам, паводле ўкраінскіх сьледчых, за месяц расейскай акупацыі ў Бучы загінулі 554 мірныя жыхары. Чатыры дзясяткі лічацца зьніклымі бязь вестак, яшчэ 33 жыхары Бучы дагэтуль знаходзяцца ў расейскім палоне. У той жа час расейскі бок працягвае адмаўляць масавыя забойствы і ваенныя злачынствы ў Бучы, называючы тое, што ўбачылі журналісты ўсіх сусьветных СМІ, «фальшыўкай» і «інсцэніроўкай».
У выніку 33-дзённай акупацыі Бучы з 27 лютага па 31 сакавіка 2022 году загінуў 561 мірны жыхар, у тым ліку 12 дзяцей. Таксама, паводле ўкраінскіх уладаў, у Бучы апазнаныя больш за 2,5 тысячы расейскіх вайскоўцаў, якія былі ў горадзе. Зь іх 100 падазраюцца ў ваенных злачынствах, а 34 афіцыйна заяўлена аб падазрэньнях. Нацыянальная паліцыя Ўкраіны паведаміла, што раскрыла 72 забойствы, учыненыя расейскімі вайскоўцамі ў час акупацыі Бучы, а 24 абвінаваўчыя акты ўжо перададзеныя ў суд.
Сьледчыя неаднаразова тлумачылі, што многія целы ахвяраў у брацкіх магілах былі спаленыя, што ўскладняла ідэнтыфікацыю.
«Працэс ідэнтыфікацыі працягваецца. Год таму ў нас было 60 неапазнаных целаў. Цяпер іх 13. Працэс крыху ўскладняецца тым, у якім стане мы знайшлі гэтыя целы — іх проста спалілі расейцы. Але гэты працэс працягваецца, праводзяцца адпаведныя судова-мэдыцынскія экспэртызы», — кажа кіраўнік Дэпартамэнту расьсьледаваньня ваенных злачынстваў Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Дзьмітро Шаўчук.
Форум