Лінкі ўнівэрсальнага доступу

PEN International у Міжнародны дзень роднай мовы заклікаў падтрымаць нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага


Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У гонар гэтага дня PEN International заклікаў падтрымаць беларускага пісьменьніка, праваабаронцу, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру і сябра Беларускага ПЭНу Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца ў зьняволеньні.

Як гаворыцца ў заяве PEN International, крымінальная справа ў дачыненьні да Алеся Бяляцкага «зьяўляецца сымбалем таго, якія пагрозы і нападкі часта зазнаюць пісьменьнікі і журналісты па ўсім сьвеце за мірнае ажыцьцяўленьне свайго права на свабоду слова», а таксама прыкладам таго, «які прыгнёт зазнаюць пісьменьнікі і журналісты, якім не даюць выказаць сябе на іх мове карэннага народу або меншасьцяў».

На працягу ўсяго судовага працэсу Алесь Бяляцкі неаднаразова прасіў пракурора і суд весьці працэс на беларускай мове, але безвынікова.

PEN International заклікае неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага і зьняць усе абвінавачваньні супраць яго, а таксама прапануе:

  • зьвярнуцца да беларускіх уладаў з заклікам вызваліць Алеся Бяляцкага, зьняць зь яго абвінавачваньні, а да яго вызваленьня забясьпечыць яму рэгулярныя зносіны зь сям'ёй, адвакатамі і адэкватнае мэдычнае абслугоўваньне; а таксама заклікаць улады выконваць свае міжнародныя абавязаньні ў галіне правоў чалавека і адстойваць правы на свабоду слова, асацыяцыі і мірных сходаў для ўсіх;
  • пісаць паведамленьні салідарнасьці Алесю Бяляцкаму па адрасе:

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

СІЗА-1, вуліца Валадарскага 2, 220030, Мінск, Беларусь

  • публікаваць артыкулы і меркаваньні ў нацыянальнай ці мясцовай прэсе, якія асьвятляюць справу Алеся Бяляцкага і стан свабоды слова ў Беларусі;
  • дзяліцца інфармацыяй пра Алеся Бяляцкага ў сацыяльных сетках з хэштэгамі #AlesBialiatski і #FreeViasna.

Разгляд крымінальнай справы супраць Бяляцкага, а таксама яго намесьніка і віцэ-прэзыдэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча і праваабаронцы Дзьмітрыя Салаўёва (у парадку спэцыяльнага вядзеньня), пачаўся ў судзе Ленінскага раёну Менску 5 студзеня.

Іх абвінавачваюць у кантрабандзе — незаконным перамяшчэньні праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай (ч. 4 арт. 228 КК) і фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 2 арт. 342 КК).

Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Кароль на пасяджэньні 9 лютага запатрабаваў асудзіць Бяляцкага на 12 гадоў калёніі, Стэфановіча — на 11, Лабковіча — на 9. Салаўёву, якога судзяць завочна, ён прапанаваў прысудзіць 10 гадоў калёніі.

Згаданых праваабаронцаў, апрача Салаўёва, затрымалі 14 ліпеня 2021 году паводле абвінавачаньня ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК). У верасьні 2022 году справа па гэтым артыкуле была спыненая, але праваабаронцам выставілі абвінавачаньне паводле арт. 228 і 342 КК.

  • 7 кастрычніка 2022 году Бяляцкі разам з праваабарончымі арганізацыямі «Мэмарыял» (Расея) і «Цэнтар грамадзянскіх свабодаў» (Украіна) быў абвешчаны ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG