Лінкі ўнівэрсальнага доступу

OCCRP: былыя ізраільскія спэцслужбісты «адмывалі» ў сацсетках бізнэсоўца з атачэньня Лукашэнкі і яго дзейнасьць у Афрыцы


Аляксандар Зінгман і прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагуа, 2019 год.
Аляксандар Зінгман і прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагуа, 2019 год.

Міжнародная сетка журналістаў OCCRP апублікавала расьсьледаваньне пра групу кібэрнаёмнікаў — былых супрацоўнікаў ізраільскіх спэцслужбаў, якія ўмешваюцца ў выбары і займаюцца дэзынфармацыяй па ўсім сьвеце: для гэтага яны нават распрацавалі спэцыяльнае праграмнае забесьпячэньне.

Дасьледавальнікі сьцьвярджаюць, што гэтая сетка займалася кампаніяй у сацсетках на карысьць набліжанага да Лукашэнкі беларускага бізнэсоўца Аляксандра Зінгмана, які ня так даўно фігураваў у скандалах з пажарнай тэхнікай і здабычай золата ў Зымбабвэ, піша zerkalo.io.

У цэнтры расьсьледаваньня OCCRP з удзелам выданьняў The Guardian, Der Spiegel, Haaretz і яшчэ некалькіх СМІ — ізраільская група спэцыялістаў з онлайн-уплыву, якая называе сябе «Каманда Хорхэ»: яны ўмешваюцца ў выбары па ўсім сьвеце, праводзяць кампаніі па дэзынфармацыі з дапамогай ботаў і ўзломваюць акаўнты высокапастаўленых чыноўнікаў у Тэлеграме і Gmail.

Кіраўнік групы Тал Ханан, які прадставіўся як Хорхэ, заявіў журналістам, што ягоная каманда правяла 33 кампаніі «прэзыдэнцкага ўзроўню», зь якіх 22 прызнаныя «пасьпяховымі» — у асноўным у Афрыцы, але таксама і ў краінах Эўропы, Лацінскай Амэрыкі, Паўднёва-Ўсходняй Азіі і Карыбскага басэйну.

Ханан паведаміў, што ўмяшаньне ягонай каманды ў прэзыдэнцкія выбары каштуе каля 15 мільёнаў даляраў.

Паводле адкрытых зьвестак, сам Тал Ханан служыў у ізраільскім спэцназе і быў спэцыялістам па выбуховых рэчывах. Усяго ў камандзе мінімум 100 супрацоўнікаў — туды імкнуцца браць людзей з досьведам працы ў спэцслужбах, у тым ліку ў службе ўнутранай бясьпекі Ізраілю.

Адзін з прыкладаў працы AIMS — кампанія на карысьць Аляксандра Зінгмана, бізнэсоўца з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі і ганаровага консула Зымбабвэ ў Беларусі. У сакавіку 2021 году Зінгмана арыштавалі ў Конга па абвінавачаньні ў незаконным абароце зброі, але пазьней вызвалілі.

Раней OCCRP правяла расьсьледаваньне таго, як Зінгман і сын яшчэ аднаго набліжанага Лукашэнкі, Віктара Шэймана, выкарыстоўвалі падстаўныя афшорныя кампаніі, каб схаваць выгадную дамову з золатаздабыўчай кампаніяй з Зымбабвэ.

За год да гэтага AIMS праводзіла «ўзгодненую і аўтаматызаваную» кампанію ў сацсетках на карысьць Зінгмана. Некаторыя з публікацый былі скіраваныя супраць ягонага канкурэнта, яшчэ аднаго беларускага бізнэсоўца Віталя Фішмана. Праз матэрыялы па справе пра паклёп, якую Фішман выйграў у ЗША, журналісты выявілі 35 ботаў, зьвязаных з «Камандай Хорхэ».

Адвакат Зінгмана заявіў, што ягоны кліент ніколі не працаваў з кампаніямі, якія ўдзельнічаюць у дэзынфармацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG