Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Беларусі: «У камісію па вяртаньні паступіла шмат зваротаў, але ніводзін не адпавядае патрабаваньням»


Аляксей Стук
Аляксей Стук

У камісію па вяртаньні палітычных эмігрантаў за пяць дзён ад пачатку прыёму зваротаў не паступіла ніводнага, які можна было б разгледзець па сутнасьці, сказалі ў Генэральнай пракуратуры.

Гэта вынікае са слоў намесьніка генэральнага пракурора Аляксея Стука ў перадачы «Панарама» на тэлеканале «Беларусь 1», піша BPN.

«У камісію паступіла дастаткова шмат зваротаў, але фактычна ўсе яны не адпавядаюць тым крытэрыям, якія прапісаны ва ўказе», — заявіў Стук.

Пры гэтым ён не назваў, якую канкрэтна колькасьць зваротаў атрымала камісія, ня стаў раскрываць іх зьмест і пералічваць хібы. Разам з тым, паводле яго слоў, звароты паступалі ня толькі з-за мяжы, але і зь Беларусі.

Стук заявіў, што камісія можа прыняць рашэньне «аб магчымасьці спыненьня крымінальнага перасьледу» жадаючага вярнуцца грамадзяніна «з прыцягненьнем да іншых відаў адказнасьці».

«Гэта будзе вырашацца, зыходзячы зь цяжкасьці зьдзейсьненага злачынства. Адразу скажу, гэта павінна быць няцяжкае злачынства. Таксама будзе ўсебакова вывучацца характарыстыка асобы гэтага грамадзяніна», — патлумачыў ён.

Камісія, адзначыў чыноўнік, таксама можа прыняць рашэньне «аб мэтазгоднасьці зьмяненьня меры стрыманьня, каб грамадзянін мог бесьперашкодна перасекчы мяжу Рэспублікі Беларусь».

Калі камісія прыняла рашэньне аб «магчымасьці праявы літасьці да чалавека», які гатовы вярнуцца ў Беларусь, «то так яно і адбудзецца», запэўніў намесьнік генпракурора.

У той жа момант шэраг экспэртаў і грамадзкіх дзеячоў засьцерагаюць беларусаў ад вяртаньня на радзіму. Яны адзначаюць, што сваім рашэньнем дзяржава фактычна не дае ніякіх гарантый нават тым, з каго здымуць абвінавачаньні. Напрыклад, сузаснавальнік BySol Аляксей Лявончык мяркуе, што небясьпечна вяртацца нават тым, хто ня браў удзелу ў мірных пратэстах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG