Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня верце, не прасіце, не вяртайцеся. Сузаснавальнік BySol засьцерагае беларусаў, якія хочуць вяртацца


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Разам з заснавальнікам кампаніі ByHelp і сузаснавальнікам ініцыятывы BySol Аляксеем Лявончыкам абмяркоўваем, на каго разьлічаная ініцыятыва ўладаў стварыць камісію для працы зь беларусамі, якія хочуць вярнуцца на радзіму.

Лявончык мяркуе, што небясьпечна вяртацца нават тым, хто ня браў удзелу ў мірных пратэстах.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

Пра сыстэму, якая ўмее толькі саджаць

  • Гэтая сыстэма ўмее толькі саджаць. Яна ня ўмее гуляцца інакш. Сілавікам у такіх рэжымах, як лукашэнкаўскі, заўсёды патрэбныя ахвяры. Пра гэта сьведчыць апошняя масавая хваля арыштаў у Фаніпалі і іншых гарадах за камэнтары ці нейкую іншую інтэрнэт-актыўнасьць.
  • Камісія спадзяецца, што заманіць тых, каму вельмі хацелася б вярнуцца. Такіх людзей я ведаю шмат. Гэтыя людзі апынуцца ў руках рэжыму і нічога ня змогуць зрабіць. Калі іх захочуць пасадзіць, іх пасадзяць.
  • Калі б намеры ў гэтай сыстэмы мяняліся, мы б зараз бачылі выхад людзей з турмаў, нейкія сапраўдныя дзеяньні, накіраваныя прынамсі на амністыю, мы бачылі б нейкую прымірэнчую рыторыку. Гэтага ня бачна, як ня бачна і ніводнага паляпшэньня стаўленьня да палітвязьняў.
  • Гэтая камісія насамрэч будзе, з аднаго боку, дэманстраваць, што мы хочам ісьці на дыялёг, а з другога боку — самім сілавікам навязваць думку, што яны сытуацыю кантралююць.
  • Гэтая ініцыятыва нацэленая на аднаго чалавека, і мы ўсе ведаем імя гэтага чалавека.

Пра адсутнасьць гарантый і арышты на мяжы

  • Яна таксама нацэленая на тых, хто звонку, што ёсьць канал, каб вярнуцца. У BySOl i ByHelp мы добра ведаем, што шмат людзей сумуюць і хацелі б вярнуцца. Яны вяртаюцца, і іх арыштоўваюць на межах. Яна нацэленая на людзей, якія выехалі не з прычыны заведзенай справы, а таму што падазравалі, што можа быць такая справа. Яны сядзелі два гады за мяжой, нічога не адбывалася, яны думалі, што ўсё ціха і можна вяртацца. І тут ім пасланьне — дык вяртайцеся, гэта дадатковая гарантыя для вас, што ўсё будзе легальна.
  • Людзі, якія вырашаць вярнуцца пад гарантыі камісіі, павінны памятаць, што ніякіх гарантый ніхто не дае. Нават калі Швед падпіша гарантыю ад свайго імя, заўтра яе можа ня стаць, бо заўтра яму загадаюць яе адмяніць.

Пра эканамічны складнік

  • Быў і эканамічны складнік. Ніхто ня ведае, колькі дакладна выехала людзей зь Беларусі. Я асабіста ацэньваю, што з 2020 году зь Беларусі магло выехаць нават паўмільёна чалавек. Ня ўсе мелі палітычную матывацыю, многія мелі эканамічную матывацыю, зьвязаную з палітычнай, але тым ня менш. На месцы Лукашэнкі я б думаў пра тое, што выехала прадпрымальная частка грамадзтва, якая стварае працоўныя месцы, і, магчыма, добра было б іх займець назад, каб хоць трошкі падправіць сытуацыю ў эканоміцы.
  • У ягоным разуменьні такая «замануха» магла б працаваць як за сталінскім часам: прыяжджайце, пакайцеся, мы адправім вас у шарашку, будзеце працаваць на карысьць дзяржавы. Такая лёгіка магла быць — мы іх не пасадзім, яны будуць на «хатняй хіміі», пакараньне лёгкае, але падаткаплатнікі дзяржаве вернуцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG