Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» зьвярнулася ў ААН у справе парушэньняў правоў і свабодаў сваіх кіраўнікоў падчас суду


Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч у судзе. Менск, 5 студзеня 2023. Каляж
Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч у судзе. Менск, 5 студзеня 2023. Каляж

Праваабаронцы цэнтру «Вясна» паінфармавалі спэцдакладчыкаў ААН аб парушэньнях правоў старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага, яго намесьніка Валянціна Стэфановіча і праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча падчас суду.

Як адзначае юрыст «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва, іх утрымліваюць у залі суду ў кайданках і мэталічнай клетцы, што «стварае вобраз небясьпечнага злачынцы і парушае прэзумпцыю невінаватасьці». Паводле яе, выкарыстаньне такіх празьмерных сродкаў перашкаджае праваабаронцам весьці запісы падчас судовага працэсу ці карыстацца дакумэнтамі, прыносіць дыскамфорт і фізычныя пакуты, супярэчыць прынцыпам гуманнасьці, недатыкальнасьці асобы, павагі да яе гонару і годнасьці.

  • Парушэньнем правоў падчас суду праваабаронцы таксама лічаць «выкрывальныя» публікацыі пра абвінавачаных у дзяржаўных СМІ, а паказваньне іх за кратамі «ўводзіць у зман аб іх вінаватасьці, хоць прысуду, які набыў сілу, усё яшчэ няма». Гэта таксама парушэньне прэзумпцыі невінаватасьці.
  • Яшчэ адно парушэньне, паводле «Вясны», — адмова судзьдзі весьці судовы працэс па-беларуску ці даць абвінавачаным перакладчыка, у той час як у штодзённым жыцьці і ў зносінах зь дзяржаўнымі органамі яны выкарыстоўваюць толькі беларускую мову.

«Крымінальная справа ў дачыненьні да праваабаронцаў палітычна матываваная: фактычна гэта перасьлед за мірную праваабарончую дзейнасьць», — падкрэсьлівае Галаўнёва.

  • Паводле яе, улады Беларусі шмат гадоў ігнаравалі рашэньне Камітэту па правах чалавека, які прызнаў пазбаўленьне рэгістрацыі «Вясны» парушэньнем права праваабаронцаў на свабоду асацыяцыі і рэкамэндаваў зноў зарэгістраваць арганізацыю. Невыкананьнем рэкамэндацыі ўлады Беларусі самі зрабілі немагчымым для «Вясны» стаць падаткаплатнікам у краіне і працягваць працу, не парушаючы заканадаўства.

Разгляд крымінальнай справы супраць старшыні «Вясны», Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесьніка і віцэ-прэзыдэнта FIDH Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзьмітрыя Салаўёва (у рамках спэцыяльнага вядзеньня яго судзяць завочна) працягваецца ў судзе Ленінскага раёну Менску з 5 студзеня.

Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Кароль на паседжаньні 9 лютага запатрабаваў для іх ад 9 да 12 гадоў пазбаўленьня волі: Алесю Бяляцкаму — 12 гадоў калёніі, Валянціну Стэфановічу — 11, Уладзімеру Лабковічу — 9. Зьмітру Салаўёву, якога судзяць завочна, — 10 гадоў калёніі.

Вядзе працэс судзьдзя Марына Запасьнік. Дзяржаўным абвінаваўцам у справе выступае Аляксандар Кароль. Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).

Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году. Гэта 553 дні.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG