9 лютага пракурор Аляксандр Кароль запрасіў нобэлеўскаму ляўрэатуАлесю Бяляцкаму 12 гадоў зьняволеньня, ягоным калегам Уладзімеру Лабковічу — 9 гадоў зьняволеньня, Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў, Дзьмітрыю Салаўёву, які знаходзіцца за мяжой, — 10 гадоў зьняволеньня.
Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году.
Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).
Справу вясноўцаў разглядае судзьдзя Марына Запасьнік.
9 лютага у судовых спрэчках з прамовамі выступілі абаронцы Валянціна Стэфановіча і Алеся Бяляцкага, адвакат Уладзімера Лабковіча. 10 лютага заслухалі яшчэ аднаго абаронцу Лабковіча і прызначаных сьледзтвам адвакатак Зьмітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой, а таксама рэплікі.
Цытат з выступаў адвакатаў пакуль няма.
Чакаецца, што ў панядзелак 13 лютага заслухаюць апошнія словы праваабаронцаў.
Што казалі падсудныя раней
Валянцін Стэфановіч сказаў у сваіх паказаньнях:
«Дзейнасьць „Вясны“ легітымная і законная. Яе дзейнасьць ажыцьцяўлялася і ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з Дэклярацыяй ААН аб праваабаронцах. Я яшчэ раз паўтару: кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыцьцяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях (артыкул 1 Дэклярацыі).
А згодна з арт. 9 Дэклярацыі чалавек, індывідуальна і сумесна зь іншымі, мае, у прыватнасьці, права прапаноўваць і аказваць прафэсійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Таму я лічу, што ніякіх ліцэнзій на праваабарончую дзейнасьць няма і быць не магло».
Уладзь Лабковіч таксама падкрэсьліваў легальнасьць праваабарончай дзейнасьці ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:
«Як грамадзкае аб'яднаньне мы рабілі гэта па сваёй ініцыятыве, бо маем на гэта поўнае права. Гэты нашыя пажаданьні, якія мы як грамадзяне Беларусі рэалізоўвалі, абʼяднаўшыся ў кампанію».
Алесь Бяляцкі выказаўся наконт абвінавачаньняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса:
«Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасьля траўня 2020 году, амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму што гэты артыкул — ч. 2 арт. 342 КК — не зьмяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 году яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям.
У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой харытатыўнай дапамогі адзін аднаму, гэта антычалавеча. Вось да траўня 2020 году чамусьці такая дапамога была магчымая, а пасьля траўня яе забаранілі».
- Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году. Гэта 553 дні.
- У крымінальнай справе 283 тамы. Гэта рэкордныя лічбы для палітычных спраў у Беларусі.
- На азнаямленьне з крымінальнай справай абвінавачаным далі месяц. Алесь Бяляцкі заявіў, што не пасьпеў азнаёміцца з 70 тамамі справы. Але суд палічыў, што месяца было дастаткова на гэта.
- У справе праходзяць каля 100 сьведак.
- У межах крымінальнай справы вясноўцаў было праведзена 120 ператрусаў.
- За адно паседжаньне ў судзе заслухалі 27 тамоў крымінальнай справы.
- Мытнікі заявілі, што нібыта з 2011 па 2021 год «у інтарэсах „Вясны“» ў Беларусь было ўвезена 2 мільёны даляраў. Крымінальная адказнасьць за ўвоз наяўных грошай у буйным памеры без дэкляраваньня была ўведзена ў Беларусі толькі ў 2016 годзе, таму ў крымінальнай справе фігуруе сума каля 250 тысяч даляраў за гэты пэрыяд. «Невядома, адкуль узяліся такія лічбы і як абвінавачаньне будзе пацьвярджаць іх», — пісала «Вясна».
- Праваабаронцам пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.