Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ключыца ня так зраслася, костка ўпіраецца ў горла». Зьявіліся новыя сьведчаньні зьдзекаў зь вязьняў у наваполацкай калёніі


Зьняволеныя ў папраўчай калёніі ў пасёлку Навасады Барысаўскага раёну. Ілюстрацыйнае фота
Зьняволеныя ў папраўчай калёніі ў пасёлку Навасады Барысаўскага раёну. Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцам вядомыя новыя дэталі катаваньняў зьняволеных у папраўчай калёніі нумар 1, што ў Наваполацку.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што ў 2021 годзе зьняволенага грамадзяніна Расеі Мікалая Хрола моцна зьбілі — яму зламалі ключыцу і не надавалі патрэбную мэдыцынскую дапамогу. Цяпер косткі ў яго няправільна зрасьліся, адна зь іх упіраецца ў горла, а правая рука часткова не працуе.

Паводле праваабаронцаў, каб схаваць факт зьбіцьця, адміністрацыя адправіла вязьня ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ). Паколькі Мікалай — замежнік, грамадзянін Расеі, пасьля адбыцьця пакараньня яго чакае дэпартацыя.

Паводле якога артыкула Крымінальнага кодэксу Хрола асудзілі, інфармацыі няма. Вядома, што ён пісаў скаргу на зьбіцьцё, якая змагла выйсьці за межы калёніі, але праверкі не было. Пры гэтым у зьняволенага нават ёсьць заключэньне мэдыка-рэабілітацыйнай экспэртнай камісіі.

6 лютага ў судзе Наваполацку адбыўся суд па замене Хролу рэжыму ўтрыманьня. Яго вынік невядомы. Магчыма, што яго перавядуць з калёніі ў адну з «крытых» турмаў.

Былы палітзьняволены Вадзім Хіжнякоў, які адбываў тэрмін у ПК № 1, пацьвердзіў «Вясьне», што сьляды зьбіцьця адміністрацыя намагаецца хаваць:

«Траўмы ў выніку гвалту хаваюцца, і людзей зь імі ізалююць. У большасьці выпадкаў такія траўмы і наносяцца ў ШЫЗА, каб не было сьведак. У такіх выпадках чалавека могуць трымаць 30 і больш сутак, нават 120 (!), каб усё загаілася. Тады, вядома, нейкія лекі і дапамогу даюць, каб не памёр... Хоць ходзіць там прымаўка: зьняволенага сьпісаць лягчэй за вартавога сабаку... Пасьля звычайна такіх пераводзяць у ПКТ, каб не расказалі нічога, бо з ПКТ выходзяць у зону адзінкі, галоўным чынам — вызваляюцца або ў турму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG