Аляксандар Кабанаў разам зь Сяргеем Пятрухіным вялі ютуб-канал «Народны рэпарцёр». Вялікую вядомасьць яны набылі, калі асьвятлялі сытуацыю вакол будаўніцтва ў Берасьці акумулятарнага заводу. У 2020 годзе Кабанаў да свайго арышту фактычна выконваў функцыі прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай.
У вялікім інтэрвію для Радыё Свабода Аляксандар Кабанаў расказаў пра тое, як трэнаваў Сьвятлану Ціханоўскую, пра адносіны зь яе мужам Сяргеем, пра зьдзекі ў наваполацкай калёніі і пра тое, як па вызваленьні спрабаваў уладкавацца ў бярозаўскую раённую газэту галоўным рэдактарам.
«У паліклініцы была засада»
— Пісалі, што ў чэрвені 2020 году вас затрымалі, калі выклікалі ў паліклініку. Усё так і было?
— Так. Трэба разумець, што я быў на карантыне праз каранавірус. Прыйшлі супрацоўнікі санэпідэмстанцыі і міліцыі (яны пэрыядычна мяне наведвалі), сказалі, каб прыехаў у паліклініку, здаў аналізы. У самой паліклініцы ўжо была засада. Гэта было зразумела па няўпэўненых паводзінах лекараў, якія глядзелі адзін на аднаго коса. Маладыя хлопцы, якіх уцягнулі ў гэтую непрыгожую гісторыю. Я ім кажу: «Я ж магу адмовіцца ад тэстаў, бо папярэднія былі ўжо адмоўныя?» Кажуць: «Ну нібыта так». Твары зьдзіўленыя, ня ведаюць, што рабіць. «Магу ісьці?» — «Ну ідзіце». Выходжу, бачу, што ў калідоры сядзяць «зялёныя чалавечкі», яны ў цывільным былі. Я ім яшчэ памахаў рукамі і чую, што пачаўся нейкі рух. Пасьпеў дайсьці да «Эўраопту», дзе мяне ўзялі ў акружэньне, было ўсё акуратна, безь фізычнай сілы, проста запрасілі ў мікрааўтобус. Гэта была яшчэ адміністрацыйка, і я трапіў у ІЧУ ў Берасьці.
— Вы разумелі тады, што гэта можа скончыцца крымінальнай справай?
— Я разумеў, што скончыцца крыміналкай, але ня ведаў, за што. Я ведаў, што не патрэбен ім на волі перад выбарамі. Плюс мяне папярэдзілі людзі, якім я давяраю, што будзе крымінальная справа, каб я шукаў адваката. Мне заставалася адбыць у зьняволеньні па адміністрацыйцы пяць дзён, калі прыйшлі сьледчыя ў камэру, адвезьлі мяне на ператрус. І я тады зразумеў, што гэта ўсё.
«Табе тарабаняць журналісты, а ты ад іх хаваесься»
— Раскажыце пра сваю ролю ў камандзе Сьвятланы Ціханоўскай.
— Ніякай асаблівай ролі не было, папраўдзе. Я ня ведаю, ці Ціханоўская «за», каб я расказваў, але думаю, што вялікага сакрэту тут няма. Мы зь Сяргеем (Ціханоўскім. — РС) кантактавалі, але вельмі шчыльных адносін не было. Я ня ведаў, што ў яго ёсьць жонка, што яе завуць Сьвятлана. Неяк раздаецца тэлефонны званок зь незнаёмага нумару: «Добры дзень, я такая-такая, Сяргей праз адваката перадаў ваш нумар і сказаў, што давярае толькі вам. І калі мне трэба будзе нейкая дапамога, каб я званіла толькі вам». Адказваю, ну якую я магу дапамогу аказаць, я ж з турмы яго ня выцягну? Яна адказвае: «Я іду на выбары, а ў вас ёсьць досьвед. Парлямэнцкія выбары, зборы подпісаў, ці маглі б дапамагчы?» А ў мяне каранавірус, лякарня. Кажу, дыстанцыйна нешта магу падказаць. У выніку мяне ўвялі ў агульны чат, я пачаў рабіць нешта па Берасьці і вобласьці. У мяне нават не было пасьведчаньня сябра ініцыятыўнай групы.
Мне здаецца, што самай вялікай праблемай Ціханоўскай было ўзаемадзеяньне са СМІ. Я кажу: «Кампанія наладжаная, няхай само ідзе, а я займуся пытаньнямі з прэсай. Сьвета, табе тарабаняць журналісты, ты ад іх хаваесься — гэта ненармальна. Трэба выходзіць у сьвет — гэта прэзыдэнцкая кампанія, ты павінна быць яе тварам». Я пачаў рыхтаваць Сьвятлану да інтэрвію, праводзіў трэнінгі. Першае інтэрвію было для BBC. Працаваў над яе іміджам, хаця не іміджмэйкер. Калі мы пагаварылі, я зразумеў, што яна хатняя гаспадыня, яна не разумела, куды лезе. Трэба было падтрымаць маральна. Я пазнаёміў яе з многімі людзьмі, некаторыя зь іх і сёньня побач зь ёй. Кажу: «Сьвета, ёсьць людзі, якім можна давяраць». Даў кантакты, зьвёў іх. Нейкую ролю я, вядома, адыграў, але ня думаю, што яна вельмі значная.
Было некалькі момантаў, калі яна стамлялася, мікрааўтобус дзяжурыў ля пад’езду, і Сьвета гаварыла, што трэба выходзіць з гэтай кампаніі. І я яе ўгаворваў, што ня трэба гэтага рабіць. Яна некалькі разоў прасіла мяне даць у СМІ інфармацыю, што здымаецца з кампаніі. Я адмаўляўся гэта рабіць: «Паглядзі на гэтых людзей, якія стаяць у чэргах, іх ужо пачалі закрываць, прэсаваць. Ты ўзяла адказнасьць». І я вельмі рады, што ўсё атрымалася як атрымалася.
«Ты ня хочаш быць новым Лукашэнкам»
— Патэнцыял у ёй вы адразу ўбачылі?
— Вядома. Справа ў тым, што калі ў нас былі трэнінгі на адлегласьці, то я дасылаў ёй тэкст, каб яна пасьля зачытала яго на камэру, а ўжо потым гаварыў пра розныя памылкі, расказваў, як сябе паводзіць. І мяне зьдзівіла яе памяць. Яна літаральна празь дзесяць хвілін магла паўтарыць гэты тэкст без запінкі! А тэкст вялікі. «Ты гэта запомніла ці аркушык ёсьць?» – «Запомніла», — адказвае.
— Палітычна вы яе ўводзілі ў курс справаў?
— Вядома. Я папярэдзіў ня толькі яе, але і каманду, што ўсё гэта можа скончыцца турмой – каб разумелі, куды ўлезьлі. Многія ўспрынялі гэтую інфармацыю так, што я іх вырашыў проста папалохаць. Кажу, вы троху не разумееце, паглядзіце папярэднія кампаніі, чым яны заканчваліся — разгоны, пасадкі, кандыдаты ў турмах. Трэба разумець, чым усё скончылася. Я даваў ёй расклад, хто такая Ярмошына, як гэта працуе, каго будуць рэгістраваць, каго — не. Абсалютна ўсё. Я адразу сказаў, што Цапкалы і Бабарыкі ў сьпісах ня будзе. «Сьвета, магчыма, застанесься толькі ты, а магчыма, і цябе ня будзе», — сказаў ёй тады. Усё гэта абмяркоўвалася.
Таксама абмяркоўвалася праграма, якой не было. Адразу ж у нашых размовах, цяпер гэта ўжо можна гаварыць, я сказаў, што позна ўжо вывучаць паліталёгію, эканоміку, здавацца разумнай для ўсіх. «Ты хатняя гаспадыня, якая ня згодная з тым, што адбываецца ў краіне, у цябе сядзіць муж, ты ня хочаш быць прэзыдэнтам, дыктатарам, новым Лукашэнкам. Гэта не тваё. Ты хочаш, каб у краіне адбыліся перамены і для гэтага гатовая пайсьці на пэўныя крокі. Ты гатовая стаць прэзыдэнтам, каб правесьці ў краіне справядлівыя выбары і потым пакінуць гэтую пасаду». На той момант гэта дакладна было не яе. Але іншых варыянтаў не было.
«Сяргей, прачніся!»
— Якой вы думкі пра Сяргея Ціханоўскага?
— Чалавек складаны, скажу шчыра. Але ўсе мы ў чымсьці складаныя. У яго ёсьць характар, і характар быў неабходны для таго, што ён рабіў. Без характару ў блогеры ці журналісты лезьці ня варта, бо хутка абламаецеся. Сяргей вельмі ўпарты, ідзе рогам на ўсіх, напралом. Мы пазнаёміліся ў Берасьці, калі ён прыехаў да нас зь Пятрухіным браць інтэрвію. Потым кантактавалі між сабой, Сяргей кажа: «Вось зараз парлямэнцкія выбары, мы перамагаем тут і тут». Я кажу: «Сяргей, прачніся, прачніся! Ты разумееш, як выбары арганізаваныя, сытуацыю ў краіне?». — «Не, я прыехаў сюды, мы пераможам». Мэтанакіраванасьць зашкальвала, няхай часам і троху нерэальная. Але, у прынцыпе, у пляне блогерства ён прафэсіянал. Ён ведаў, што рабіць, адчуваў людзей, канал разьвіваўся. Ён стаў вядомым на ўвесь сьвет.
— Як вы ацэньваеце ролю блогераў у той кампаніі? Гэта быў нейкі фэномэн?
— Гэта не фэномэн. Проста ўлады не пралічылі. Я памятаю перадачы на БТ, дзе праўладныя экспэрты казалі, што блогеры ўвогуле ніхто. Ці ў Шуневіча пыталіся пра блогераў. А ён сьмяецца ў адказ і пытаецца: «Хто гэта ўвогуле такія?»
Яны не прафэсіяналы, і гэта іх выдае. Яны нічога не пралічылі. СМІ былі перакрытыя, але не разумелі, што зьявіліся лідэры думак, якія былі ім не падкантрольныя і якім сталі давяраць людзі. Блогеры рабілі кантэнт, цікавы людзям, а ўлады думалі, што ўсё зробіць тэлевізар і грошы, якія яны ўкідвалі ў азаронкаў. Яны не разумелі, што гэта «ташнілаўка», якая ўсіх дастала. Было такое недаацэньваньне.
«Я не чакаў такога ў 2020-м»
— Як у зьняволеньні атрымлівалі навіны пра падзеі ў краіне ў 2020-м?
— Я тады быў на Валадарцы. Туды яшчэ прыходзілі нейкія СМІ — «Брестская газета». Лісты даходзілі, чуткі. 9 жніўня я разумеў, што ў Менску нешта адбываецца, бо прачнуўся ад выбухаў і стрэлаў пасярод ночы. Думаў, няўжо гэта салют у гонар выбараў? Быў жа і тэлевізар, зь якога можа нешта вырваць, перавярнуць і зразумець, што адбываецца. Потым сталі зьяўляцца палітычныя вязьні, якіх саджалі са мной у камэру. Яны расказвалі, што бачылі, у чым удзельнічалі. Я быў у шоку. Я не чакаў такога.
— А вы думалі, які сцэнар будзе?
— На волі б я ўспрымаў усё па-іншаму. Я думаў, што будуць звычайныя выбары, усіх разгоняць, арыштуюць. Пратэсты працягнуцца максымум тыдзень, усё вернецца ў традыцыйнае рэчышча і Беларусь застанецца той жа. Я не чакаў, што будуць такія перамены.
— З кім з палітычных сутыкаліся на Валадарцы?
— З запамінальных — Віктар Куўшынаў з PandaDoc. Ён быў нядоўга ў нашай камэры. Вельмі цікавы хлопец, адукаваны. Чаму ён запомніўся? Бо асабліва нікога не чапалі, людзі сядзелі спакойна. Віктар жа амаль адразу паехаў у карцар – за тое, што, калі яго вялі да адваката, ён у калідоры з кімсьці пазнаёміўся. Нікога за такое не саджалі, максымум вымова, яму ж даюць 7 дзён карцара. Толькі ён выходзіць – і літаральна праз два дні складаюць пратакол за тое, што ён спаў, хаця ня спаў. Але мы яго адбілі ўсёй камэрай. Пісалі заяву, што 12 чалавек можа пацьвердзіць, што ён ня спаў. І вельмі хутка яго перавялі ў Жодзіна. Ён расказваў, чым займаўся, пра PandaDoc.
«Пашанцавала, што я ляжаў у лякарні з каранавірусам»
— Вам прысудзілі тры гады зьняволеньня. У беларускай сыстэме гэта значыць, што супраць вас увогуле нічога не было?
— Увогуле нічога. У матэрыялах справы паўсюль «на думку сьледзтва, на думку сьледзтва». Першапачаткова мне зусім іншае інкрымінавалі, а потым ужо перавярнулі, калі зразумелі, што прывязаць штосьці ўвогуле немагчыма. Спачатку ж мяне абвінавачвалі, што мы зь Ціханоўскім у Горадні зладзілі бунт. Мне пашанцавала, што я тады з каранавірусам ляжаў у лякарні. І зь Берасьця прыйшлі даведкі, што я быў у іх. Я проста фізычна там ня мог быць. Мне сьледчы прамым тэкстам казаў: «Ты будзеш сядзець». Гэта быў сьледчы Цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту. Вельмі сур’ёзны, ледзьве не манікюр на руках, увесь такі патасны, сур’ёзны. Прозьвішча ня помню, ёсьць у паперах. Не хачу запамінаць гэтых г**нюкоў.
— На вас ціснулі ў час папярэдняга сьледзтва?
— Не. Ніякага ціску не было. Мяне нікуды не выклікалі і не пагражалі. Мне прыходзілі перадачы, прапускалі лісты і паштоўкі. Тое, што сьледзтва ня клеілася, нікога не засмучала. Як і тое, што я не прызнаваў віны.
— А якое Магілёўскі суд пакінуў уражаньне?
— А я там ня быў жа! Мне мой прысуд зачыталі ў турме. Нас прывезьлі на першае паседжаньне, зьнялі кайданкі, завялі ў клетку. Я зьвярнуў увагу, што ў залі сядзяць нейкія незразумелыя людзі. І месцаў болей няма. Я кажу, што да мяне зь Берасьця прыехалі сваякі, сябры, журналісты. Мне адказваюць: «Хто першы ўстаў — таго і тапкі». — «Добра, у такім выпадку пераносім працэс. Я вам ня дам яго весьці». У мяне пытаюцца: «У вас ёсьць адводы?» — «Так, да судзьдзі». — «Адхіляецца. Яшчэ?» — «Так, да судзьдзі». — «Адхіляецца». І так я паўтарыў разоў пяць. Судзьдзя ў выніку мяне выдаліла. Ну і добра, што болей не вазілі. Езьдзіць штораз у кайданках складана, сядзець у клетцы, глядзець на цырк. Гэта кепская зьмена абстаноўкі. Лепш спакойна сядзець у камэры. Калі б я ведаў, што пусьцяць родных, якіх я даўно ня бачыў, то гэта адно. Але я разумеў, што нікога ня пусьцяць.
«Любога палітычнага робяць злосным парушальнікам»
— Як было ў наваполацкай калёніі?
— «Весела». Калёнія — гэта катаваньні, біцьцё.
— Вас білі?
— Мяне не. Адзін раз спрабавалі, але мо паглядзелі на ўзрост ці яшчэ што. Калёнія — гэта ШЫЗА, зь якога я не вылазіў. Любога палітычнага ў калёніі робяць злосным парушальнікам рэжыму. Каб людзі разумелі, што гэта такое… Прыходзяць да цябе і кажуць: «У цябе гузік расшпілены і ты не павітаўся, на цябе будзе акт». Потым прыходзяць і кажуць: «У цябе ў тумбачцы не прыбрана, будзе акт». Трэці раз прыходзяць: «У цябе ня 2 тысячы цыгарэт, а 2 тысячы і адна — будзе акт». Усё, ты злосны парушальнік рэжыму. І ты раптоўна становісься асабліва небясьпечным – за парушэньні, якіх у прынцыпе не было. Парушэньні немагчыма аспрэчыць. Празь пяць дзён у калёніі на мяне ўжо было пяць актаў і па адным зь іх мяне ставяць мыць унітазы. Мыюць унітазы ў калёніі людзі зь нізкім сацыяльным статусам. Калі ты ідзеш на такое, то аўтаматычна сам становісься чалавекам зь нізкім статусам. Гэта адзін з інструмэнтаў ціску на зьняволеных. Ім трэба закрыць у ШЫЗА — ставяць на ўнітазы, зрабіць парушальнікам — ставяць на ўнітазы. Я, натуральна, адмаўляюся і трапляю на трыццаць дзён у адзіночку ў ШЫЗА. А пятай ранку пад’ём, а шостай — сьняданак, аб адзінаццатай — абед, а чацьвёртай — вячэра. І ўсё.
— Што дапамагае псыхалягічна вытрымаць у такіх умовах?
— Думкі. Успаміны. Думаеш пра родных і блізкіх. Будуеш нейкія пляны, бо разумееш, што рана ці позна адтуль выйдзеш. Жыцьцё працягваецца. Я неяк ператрываю гэтыя месяц-два. Спрабуеш мысьліць пазытыўна, а гэтую абстаноўку ад сябе адкінуць. Нібыта ты зусім ня тут, а ў іншым месцы. Ты на рыбалцы, разам зь любімымі. Трэба перастроіцца і жыць далей.
«Я ўскрываўся, наклалі 68 швоў»
— Духам вы там не падалі?
— Не, ніколі. Былі вельмі складаныя сытуацыі. Ня тое, што край, за якім нічога не відаць. Ты проста разумееш, што вось проста цяпер безвыходнасьць, і ня ведаеш, што рабіць. Я ўскрываў сабе рукі, бо разумеў, што магу вярнуцца поўным інвалідам, калі гэта ўсё працягнецца трошку больш. Мяне спрабавалі замарозіць. Пасадзілі ў лістападзе ў камэру без ацяпленьня, паклалі на нарах пад самым акном, якое адчынілі; адчынілі вэнтыляцыю. Нібыта спаць я магу, ёсьць нары, але няма ні падушкі, ні коўдры, нічога. Камэра ўся ў плітцы, ледзяная камэра, пара ідзе з роту. Каб там пратрымацца, трэба ўвесь час адціскацца, прысядаць; ніколі не сядзіш на месцы, увесь час у руху. Рухаесься суткі, але на другія сілы цябе пакідаюць. Разумееш, што трэба паспаць. Але калі ты ляжаш, то адмарозіш сабе нейкія органы ці нешта яшчэ. А сядзець так трэба не адзін дзень, а дзесяць. Ніхто ня б’е, не пагражае, цябе проста трымаюць у лядоўні гэтай. У такім выпадку выхад адзін — выехаць у лякарню. Даць зразумець адміністрацыі, што ты будзеш сябе крамсаць. Калі прыйшоў супрацоўнік, то ўся камэра была ў крыві. Мяне павезьлі ў лякарню ў Наваполацак, наклалі 68 швоў. Потым мяне перавялі ў «нармальную» камэру (ну як нармальную — у ШЫЗА ўсе камэры халодныя).
— Што яшчэ пра калёнію можаце расказаць?
— Адчуваецца падтрымка ўнутры кантынгенту — арыштантаў, зэкаў. Адзін аднаму дапамагаюць, падтрымліваюць маральна, гавораць добрае. Мне гаварылі, што тры гады — гэта лухта. Нехта можа пачаставаць і ежай, і цыгарэтамі, і чаем. Дзеляцца інфармацыяй. Вялізны мінус — садысты ў наваполацкай калёніі. Начальнік любіць, калі балюча, калі чалавеку страшна.
«А раптам Бабарыка заўтра стане прэзыдэнтам?»
— З Бабарыкам перасякаліся?
— Так, але не кантактавалі. Гэта немагчыма, калі ў розных атрадах. На прамзоне таксама магчымасьці няма. На «адзінцы» ўсе ведаюць, што кантакты з Бабарыкам канчаюцца ШЫЗА. Вакол яго створаны вакуўм, мноства «стукачоў», якія сочаць, каб да яго ніхто не падыходзіў. Ён сам ня лезе ні да кога, ходзіць сам па сабе. Імкнецца нават ні з кім не вітацца, каб іх не падставіць. Бабарыку паставілі на адну з самых цяжкіх работ — вугаль. Ён віны не прызнае, на яго ідзе ціск. Але зь ім не размаўляюць ня толькі вязьні, але і адміністрацыя. Ці гэта ўнутраная пастанова, ці яна самі баяцца. Я размаўляў зь некаторымі, пытаўся, чаму не гаворыце з Бабарыкам. «А раптам ён заўтра стане прэзыдэнтам, ну яго нафіг. Хто ведае, як павернецца. Раптам мы ў Расею ўступім, а ў яго там Мілер, ён становіцца буйным чыноўнікам і нам не паздаровіцца».
«У калёніі няма часу ні на што»
— Што такое крытая турма ў Магілёве?
— Я быў рады, што мяне туды адвезьлі, хаця там быў строгі рэжым безь перадач. Але там не было садыстаў. Там культурна зьвярталіся, на «вы». Калі я быў там пад сьледзтвам, то ўсё вывучыў. Мне сказалі, калі будзеш сядзець нармальна, ня будзеш шумець, то выйдзеш нармальна. Я адказаў, што адсяджу свой тэрмін і спакойна выйду. Не было нават ШЫЗА ў мяне, толькі ў самым канцы туды трапіў.
— У чым прынцыповая розьніца між калёніяй і турмой?
— У калёніі зусім няма асабістага часу. Усё бегма і бегма. Прыходзіш у сталовую — за пару хвілін зьядай сваю ежу, ідзі далей. У калёніі шэсьць дзён — гэта прамзона. Я рваў дрот, кабэлі такія, потым гэты мэтал здавалі. Я зарабіў за месяц каля 80 капеек. Там няма нават часу напісаць ліст. Пасьля ШЫЗА мне далі 30 сутак «мятлы», дзьве гадзіны на дзень пасьля прамзоны хадзіць па «ўзьлётцы» між атрадамі з гэтай мятлой. І ня важна, ці там чыста, ці дождж ідзе, ці яшчэ што, — мяці. Потым вячэра. Няма часу ні памыць адзеньне, ні чаю папіць, ні кнігу пачытаць. На «крытцы» я прачытаў вельмі шмат кніг. Бібліятэкар нават гаварыў, што я яго дастаў, бо ён мне прыносіў па тры кнігі два разы на тыдзень. На «крытцы» шахматы, нейкае стасаваньне, хай і абмежаванае. Можна ліст напісаць. Гэта вельмі важна. Нейкае таварышаваньне існуе там. Трэба стварыць атмасфэру нармальнага існаваньня на доўгі тэрмін.
«Ты зараз афігееш»
— «Стукачоў» да вас падсаджвалі?
— Вядома, ну як бяз гэтага. Там усё так па-дурному. Быў такі таварыш з Украіны, які сядзеў паводле наркатычнага артыкулу 328: спрабаваў зь Літвы ўвезьці некалькі грамаў анашы. Ён сам з Херсону, горад акупаваны быў яшчэ. Прыходзіць неяк у камэру, ні ў кога няма ні перадач, ні пасылак, а ён прыходзіць з пасылкай. Кажа, брат з Масквы даслаў. Адкрывае пасылку, а там цыгарэты, чай, майткі, шкарпэткі. Усё зь беларускімі біркамі. “Брат з Масквы даслаў?” А гэта ўсё было ў нашай «атаварцы». “А ці ня «опэр» табе ўсё гэта даў?” Усе рагочуць у камэры. Ну як так можна спаліцца? Цікавімся, пра што пытаўся «опэр». «Ну пра цябе пытаўся, пра тое, пра гэта», — адказвае. Яму ніхто нічога не рабіў. Ну сядзіш, дурань, — сядзі далей. У нас у камэры не адбывалася нічога, што было б цікава.
— Як дазналіся пра вайну?
— Ад адваката. Тыдні праз два ад пачатку. У нас ніхто ня ведаў. Чалавек, які мяне вёў на сустрэчу, спытаўся, ці ў курсе я, што адбываецца ўвогуле. Ну адкуль я ў курсе? У нас жа ні радыё, ні тэлевізара, нічога. Ён кажа, ты зараз афігееш, калі табе навіны адвакат прыносіць. Я чытаць пачынаю і не разумею: «Сапраўдная вайна?» — “Так, з танкамі, ракетамі, караблямі”. Я быў у шоку. У камэры таксама не разумелі. У галаве не ўмяшчалася, што між Расеяй і Украінай можа быць вайна.
— На чыім баку людзі?
— Там сядзелі і ўкраінцы, і расейцы, і беларусы. Хтосьці за Расею, хтосьці за Ўкраіну. Але ў камэры знаходзіцца кампраміс, у камэры не павінна быць канфліктаў. Пытаньні вырашаюцца; усё, што адбываецца за сьценамі, нас датычыць слаба. Мы тут, і нам тут жыць. Давайце зьбіраць інфармацыю проста. Мне яшчэ прыходзіла «Независимая газета» тады, мы яе чыталі, разьбіраліся. Я праводзіў палітінфармацыю. Прапаноўваў задумацца, хто такі Пуцін, чаму да яго ставяцца станоўча. І так, думкі людзей мяняліся.
«Праз гадзіну пасьля вызваленьня ўжо лічыў, што гэта быў сон»
— Што было самым цяжкім у зьняволеньні?
— Першае спатканьне. У мяне камяк у горле тыдні два стаяў. Спатканьне было па тэлефоне праз шкло. Гэта было пасьля сканчэньня суду. Я ж нават ня ведаў аб прысудзе і аб спатканьні. Мяне проста вывелі з камэры. Прыводзяць у пакой спатканьняў, бяру слухаўку, бачу гэтыя вочы…
— Што было самым прыемным у зьняволеньні?
— Падтрымка людзей. Лісты, паштоўкі. Лістоў было вельмі шмат першы час. Яны былі і потым. Але стабільна лісты даходзілі ад чалавек пяці-шасьці. Мне нічога так і не аддалі ад астатніх. Прыемна было, калі адвакат перадаваў прывітаньні. З Наваполацку ні разу ня мог пазваніць дамоў. А з Магілёва мог званіць раз на месяц. Было нашмат лягчэй.
У мяне быў дзёньнік, куды я расьпісаў лічбы ў парадку ўбываньня. Ад пяціста дзён да аднаго. Караценька расьпісваў падзеі: хто прыйшоў у камэру, ад каго ліст. Адкрываеш дзёньнік і разумееш, што было пяцьсот дзён, а ўжо трыста, а цяпер сто пяцьдзясят, сто, Спрабуеш знайсьці пазытыў ва ўсім. Час там ляціць хутка, ён аднастайны, таму хуткі. Галоўнае — загрузіць сябе працай. Гэта сканворды, судоку, японскія крыжаванкі, дзе трэба маляваць (ніколі імі раней не займаўся), кнігі. Час ідзе.
Перад самым вызваленьнем (ці мой такі арганізм, ці ўвогуле чалавечы) ня верыш, што выйдзеш. Спачатку ты ня верыш, што ў турме, а потым, што выйдзеш: нават калі апынесься за брамай, то падыдуць людзі, пакажуць пасьведчаньне і прапануюць прайсьціся зь імі. За тыдзень да выхаду пачалася бессань. Спаў максымум гадзіну. Ляжаў з заплюшчанымі вачыма на падлозе ў ШЫЗА і проста пракручваў, што будзе. Калі выйшаў за вароты, сеў у машыну, то праз гадзіну адчуваньне, што гэта сон і ты там ня быў, што гэта было не са мной, а з кімсьці іншым.
«Гэта яны павінны стаць на калені, а ня я»
— Вам прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні?
— Ох, колькі разоў. Вазьнясенскі, ой, Васкрасенскі — адзін ліст, другі, трэці, чацьвёрты. Я іх выкідваю. Але на першы адказаў, бо ня ведаў, хто гэта ўвогуле. Спытаў: «А вы хто?» Адказу так і не прыйшло. Спытаўся праз адваката, мне патлумачылі. Лісты ішлі ва ўнітаз. Я прасіў адчапіцца ад мяне. Выклікаў апэратыўнік і пытаўся, ці буду пісаць прашэньне. «Не, натуральна». — «І віну прызнаваць ня будзеце?» — «Не». — «А гэта і ня важна, бо вы будзеце сядзець, як усе, гэта я проста дазнацца, для сябе».
— А чаму вы не пісалі?
— Каму? Куды? На памілаваньне? Вось гэтым уродам? Гэта зашквар, скажам проста. Гэта як стаць перад імі на калені і сказаць: «Прабачце мне, дурніцы грэшнай». Не. Гэта яны павінны стаць на калені перад людзьмі і прасіць прабачэньня. Прыходзіў да мяне зэк (хадзіў з чырвонай павязкай, з сшыткам): «На памілаваньне пісаць будзеш?» — «А табе якая справа?» — «Значыць, ня будзеш». — «Ідзі адсюль». Праз гадзіну мне кажуць, што мой лёс вырашаны і я паеду на «крытку». Яны нібыта кажуць, што няважна. Але хацелі, каб напісала як мага больш людзей на памілаваньне, каб нават выступілі па тэлевізіі. Яны хочуць паказаць, што мелі рацыю, што яны сапраўдныя баяністы і хакеісты, а гэтыя мярзотнікі памыліліся.
Я маральна быў падрыхтаваны, што тэрмін могуць дакінуць. Я каханай сказаў, што пісаць прашэньне на памілаваньне ня буду, што б са мной ні рабілі. Яна мне кажа, што, магчыма, людзі б цябе зразумелі, калі б ты так зрабіў. «Людзі магчыма, але я сабе дараваць не змагу. Што мне людзі? А як мне з гэтым жыць? Ты рашай сама, як далей, але я гэтага рабіць ня буду». Яна мне сказала, што падтрымае мяне, што б я ні зрабіў. Мне тады стала лягчэй. А многія напісалі — і сядзяць. Я не пісаў і выйшаў, а яны сядзяць.
«Аляксандар Рыгоравіч, аўсяначку будзеце?»
— Якую Беларусь вы ўбачылі па вызваленьні?
— Такую, як і чакаў. Людзі ў страху і неразуменьні. Шмат хто гаворыць, што ўсё прапала, нічога ня будзе. А гэта ня так! Заўжды ёсьць узьлёт і падзеньне. Нічога не зьмянілася ў пазыцыі людзей да ўлады. Стаўленьне толькі пагоршылася, у тым ліку ў адміністрацыі, супрацоўнікаў калёніі, тых, хто возіць сталыпінскія вагоны. Яны не рэвалюцыянэры, але разумеюць, хто ёсьць хто. Яны дакладна разумеюць, што Лукашэнка нелегітымны, што ў краіне адбыўся канстытуцыйны пераварот, улада захопленая сілай. Але яны тлумачаць гэта тым, што ў Лукашэнкі выбару не было, бо тады б яго вазілі ў «сталыпіне», а ня нас. А тое, што выбары прайграў — так, прайграў.
Людзі крыху прыбітыя, і беспрацоўе, і ціск, на кожным рагу міліцыянт, запалоханае грамадзтва, усе шыфруюцца, ня кажуць шчыра думкі, асьцярожныя ў сацсетках. Больш стала нянавісьці ў многіх. Мне здаецца, што гэты страх яшчэ перавернецца ў актыўнасьць, але я ня ведаю пакуль, як і калі гэта будзе. Але гэты момант будзе, бо так наша жыцьцё ўладкаванае. У таталітарных рэжымаў сярэдні тэрмін жыцьця — 30 гадоў. Плюс вайна ва Ўкраіне, якая ўплывае на наша ўнутранае становішча. Лукашэнка разумее, што пераможа Зяленскі — яму канец, пераможа Пуцін — яму канец. А перамогуць дакладна ўкраінцы, я нават не сумняваюся. І тады мы скажам: «Добры дзень, Аляксандар Рыгоравіч, аўсяначку будзеце?»
«Хадзіў уладкавацца ў „раёнку“ галоўным рэдактарам»
— Калі вы прынялі рашэньне выяжджаць?
— Яшчэ ў турме. Мне ж трэба працаваць. Расказаць, што адбываецца там. Я разумеў, калі дам хоць адно інтэрвію, то паеду назад у Наваполацак. Я плянаваў выезд, але ня ведаў, як гэта будзе. У мяне была забарона на выезд. Наяжджалі, каб я знайшоў працу, хаця яе няма. Кажуць, ідзі шукай. Далі нейкі аркушык, каб там пісалі адмовы. Я зайшоў у нашу раённую бярозаўскую газэту «Маяк» і папрасіў, каб мяне ўзялі на пасаду галоўнага рэдактара, але мне адмовілі (сьмяецца).
— Што цяпер плянуеце рабіць?
— Узнавіць працу каналу «Народны рэпарцёр». Ёсьць шмат думак, якія круціліся ў галаве яшчэ ў турме. Я пакуль ня ведаю кантэнту, што запатрабавана, але паспрабую рэалізаваць нейкія ідэі. Буду расплюшчваць людзям вочы, паказваць, хто ёсьць хто. Другая задача — усімі сіламі дапамагаць людзям. Я ўліўся ў працу ўжо. У Вільню дабіраўся амаль тыдзень. Атмасфэра тут абсалютна вар’яцкая. Я чакаў, што так будзе, але ж ня так! Столькі знаёмых! І звоняць, і пішуць, і інтэрвію.
— Ціханоўская працу ў сябе не прапаноўвала?
— Я ня думаю, што мяне запросяць туды. Я не прафэсіянал, а больш аматар (сьмяецца). І мне важная незалежнасьць. Калі ты пад кімсьці, то ёсьць рамкі і межы, а я гэтага не хачу.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.