Расейская журналістка Кацярына Яньшына знаходзілася на Акрэсьціна з 5 па 20 студзеня. Яна расказала «Нашай ніве» , што чула ад сваіх сукамэрніц пра тое, у якіх умовах у той час сядзела спартоўка.
Калі Кацярына была ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), ёй расказвалі, што Надзея Астапчук на Акрэсьціна. У ЦІП вельмі горача, а на Акрэсьціна, наадварот, вельмі холадна.
Паводле сукамэрніц Кацярыны, спартоўка захварэла падчас зьняволеньня, але нават у такім стане, лежачы на падлозе, закрывала сабой людзей ад скразьняку.
Хто такая Надзея Астапчук
Надзея Астапчук — беларуская лёгкаатлетка, рэкардсмэнка Беларусі ў штурханьні ядра. Чэмпіёнка Эўропы 2005 году (у закрытых памяшканьнях), срэбная прызэрка чэмпіянатаў сьвету 2001, 2003 (у закрытых памяшканьнях) і 2003 (на паветры). Атрымала перамогу ў чэмпіянаце сьвету 2005 году і Алімпійскіх гульнях 2012 году, але пазьней яе пазбавілі залатых мэдалёў з прычыны допінгавай дыскваліфікацыі.
У 2012 годзе атрымала Ордэн Айчыны III ступені.
У 2020 годзе Астапчук падпісала ліст беларускіх спартоўцаў «За сумленныя выбары і супраць гвалту», адкрыта асуджала рэжым Лукашэнкі і вайну ва Ўкраіне.
Астапчук прадала з аўкцыёну залаты мэдаль чэмпіянату Эўропы 2005 году за 11 100 даляраў. Грошы накіравала ў падтрымку спартоўцаў і палітвязьняў, якія пацярпелі пасьля выбараў-2020.
15 сьнежня Астапчук была затрыманая супрацоўнікамі сілавых структур.