Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымалі вядомую спартоўку Надзею Астапчук


Надзея Астапчук
Надзея Астапчук

Стала вядома аб затрыманьні чэмпіёнкі Эўропы, прызэркі чэмпіянату сьвету Надзеі Астапчук.

Пра гэта паведамляе фонд «Краіна для жыцьця».

Цяпер Надзея на Акрэсьціна, прычыны затрыманьня невядомыя. Перадачу для яе не прынялі.

Астапчук падпісала ліст беларускіх спартоўцаў «За сумленныя выбары і супраць гвалту», адкрыта асуджала рэжым Лукашэнкі і вайну ва Ўкраіне.

«Тое, што людзі ў ХХІ стагодзьдзі за свае выказваньні баяцца вярнуцца на радзіму, сьведчыць пра адно: сытуацыя ў дзяржаве агулам і ў спорце ў прыватнасьці нездаровая, — так яна камэнтавала сытуацыю зь невяртаньнем спрынтэркі Крысьціны Ціманоўскай у Беларусь з Алімпіяды ў Токіё ў 2021 годзе. — І не зважаць на гэта ўжо ня ўдасца. Што да мэтадаў застрашваньня, пагрозаў, ультыматумаў, зноў жа, у нас трэнэрска-адміністратарскі склад у бальшыні сваёй перакачаваў з савецкіх часоў, таму бяздумна рэтрансьлюе рыторыку, якая ліецца з афіцыйных каналаў. Уласнай пазыцыі ў гэтых людзей папросту няма».

Раней Астапчук прадала з аўкцыёну за 11 100 даляраў залаты мэдаль чэмпіянату Эўропы 2005 году. Грошы былі накіраваныя ў падтрымку іншых спартоўцаў і палітвязьняў, якія пацярпелі пасьля выбараў-2020.

  • Надзея Астапчук — беларуская штурхальца ядра. Чэмпіёнка Эўропы 2005 году (у зачыненых памяшканьнях), срэбраная прызэрка чэмпіянатаў сьвету 2001, 2003 (у зачыненых памяшканьнях) і 2003 (на паветры). Атрымала перамогу ў Алімпійскіх гульнях 2012 году, але пазьней была пазбаўленая залатога мэдаля з прычыны допінгавай дыскваліфікацыі.
  • 30 верасьня ў Менску быў затрыманы і арыштаваны паводле арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») былы брамнік футбольнай зборнай Беларусі, трэнэр Васіль Хамутоўскі. Яму паставілі ў закід рэпост паведамленьня з тэлеграм-каналу, прызнанага «экстрэмісцкім». Пра вызваленьне Хамутоўскага не паведамлялі.
  • У 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту праз затрыманьні і суды з адміністрацыйнымі артыкуламі прайшлі многія беларускія спартоўцы — сярод іх баскетбалісты Алена Леўчанка і Ягор Мешчаракоў, лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, гандбольны трэнэр Канстанцін Якаўлеў, кікбаксэр Іван Ганін.
  • У 2021 годзе на 90 базавых велічыняў (на той момант 2 610 рублёў) паводле арт. 24.23 КаАП («парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў») аштрафаваная чэмпіёнка сьвету ў фрыстайле Аляксандра Раманоўская.
  • За кратамі з палітычных матываў дагэтуль застаюцца баец ММА Аляксей Кудзін, футбаліст і спартовы журналіст Аляксандар Івулін, іншыя прадстаўнікі беларускага спорту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG