Пра гэта са спасылкай на сацдаследаваньне было заяўлена на панэльнай дыскусіі «Беларуская дыяспара новая і старая», арганізаванай 2 лютага дасьледчым цэнтрам Офіса Сьвятланы Ціханоўскай.
Як адзначаюць аўтары дасьледаваньня «Беларускія мігранты ў Польшчы і Літве: агульныя тэндэнцыі і параўнальны аналіз 2022 г.», летась у лістападзе польскія ўлады ацэньвалі колькасьць беларусаў у 100-150 тыс.
Другая па важнасьці прычына эміграцыі зьвязаная з эканомікай і працаўладкаваньнем. Выбар Польшчы ў якасьці прымаючай краіны 75% рэспандэнтаў патлумачылі магчымасьцю атрыманьня там дакумэнтаў для легалізацыі. Іншымі фактарамі, якія аказалі ўплыў, былі блізкасьць культур, адсутнасьць моўнага бар’еру, асабісты досьвед наведваньня краіны ў мінулым.
Аўтары адзначаюць высокае пачуцьцё бясьпекі мігрантаў — 8 балаў па 10-бальнай шкале. Якасьць жыцьця рэспандэнты ацанілі на 7,4 бала.
53% апытаных мігрантаў назвалі заработную плату, якую атрымліваюць па працоўных дагаворах, асноўнай крыніцай даходу.
Насуперак міту аб тым, што мігранты аказваюць сурʼёзны ціск на сацыяльную сыстэму прымаючага боку, толькі 54% беларусаў карысталіся паслугамі польскай аховы здароўя, 36% — адукацыі, адзначаюць дасьледчыкі. Для Літвы гэтыя лічбы роўныя адпаведна 55,7 і 29,6%.
Роля дыяспар ацэньваецца як важная, «хоць доля тых, хто ведае аб існаваньні гэтых арганізацый, значна большая, чым доля тых, хто ўдзельнічае ў іх дзейнасьці».
Пляны і пэрспэктывы вяртаньня мігрантаў у Беларусь з Польшчы выглядаюць няпэўна.
«Больш за палову апытаных (53%) не змаглі даць дакладнага адказу, 23% сказалі, што плянуюць вярнуцца, у той час як аналягічная па колькасьці група (24%) заявіла, што ў іх няма такіх плянаў», — гаворыцца ў дасьледаваньні.
«Вайна ва Ўкраіне, жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі і адсутнасьць вызначанасьці, безумоўна, абмяжоўваюць магчымасьці доўгатэрміновага плянаваньня беларускіх мігрантаў», — канстатуюць аўтары апытаньня, праведзенага ў чэрвені–кастрычніку 2022 году.
Дасьледаваньне было арганізавана на онлайн-плятформе. У ім узялі ўдзел 777 рэспандэнтаў у Польшчы і 335 — у Літве. Праведзена таксама 26 глыбінных інтэрвію (15 — у Польшчы, 11 — у Літве), якія дапаўняюць колькасны аналіз даных.
12 студзеня адзін з аўтараў дасьледаваньня, экспэртка Цэнтру дасьледаваньняў Усходняй Эўропы, палітоляг Жывіле Дамбраўскайце, паведаміла, што палітычнымі эмігрантамі зьяўляюцца 86% беларусаў, якія пераехалі ў Літву. Паводле ацэнкі палітоляга, у Літве знаходзіцца каля 40 тысяч беларусаў. Гэтую балтыйскую дзяржаву яны выбіраюць для пераезду, паколькі там «ясны парадак атрыманьня візы і дазволу на жыхарства». Акрамя таго, беларусы «адчуваюць сувязь зь Літвой», бо ведаюць гэтую краіну.
Магчымасьцю атрыманьня дакумэнтаў для легалізацыі выбар Літвы патлумачылі 46% рэспандэнтаў. Узровень бясьпекі краіны ацэнены ў 8,81 бала.
Вярнуцца дадому зьбіраліся 34,5% эмігрантаў, якія зьехалі ў Літву, не зьбіраліся — 20,7%, астатнія ня вызначыліся.