Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дармаедаў» зноў абкладуць падаткам. Прыгадваем яго гісторыю


Пратэст у Магілёве супраць «падатку на дармаедзтва», архіўнае фота
Пратэст у Магілёве супраць «падатку на дармаедзтва», архіўнае фота

З 2023 году ў Беларусі будуць дадаткова абкладаць незанятых у эканоміцы новым падаткам. Закране ён ня ўсіх.

З гэтага году не занятыя ў эканоміцы беларусы зноў падпадуць пад «падатак на дармаедзтва», але ня ўсе і не адразу.

Справа ў тым, што ў Падатковы кодэкс унесьлі некаторыя зьмены — падатковая інспэкцыя будзе правяраць розьніцу паміж выдаткамі і прыбыткамі тых беларусаў, хто афіцыйна не працуе безь перапынку 5 гадоў.

Для такіх катэгорый не занятых у эканоміцы ў прыбыткі ня будуць уключаць падараваныя грошы, пазыкі, а таксама грошы, якія перадалі на захаваньне.

Выключэньне зрабілі для такіх прыбыткаў, якія былі атрыманыя ад сваякоў, у тым ліку бацькоў, дзяцей, мужа і жонкі, родных братоў і сясьцёр, бабуль і дзядуляў. Але такія прыбыткі не павінны быць зьвязаныя з прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Тут прапісалі абмежаваньне. Агульная сума такіх грашовых паступленьняў ад сваякоў не павінна перавышаць 100 базавых велічыняў (на сёньня гэта 3700 рублёў) на працягу году. Іначай чалавеку давядзецца заплаціць падатак памерам 10% з сумы перавышэньня.

Як уводзілі «падатак на дармаедзтва»

Улады прыдумалі «падатак на дармаедзтва» ў 2015 годзе. Па задуме, чалавек, які не працаваў 183 дні запар, мусіў сплаціць збор у 20 базавых велічыняў. На той момант гэта было 360 рублёў. Першыя «лісты шчасьця» да тых, хто афіцыйна не працуе, пачалі прыходзіць у 2017 годзе.

Агулам іх адправілі да 470 тысяч чалавек. Часам чыноўнікі памыляліся, і зьвесткі пра падатак прыходзілі студэнтам, працуючым ды іншым людзям, якія не падпадалі пад дэкрэт.

Да чаго прывёў «падатак на дармаедзтва»

У 2017 годзе па ўсёй Беларусі пачаліся пратэсты супраць «падатку на дармаедзтва», яны ахапілі як буйныя гарады, так і невялікія. Упершыню за доўгія гады ў Беларусі людзі выходзілі на пратэсты ня толькі ў Менску, але і ў Пінску, Баранавічах, Оршы ды іншых мясцовасьцях.

Паступова на мітынгах, апроч патрабаваньняў адмяніць падатак на «дармаедзтва», пачалі гучаць палітычныя патрабаваньні і прэтэнзіі да ўлады.

Кульмінацыяй пратэстаў стала 25 сакавіка. Тады на Дзень Волі ўлады жорстка разагналі пратэст у Менску, а перад гэтым затрымалі больш за дзясятак чалавек па прыдуманай «справе тэрарыстаў». Пасьля ўсіх фігурантаў выпусьцілі на волю без суду.

Як павялі сябе ўлады

Лукашэнка пасьля пратэстаў даручыў дапрацаваць «дэкрэт пра дармаедаў». У студзені 2018 году «падатак на дармаедзтва» адмянілі, але тыя, хто афіцыйна не працуе больш за паўгода, цяпер мусяць аплачваць поўны кошт тых паслуг ЖКГ, якія субсыдуе дзяржава. Фактычна гэта толькі ацяпленьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG