Вядзе працэс судзьдзя Марына Запасьнік. Яна адхіліла хадайніцтва праваабаронцаў аб тым, каб суд праходзіў на беларускай мове, а таксама адмовіла затрыманым у праве на перакладчыка. Хадайніцтва пра тое, каб зь Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча зьнялі падчас працэсу кайданкі, Запасьнік нават не разглядала.
Дзяржаўным абвінаваўцам у справе выступае Аляксандар Кароль. На працэсе пракурор заявіў, што «матэрыялы справы сьведчаць аб тым, што Бяляцкі можа схавацца ад правасудзьдзя», таму ён не пабачыў падставаў для зьмены меры стрыманьня праваабаронцу.
Свабода паглядзела, што вядома пра Марыну Запасьнік і Аляксандра Караля.
Палітычныя прысуды з 2011 году
Марыне Запасьнік 41 год. Яна родам зь Менску. На сёньняшні момант зьяўляецца намесьніцай старшыні суду Ленінскага раёну Менску.
Першыя палітычна матываваныя прысуды Марына Запасьнік стала выносіць у 2011 годзе, калі адпраўляла на «суткі» ўдзельнікаў акцый «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Судзьдзі на той момант ня споўнілася і 30.
Праз год Запасьнік арыштавала на 12 дзён аўтара нашумелага тады пэрформансу «Мусарок» Івана Амельчанку. Хлопец выйшаў на «Чарнобыльскі шлях» у 2012 годзе з самаробным плякатам «Мусарок» са стрэлачкай і падыходзіў да людзей у цывільным, якія здымалі на камэры акцыю. Па адбыцьці тэрміну Амельчанку зноў прывезьлі да Запасьнік, і яна асудзіла маладзёна яшчэ на 15 сутак.
Таксама ў 2012 годзе Запасьнік судзіла мастака Алеся Пушкіна. Падчас свайго пэрформансу Пушкін прыйшоў у будынак Вярхоўнага суду з партрэтам дзеяча антысавецкага супраціву Расьціслава Лапіцкага. Гэта было кваліфікавана як несанкцыянаванае пікетаваньне. Вынік для Пушкіна — 12 дзён адміністрацыйнага арышту.
У біяграфіі Марыны Запасьнік было шмат вядомых падсудных — Уладзімер Някляеў, Мікола Статкевіч, Максім Вінярскі, Анатоль Лябедзька, Юрась Беленькі. Нікога зь іх судзьдзя не апраўдала.
Заяўляў на судзе пра згвалтаваньні — атрымаў 5 гадоў калёніі
Ад верасьня 2020 году Марына Запасьнік зноў далучаецца да палітычных працэсаў. Удзельнікі акцый пратэсту спраўна атрымлівалі ад яе арышты і штрафы.
Найбольш гучным для судзьдзі ў той час быў працэс над славутай баскетбалісткай Аленай Леўчанкай. Спартоўку, якая падтрымала рух за перамены, затрымалі ў аэрапорце, калі яна зьбіралася вылецець у Грэцыю.
Марына Запасьнік пакарала вядомую ва ўсім сьвеце баскетбалістку 15 днямі арышту.
Ад лістападу 2020 году Запасьнік пераходзіць і да разгляду крымінальных справаў. Першымі асуджанымі палітвязьнямі для яе сталі Андрэй Хранкоў, Аляксей Чарвінскі і Сяргей Раткевіч. Гэта мужчыны, якіх затрымалі 30 жніўня падчас бойкі дэманстрантаў зь міліцыяй. Запасьнік пакарала затрыманых тэрмінамі 4 і 5 гадамі зьняволеньня.
Разглядала Марына Запасьнік таксама справу з блякаваньнем дарог у Серабранцы. У выніку журналістка Вольга Класкоўская атрымала 2 гады калёніі (ня так даўно яна выйшла на волю).
Палітзьняволены Віктар Барушка на працэсе агучыў зьвесткі аб тым, што яго білі супрацоўнікі міліцыі, а таксама згвалтавалі дубінкай. Пасьля затрыманьня мужчына правёў 12 дзён у рэанімацыі. На прысуд гэта ніяк не паўплывала — 5 гадоў калёніі.
Сайт «Зубар» паведамляе, што Марына Запасьнік асудзіла ўдзельнікаў акцый пратэсту на 770 дзён адміністрацыйнага арышту, а таксама прысудзіла на 13150 рублёў штрафаў. У ліпені 2021 году Запасьнік трапіла ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу.
«Пагардлівае стаўленьне да беларускай мовы»
Пра старшага пракурора аддзелу Генэральнай пракуратуры Аляксандра Караля вядома менш. Найбольш гучнай справай, у якой Кароль быў дзяржаўным абвінаваўцам, стаў працэс супраць аўтараў расейскага шавіністычнага сайту «Рэгнум».
«У тэкстах дэманструецца пагардлівае стаўленьне да беларускай гісторыі і мовы. Беларуская мова называецца прымітыўнай, карыстаньне якой магчымае толькі ў побыце», — казаў тады на судзе Аляксандар Кароль.
Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку судзілі паводле артыкулу 130 КК «Распальваньне міжнацыянальнай варожасьці». Усе яны былі асуджаныя на пяць гадоў зьняволеньня з адтэрміноўкай на тры гады. Менавіта столькі і прасіў пракурор.
Аляксандар Кароль таксама быў абвінаваўцам на працэсе анархіста-палітвязьня Зьмітра Паліенкі. Пракурор прасіў для хлопца шэсьць гадоў калёніі за «злоснае хуліганства». Гаворка пра інцыдэнт з распыленьнем пярцовага балёнчыка ў пад’езьдзе. Суд жа пакараў Паліенку трыма гадамі «хатняй хіміі».
Пасьля Кароль нават выносіў пратэст у Вярхоўны суд з прычыны мяккага прысуду, але празь нейкі час ад яго адмовіўся.
У 2021 годзе Аляксандар Кароль атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі мэдаль «За працоўныя заслугі». А на сайце Генэральнай пракуратуры апісваецца ўдзел Караля ў паэтычных чытаньнях у ведамстве. Пракурор «бліскуча прачытаў» твор Эдуарда Асадава «У ночного экспресса».
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.