Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 адвакатаў, якія баранілі ў тым ліку Калесьнікаву і Бабарыку, пазбавілі ліцэнзій


Пазбаўленыя ліцэнзіі адвакаты Ўладзімер Пыльчанка і Віктар Мацкевіч. Каляж
Пазбаўленыя ліцэнзіі адвакаты Ўладзімер Пыльчанка і Віктар Мацкевіч. Каляж

Міністэрства юстыцыі 30 сьнежня паведаміла аб пазбаўленьні ліцэнзій 10 адвакатаў.

28 сьнежня спынена дзеяньне ліцэнзій, выдадзеных Андрэю Камісараву, Андрэю Невядоўскаму, Ягору Папкоўскаму «ў сувязі з прымяненьнем да адвакатаў дысцыплінарных спагнаньняў у выглядзе выключэньня з тэрытарыяльных калегій адвакатаў за ўчыненьне правін, не сумяшчальных са званьнем адваката».

Марыя Давыдчык, Сяргей Космач, Галіна Мамонька, Віктар Мацкевіч, Уладзімер Пыльчанка і Ўладзімер Ягадзінскі пазбаўленыя ліцэнзій «у сувязі зь немагчымасьцю выкананьня адвакатамі сваіх прафэсійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі».

Пыльчанка быў адвакатам палітвязьняў Марыі Калесьнікавай, Эдуарда Бабарыкі, Ірыны Слаўнікавай, Кацярыны Бахвалавай, Лявона Халатрана і іншых.

Мацкевіч абараняў палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Яўгена Юшкевіча, Віктара Бабарыку, Алеся Бяляцкага.

11 студзеня 2023 году Мін’юст спыняе дзеяньне ліцэнзіі, выдадзенай Аляксандру Чырве, «у сувязі з выяўленым грубым парушэньнем ліцэнзіятам заканадаўства аб ліцэнзаваньні».

З пачатку 2021 году Мін’юст пазбавіў ліцэнзій ня менш як 60 адвакатаў. Ліквідавана каля 100 адвакацкіх бюро, спынена дзейнасьць каля 400 адвакатаў, якія практыкавалі індывідуальна.

Сыстэматычны ціск на адвакатуру пачаўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Заканадаўча яна фактычна страціла незалежны ад дзяржавы статус: з 2021 году адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненьні зь Мін’юстам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG