Нафтавы танкер Kiwala ўлады Эстоніі затрымалі ў Фінскай затоцы, але расьсьледаваньне не зьвязанае з пашкоджаньнем крытычнай інфраструктуры.
Пры гэтым камандзір ВМС Эстоніі Іва Вярк адразу заявіў прэсе, што затрыманьне судна адбылося з мэтай праверкі дакумэнтаў і ніяк не зьвязанае з расьсьледаваньнем аб пашкоджаньні крытычнай інфраструктуры ў Фінскай затоцы.
Кіраўнік памежнай аховы Дэпартамэнту паліцыі і памежнай аховы Вэйка Камусаар пацьвердзіў, што апошнім часам у затоцы было нямала караблёў без патрэбных дакумэнтаў. Ягоныя словы прыводзіць Err.ee.
Сэрвіс Marine Traffic паведамляе, што танкер у цяперашні час стаіць на якары ў заліве Мууга на ўсход ад вострава Эгна, побач зь ім два вайсковыя караблі эстонскіх ВМС.
Расейскі карабель быў пад санкцыямі за папярэднюю незаконную дзейнасьць як Эўрапейскім зьвязе, так і шэрагу краін (Вялікая Брытанія, Канада, Швайцарыя).
Танкер ішоў з порту Сіка ў Індыі ў порт Усьць-Луга ў Расеі, таму грузу на ім, падобна, не было.
«У карабля не было сьцягу. Гэта было судна безь сьцягу. Такія караблі фактычна ня маюць права плаваць. Эстонія скарысталася сваім правам затрымаць судна для праверкі», — растлумачыў Вэйка Камусаар.
У час затрыманьня Транспартная ўправа правярае тэхнічны стан і страхоўку судна, а таксама дакумэнты экіпажу. Для затрыманьня таксама выкарыстоўвалі вэрталёт.
На караблі 24 чалавекі. Капітан карабля з Кітаю супрацоўнічае зь сьледзтвам, паведамляюць улады Эстоніі. Астатнія ўдзельнікі экіпажу карабля, праўдападобна, грамадзяне М’янмы.
Карабель будзе затрыманы да ліквідацыі тэхнічных няспраўнасьцяў.
Як паведамляе ўкраінскі дзяржаўны партал WarSanctions, гэта карабель расейскага «ценевага флёту», які экспартуе ў трэція краіны расейскую нафту і нафтапрадукты, якія трапілі пад санкцыі.
Уладальнікі і кіраўнікі карабля пастаянна мяняліся, спрабуючы пазьбегчы простых сувязяў з Расеяй і схаваць сапраўдных бэнэфіцыяраў. Апошнім часам карабель хадзіў пад сьцягам афрыканскай дзяржавы Джыбуці.
Форум