Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьнялі патэльню з пліты і білі мужа». Як зьдзекаваліся зь сям’і за «няправільныя» падпіскі ў тэлеграме


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адна зь сямейных пар, якую затрымалі ў верасьні ў выніку чарговай «аблавы» сілавікоў на грамадзян, расказваюць пра зьдзекі і катаваньні. Яны папярэджваюць — маштаб рэпрэсій ня зьменшыўся, ГУБАЗіК і іншыя сілавікі не спыняюць перасьлед беларусаў.

Муж і жонка распавялі блогу «Людзі» аб тым, як да іх уварваліся са зброяй, пагражалі забраць дзяцей і завялі крымінальную справу. Цяпер абое жывуць у Эўразьвязе, яна вымушана пакінулі Беларусь.

Вользе і Сяргею па 48 гадоў, муж і жонка знаёмыя яшчэ са школы і разам ужо 32 гады. У пары чацьвёра дзяцей: двое ўжо паўналетнія, а малодшым па 13 гадоў. У 2020 годзе яны, як і многія беларусы, абурыліся хвалі гвалту, якая пракацілася па краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. І вырашылі выказаць свой пратэст, як маглі: мірныя акцыі, лісты палітвязьням, чаяваньне з суседзямі. Пазьней імі зацікавіліся сілавікі.

Ператрус

«Рана раніцай, прыкладна ў 7.30, прагучаў рэзкі званок у дзьвярах, — распавядае Вольга. — Я яшчэ была ў ложку, Сяргей ужо ўстаў, пайшоў у душ. У мяне толькі пасьпела мільгануць думка, што, мусіць, прарвала трубу, мы затапілі людзей, і таму да нас прынесьліся. Праз пару сэкунд пачаліся дзікія гукі, усё грукатала, стаяў страшны шум. Мы крычалі, што бяжым адчыняць. Як былі, у бялізьне. Толькі потым даведаліся, што гэта гук кавадлы: адначасова са званком нам ламалі дзьверы. Мусіць, крычалі, што гэта міліцыя, але я ня чула, знаходзілася ў шоку.

Мы адчынілі, і першыя, каго ўбачылі, — людзі з аўтаматамі, у шаломах, у бронекамізэльках. Яны адразу ж сказалі легчы на падлогу. Ня ведаю, як хутка лёг Сяргей, але мяне паралізавала, я не разумела, што адбываецца».

Затым сілавікі пачалі патрабаваць паролі ад тэлефонаў, убачылі там падпіскі і перадрукі з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў і сказалі, што навіны трэба глядзець па тэлевізіі, а не ў тэлеграме.

«У Сяргея стаяў партызанскі тэлеграм, ён сказаў ім адмысловы пароль, і другая „тэлега“ з усімі чатамі выдалілася. Тады яго за ногі пацягнулі на кухню і пачалі біць. Я ўсё гэта чула, але не разумела, чым. Быў такі гук: ці то аўтаматам, ці то папругай. Сяргей пачаў крычаць. Потым мы даведаліся — яны зьнялі патэльню з пліты і білі ёй», — кажа Вольга.

Яе муж дадаў, што патэльню нават пагнулі. Пазьней аказалася, што падобнае рашэньне сілавікі выкарыстоўваюць часта — у камэры ў Сяргея знайшліся людзі, якіх білі такім самым чынам.

Жонцы стала вельмі кепска, нейкі час яна не была нават упэўненая, што ейны муж жывы.

«Наогул у мяне ўварылася ўражаньне, што яны проста прыйшлі навесьці беспарадак, — тлумачыць беларуска. — Дзеці (тады ім было 12 гадоў) ўвесь гэты час сядзелі ў пакоі, зь імі ўсе дзьве гадзіны знаходзіўся асобны супрацоўнік. Ад усяго гэтага яны прачнуліся і ляжалі ў ложках не зварухнуўшыся. Дачка толькі два разы хадзіла ў прыбіральню, вялізнымі вачыма глядзела на ўсё. Сяргей адразу ляжаў проста пасярод калідора, яна акуратна пераступала яго і ішла назад. Пыталася ў гэтага супрацоўніка, чаму тата ляжыць, рукі за галавой. «Гэта каб ня стрэліў!» — «Дык у яго зброі ніякай няма, чаго ён ляжыць у трусах?» — «Ну, гэта на ўсякі выпадак».

Дзецям наўпрост сказалі, што іхныя бацькі — злачынцы, а дзьверы маглі пастраляць з аўтаматаў, застрэліўшы тату і маму. Затым, калі бацькоў павезьлі на допыты, у кватэру прыехаў паўналетні сын, які стаў глядзець за меншымі.

Вольгу распытвалі пра чат-бот пляну «Перамога», прымусілі пагрозамі і крыкамі падпісаць пратакол, што яна нібыта плянавала сілавы захоп улады. У выніку Вольгу на наступны дзень абавязалі прыйсьці ў ГУБАЗіК, а мужа ня выпусьцілі.

Катаваньні на Акрэсьціна

Сяргей правёў свой адміністрацыйны арышт на Акрэсьціна, ён расказвае пра нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня.

«Мы неяк разьлегліся, усе 18 чалавек, а тут адчыняюцца дзьверы, і яшчэ двое заходзяць. І яны нават ня могуць спакойна на падлогу ступіць, бо ўсё ў людзях. Многія былі пабітыя, зь пераламанымі рэбрамі, зь перакошанымі тварамі. Некаторыя нават дыхаць нармальна не маглі, бо ўсё балела. Аднаго затрымлівалі, паклалі тварам у асфальт і так працягнулі па зямлі. Яшчэ аднаго проста ў тэпціках забралі. Ён у трусах, толькі пасьпеў схапіць куртку жонкі — і вось так спаў на падлозе 15 сутак. А яшчэ быў таксоўшчык, які прыехаў на выклік, убачыў, што гэта Сьледчы камітэт, павярнуўся і зьехаў. У яго гэта другія 15 сутак: ён мусіць выходзіць, але потым накінулі яшчэ».

Мужчына ўспамінае: акно ў камэры не зачынялася шчыльна, і ўначы было вельмі холадна. Усе ўвесь час хварэлі, многія на COVID-19. Сяргей таксама захварэў, і кашаль з дыхавіцай не праходзілі каля месяца.

Затым Сяргею сказалі, што яго затрымліваюць у крымінальнай справе і перавялі ў бэтонны карцар з вялікай колькасьцю людзей, і таксама хворых.

У гэты час Вольга разам з адвакатам пісалі хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня мужу. Справа ў тым, што ў мужчыны ляжачая маці, за якой патрэбны догляд, а таксама двое непаўналетніх дзяцей, якія вучацца дома. Усё гэта Вольга расказала ў заяве, прыклала характарыстыку з працы. І нейкім цудам Сяргея выпусьцілі. Ужо на наступны дзень яе муж паехаў зь Беларусі. Цяпер сям’я вымушана жыве за мяжой.

Вольга падкрэсьлівае: затрыманьні ў Беларусі ўсё яшчэ масавыя і іх колькасьць толькі расьце. Але пра гэта ня ведаюць і не гавораць, таму маштаб рэпрэсій проста недаацэньваюць. Многія і зусім баяцца паведамляць аб затрыманьні і крымінальных справах родных. Пра гэта жанчына ведае не па чутках: некалькі знаёмых знаходзяцца ў зьняволеньні, але іх блізкія баяцца публічнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG