Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 12 лістапада: маладэчанца пакаралі «хатняй хіміяй» за абразу Карпянкова; у Беларусі ўжо 1425 палітвязьняў


Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Маладэчанца асудзілі за абразу ў «Одноклассниках» былога начальніка ГУБАЗІК Мікалая Карпянкова

У судзе Маладэчанскага раёну вынесены прысуд мясцоваму жыхару Аляксандру Самалю, абвінавачанаму ў абразе прадстаўніка ўлады — на той час начальніка ГУБАЗіК МУС Беларусі Мікалая Карпянкова (арт. 369 КК), паведамляе «Вясна».

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Аляксандар «маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў, пасьля прагляду публікацыі пра Мікалая Карпянкова, наўмысна разьмясьціў абразьлівы камэнтар, які мае прыніжальную і непрыстойную форму маўленчага выказваньня».

Аляксандар Самаль прызнаў сваю віну цалкам, адназ заяўленую ў судзе Карпянковым матэрыяльную прэтэнзію маральнай кампэнсацыі ў памеры 1000 рублёў прызнаваць адмовіўся.

Судзьдзя Дзяніс Барэйка прызначаў Самалю абмежаваньне волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і шэсьць месяцаў. Таксама суд прызнаў права аб спагнаньні на карысьць Карпянкова матэрыяльную кампэнсацыю ў памеры 1000 рублёў.

У Беларусі 4 новыя палітвязьні

12 лістапада ў супольнай заяве беларуская праваабарончая супольнасьць абвясьціла аб прызнаньні палітычнымі зьняволенымі яшчэ чатырох чалавек. Гэта:

Міхаіл Зубкоў, асуджаны да 3 гадоў абмежаваньня волі ў папраўчай установе па арт. 364 КК за гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у адказ на дзеяньні па гвалтоўным разгоне мірных акцый пратэсту; у выніку дзеяньняў абвінавачанага істотнай шкоды здароўю нанесена не было;

Павал Лінкевіч, асуджаны да 7 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі па ч. 2 арт. 147 КК за неасьцярожны наезд пры руху заднім ходам на аўтамабілі, ратуючыся ад адвольнага затрыманьня, на нагу супрацоўніка органаў унутраных спраў;

Захар Таразевіч, асуджаны да 7 гадоў і 6 месяцаў пазбаўленьня волі паводле абвінавачваньня ў падпале аўтамабіля старшыні Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз, па артыкуле 218 КК (Наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці);

Антон Лысаў, асуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачваньня ў падпале аўтамабіля старшыні Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз, па артыкуле 218 КК (Наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці).

Агулам паводле стану на 12 лістапада беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітычнымі зьняволенымі ўжо 1425 чалавек.

Палітзьняволены «хімік» Вячаслаў Сьмірноў адбыў 10-дзённы арышт за «дробнае хуліганства»

У менскай ПУАТ-55 падчас масавай «зачысткі» супрацоўнікамі ГУБАЗіКу і АМАПу быў затрыманы Вячаслаў Сьмірноў. Сілавікам не спадабалася наяўнасьць у тэлефоне мэсэнджэру Тэлеграм, пры гэтым яны не знайшлі ні «экстрэмісцкіх» каналаў, ні рэпостаў, паведамляе «Вясна».

На Вячаслава Сьмірнова склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП (Дробнае хуліганства). Нібыта ён «паводзіў сябе агрэсіўна і задзірліва, нецэнзурна лаяўся, размахваў рукамі, а на заўвагі не рэагаваў».

У выніку суд арыштаваў палітвязьня на 10 дзён. Арышт ён адбываў у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.

Вячаслава Сьмірнова абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і асудзілі да 2 гадоў «хіміі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG