Стрыечны брат Васіля Парфянкова пасьля допытаў выехаў зь Беларусі
Стрыечны брат загінулага ва Ўкраіне байца палку Каліноўскага Васіля Парфянкова ўцёк у Польшчу. Сяргей Бандарэнка зьбег зь лякарні ў Менску, куды трапіў пасьля допыту сілавікамі, піша «Радыё Рацыя».
Мужчыну затрымлівалі двойчы, правялі ператрус, забралі тэлефон. Пакуль вядома, што супраць яго ідзе адміністрацыйны працэс за рэпост інфармацыі пра Васіля Парфянкова.
Першы раз Сяргея Бандарэнку арыштавалі на 15 дзён пасьля гібелі ва Ўкраіне яго стрыечнага брата. Цяпер Бандарэнка ў Польшчы, у лягеры для ўцекачоў. Выехаць яму дапамог фонд BySol.
Трэнэра арыштавалі на 10 дзён, пагражаюць крымінальнай справай
Затрыманага 4 лістапада ў Менску футбольнага трэнэра Алега Швайко асудзілі на 10 дзён адміністрацыйнага арышту. Які артыкул КаАП нібыта парушыў трэнэр футбольнага клюбу «Мінск» — пакуль невядома.
Знаёмыя Алега папярэдне кажуць, што супраць Швайко пачалі крымінальную справу, пасьля адбыцьця пакараньня яго перавядуць у СІЗА № 1 на Валадарскага.