Затрыманьні ў Гомлі і Горадні, за здымак са сьцягам і за камэнтары
За фотаздымак з нацыянальным сьцягам, зроблены ў Нямеччыне, сёньня ў Гомлі затрымалі фаната ФК «Гомель» Аляксея Барсукова.
Каб затрымаць аднаго чалавека ГУБАЗіКу спатрэбілася дапамога як мінімум чатырох амапаўцаў, паведамляе «Вясна».
Тым часам у Горадні, па вяртаньні з Польшчы, быў затрыманы мясцовы жыхар Антон Фурса.
На «пакаяльным відэа» Фурса кажа, што быў затрыманы за камэнтары ў тэлеграме.
Раней дадзеныя хлопца і скрыншот зь ягонымі камэнтарамі публікавалі ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, але Фурса не надаў гэтаму ўвагу і прыехаў у Беларусь, паведамляе «Вясна».
Мужчыну з прозьвішчам Война асудзілі за тое, што спалохаўся вайны і сфатаграфаваў тэхніку
У Гомельскім абласным судзе 28 кастрычніка да 2 гадоў калёніі асудзілі Ўладзіслава Войну. Яго прызналі вінаватым у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядаў судзьдзя Алег Харошка, піша «Вясна».
Інфармацыі пра гэтую крымінальную справу амаль няма. Паводле праваабаронцаў, гэта ўжо дзевятнаццаты прысуд паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Большасьць крымінальных справаў у межах гэтага артыкулу сілавікі пачалі пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны 24 лютага 2022 году ў сувязі зь перадачай інфармацыі (фота, відэа) ў беларускія тэлеграм-каналы аб расейскай вайсковай тэхніцы на тэрыторыі Беларусі.
Як паведаміла «Гомельская праўда», за фатаграфіі расейскай тэхнікі толькі ў Гомельскай вобласьці сёлета асудзілі 12 чалавек. Жыхароў вобласьці, якія перадавалі фатаграфіі і відэа, а таксама зьвесткі аб перамяшчэньні расейскай вайсковай тэхнікі, асудзілі на тэрміны ад 2 да 4,5 гадоў калёніі.
Пакуль вядома толькі тое, што Ўладзіслаў — жыхар Жлобіна, нарадзіўся ў Бабруйску. Яго асудзілі за відэа самалётаў у Жлобіне. На судзе казаў, што «быў напалоханы і падумаў, што пачалася і тут вайна».
У Берасьці асудзілі прадпрымальніка за распальваньне варожасьці
У Берасьцейскім абласным судзе вынесьлі прысуд індывідуальнаму прадпрымальніку Сяргею Мацюхевічу, якога абвінавачвалі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт 369 КК) і «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» (ч.1 арт. 130 КК). Справу разглядала судзьдзя Руслана Сянько, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымліваў пракурор Генадзь Буры.
Напачатку судовага працэсу выйшла неспадзяванка, піша «Вясна»: судзьдзя Сянько вызваліла мужчыну ад пакараньня па артыкуле 369 КК, бо для гэтага абвінавачаньня скончыўся тэрмін даўніны. А вось па ч. 1 арт. 130 КК Сяргея прызналі вінаватым. Як паведаміў пракурор у роліку дзяржаўных СМІ, Мацюхевіча абвінавачвалі ў тым, што пры дапамозе тэлефона і інтэрнэту ён падахвочваў грамадзян да ўжываньня гвалту супраць сілавікоў.
У выніку суд прысудзіў Сяргею 3 гады калёніі агульнага рэжыму.
Палітвязьня асудзілі на 2 гады калёніі ў «справе Зельцара»
У Менскім гарадзкім судзе асудзілі палітзьняволенага Сяргея Рындзевіча паводле ч. 1 арт. 130 («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу. Яму прызначылі 2 гады калёніі агульнага рэжыму і штраф у 200 базавых велічыняў (6400 рублёў). Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Хрыпач.
Сяргея затрымалі 1 кастрычніка 2021 году ў крымінальнай справе, пачатай за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара.
Суд над прадпрымальнікам у «справе Зельцара»
У Менскім гарадзкім судзе 8 лістапада пачнецца разгляд крымінальнай справы прадпрымальніка Глеба Гладкоўскага, якога абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку і за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і it-спэцыяліста Андрэя Зельцара.
Справу разглядае судзьдзя Сьвятлана Чарапанава.
Палітзьняволены Глеб Гладкоўскі — вядомы ў Беларусі арганізатар кіназдымкаў з паветра квадракоптэрамі, затрыманы ў Берасьці 30 верасьня 2021 году паводле справы, распачатай за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і it-спэцыяліста Андрэя Зельцара. Вядома, што Глеб пакінуў паведамленьне «Димон ту-ду-ту» (паводле музыкі зь фільму «Бумер»).
Напачатку Гладкоўскага ў сьледчай турме ў Жодзіна, а ў сярэдзіне траўня 2022 году стала вядома аб пераводзе палітвязьня ў СІЗА-1.
Вядома, што 37-гадовага Глеба Гладкоўскага абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу), распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130), у закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі (ч. 3 арт. 361) і перашкодзе законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста (арт. 198).