Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Растуць чэргі на выезд зь Беларусі ў Эўразьвяз — цяпер у іх 1675 легкавікоў, большасьць на мяжы з Польшчай


Чарга на беларуска-польскай мяжы, архіўнае фота
Чарга на беларуска-польскай мяжы, архіўнае фота

Па-ранейшаму стаяць і чэргі грузавікоў на мяжы Беларусі і Эўразьвязу.

На 12-ю гадзіну раніцы 25 красавіка ў пункце пропуску «Берасьце» ў чарзе на выезду зь Беларусі ў Польшчу стаялі 1575 легкавых аўтамабіляў і 30 аўтобусаў.

Пра гэта сьведчаць зьвесткі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

З пачатку тыдня польскія памежнікі «выканалі норму пропуску аўтамабіляў зь Беларусі на 34%», сьцьвярджаюць у Памежным камітэце Беларусі.

Невялікая чарга легкавікоў сабралася і на выезд зь Беларусі ў Літву: у пункце пропуску Каменны Лог на 12-ю раніцы стаялі 70 аўтамабіляў, у Беняконях — 30. На выезд у Латвію чэргаў не было.

У прымежных чатах пішуць, што ў пункце пропуску «Берасьце» за апошнія содні прапусьцілі 436 аўтамабіляў, якія зарэгістраваліся ў электроннай чарзе, у гадзіну выклікалі прыкладна па 17-18 аўтамабіляў. Паводле прыблізных падлікаў, цяпер пры рэгістрацыі ў электроннай чарзе давядзецца чакаць 3 дні і больш за 15 гадзін.

Захоўваюцца чэргі фураў на выезд зь Беларусі. На 12-ю раніцы ўезду ў Эўразьвяз чакалі 1980 грузавікоў, больш за ўсё на беларуска-польскай мяжы:

690 фураў — у пункце пропуску Казловічы — Кукурыкі (Польшча), 470 фураў — Беняконі — Салечнікі (Літва), 400 фураў — Каменны Лог — Меднікі (Літва), 420 фураў — Грыгораўшчына — Патэрніекі (Латвія).

8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два літоўскія памежныя пераходы — у Медніках і Салечніках.

Пасьля палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).

На гэты момант на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін пераход для грузавых аўтамабіляў: Казловічы — Кукурыкі, а таксама адзін для легкавога транспарту і аўтобусаў: Берасьце — Тарэспаль. Так, на зімовыя сьвяты чэргі на выезд зь Беларусі праз гэты пункт перавышалі 2500 легкавых аўтамабіляў і 100 аўтобусаў. Польшча цяпер не разглядае пытаньня адкрыцьця пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю з прычыны браку крокаў насустрач у вострых пытаньнях з боку Менску, заявіў у студзені кіраўнік МУС Польшчы Томаш Семоняк.

19 верасьня 2023 году з прычыны наплыву нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG