1 лістапада Генпракуратура накіравала справу Віталя Мельніка ў суд.
Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на ўпраўленьне ўзаемадзеяньня са СМІ і рэдакцыйнай дзейнасьці нагляднага ведамства.
У ведамстве адзначылі, што «ў аўтамабілі і дома ў мужчыны знойдзена незарэгістраваная агнястрэльная зброя (пісталеты)». А ў сацсетках ён «неаднаразова публічна абражаў прэзідэнта Беларусі».
Віталю прад’яўленыя абвінавачваньні паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- Акт тэрарызму (ч.1 арт.289 КК);
- Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатны для эксплуатацыі стан чыгуначных шляхоў зносін у мэтах учыненьня акта тэрарызму (ч.4 арт.309 КК);
- Абраза Лукашэнкі (ч.1 арт.368 КК);
- Незаконныя набыцьцё і захоўваньне агнястрэльнай зброі, у тым ліку ўчыненыя паўторна (ч.2 і ч.3 арт.295 КК).
Доўгі час не было вядома, дзе знаходзіцца зьняволены. Паводле зьвестак праваабаронцаў, ён сядзіць у СІЗА на Валадарскага. Перасоўваецца на мыліцах.