Крымінальную справу завялі супраць Андрэя Асмалоўскага, Артура Смалякова і Дзіяны Чарнушынай паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Артуру Смалякову і Дзіяне Чарнушынай — па два гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму; Андрусю Асмалоўскаму — тры гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Судовы працэс вяла судзьдзя Ала Скуратовіч, дзяржабвінаваўца — старшы памочнік пракурора Аксана Саковіч. Абвінавачаных падчас судовага пасяджэньня трымалі ў кайданках. Усе яны прызналі сваю віну.
Прадстаўніца пракуратуры Аксана Саковіч запрасіла для абвінавачаных пазбаўленьне волі. Смалякову і Чарнушынай яна прасіла па 2 гады турмы агульнага рэжыму, Асмалоўскаму — 3 гады. Прысуд цалкам задаволіў просьбы пракуроркі.
- Палітзьняволены Артур Смалякоў — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, быў затрыманы 27 ліпеня 2022 году. Пасьля 15 дзён адміністрацыйнага арышту на волю ня выйшаў. Да суду ўтрымліваўся ў СІЗА № 1 Менску.
- Палітзьняволены Андрусь Асмалоўскі — сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі, быў затрыманы 29 ліпеня 2022 году. Да суду ўтрымліваўся ў СІЗА № 1 Менску.
- Дзіяну Чарнушыну, грамадзянскую жонку Асмалоўскага, таксама затрымалі 29 ліпеня і зьмясьцілі ў СІЗА № 1.
Па матэрыялах абвінавачаньня, Смалякоў, Асмалоўскі і Чарнушына прынялі актыўны ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску 23 жніўня 2020 году, парушалі грамадзкі парадак, на заклікі супрацоўнікаў міліцыі не рэагавалі, парушалі спакой грамадзян і перашкаджалі руху грамадзкага транспарту.
«Марш новай Беларусі» 23 жніўня 2020 году праводзіўся супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткасьці міліцыі. У тую нядзелю ў дэманстрацыі ўдзельнічалі ня менш за 100 тысяч чалавек. Колькасьць затрыманых удзельнікаў перасягнула 100.
1 лістапада пачнецца суд над старшынём АГП Мікалаем Казловым, лідэркай менскай арганізацыі партыі Аксанай Аляксеевай і юрысткай, праваабаронцай Антанінай Кавалёвай. Агулам за кратамі цяпер 13 сяброў АГП.