Пра гэта паведамляе інтэрнэт-выданьне «7×7. Гарызантальная Расея» са спасылкай на каардынатара ініцыятыўнай групы «Арыштанты-212» і кіраўніка прававых праграм Маскоўскай Хэльсінкскай групы Рамана Кісялёва.
26-гадовага ўраджэнца Воршы затрымалі 31 сакавіка 2021 году і далі 2,5 года калёніі агульнага рэжыму паводле арт. 130 КК (распальваньне варожасьці або варажнечы).
У сярэдзіне верасьня летась стала вядома, што Лукашэнка памілаваў 13 палітвязьняў, сярод якіх быў Аляксей Коршун. Яму замянілі калёнію на абмежаваньне волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Праз паўтара месяца зьявілася інфармацыя, што мужчына пакінуў Беларусь.
Праваабаронцы паведамлялі, што Коршун зьехаў у Польшчу, аднак, паводле зьвестак «7×7», яму «ўдалося зьбегчы ў Смаленск да сваякоў», а затым яму «дапамаглі перабрацца ў Белгарад».
«Пасьля пачатку ваенных дзеяньняў [РФ ва Украіне] Аляксей Коршун пераехаў у Варонеж, дзе яго затрымала паліцыя 21 чэрвеня. Яго зьмясьцілі ў Цэнтар часовага ўтрыманьня замежных грамадзян, бо ў мужчыны не было пры сабе дакумэнтаў», — адзначае выданьне.
У сваю чаргу Кісялёў напісаў у сваім тэлеграм-канале: «Спрабавалі арганізаваць выезд [Коршуна] у трэцюю краіну, але нам не хапіла часу, [яго] вывезьлі на апярэджаньне».
«Важна адзначыць, што Аляксей яшчэ знаходзіўся ў працэдуры атрыманьня часовага прытулку ў Расеі, таму гэтае выправаджэньне зьяўляецца незаконным. Але гэта, вядома ж, ужо даўно нікога не хвалюе», — канстатаваў праваабаронца.
Суд над былым сьледчым Юшкевічам
Яўгена Юшкевіча будуць судзіць па шасьці артыкулах — «тэрарызму» сярод іх няма, піша «Вясна».
У Менскім гарадзкім судзе 15 лістапада пачнецца суд над былым сьледчым Яўгенам Юшкевічам. Яго абвінавачваюць па шасьці артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак); ч. 1 арт. 293 (Масавыя беспарадкі); ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); ч. 1 арт. 130 (Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці); арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады); арт. 364 (гвалт або пагроза яго ўжываньня ў дачыненьні супрацоўніка ўнутраных органаў).
Справу будзе разглядаць судзьдзя Алена Ананіч, якая на мінулым тыдні асудзіла журналіста Алеся Любенчука да 3 гадоў пазбаўленьня волі.
Юшкевіча затрымалі 19 красавіка 2021 году па падазрэньні па арт. 289 КК (акт тэрарызму). У яго ўзялі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы, каб ён нават сваім сукамэрнікам ня мог распавесьці, у чым яго канкрэтна абвінавачваюць.
Палітзьняволеная Сьвятлана Саўчанка — на волі
У Менскім раённым судзе ў лістападзе 2021 году да аднаго году пазбаўленьня волі асудзілі 34-гадовую Сьвятлану Саўчанку. Яе абвінавацілі ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК) за тое, што 2 верасьня 2020 году на праўладным аўтапрабегу «За адзіную Беларусь» у Новай Баравой яна сарвала з адной машыны плястмасавы флягшток і некалькі разоў стукнула па машыне Land Rover, якая ўдзельнічала ў ім.
Пацярпелай у справе прызналі адну з арганізатарак праўладных аўтапрабегаў Вольгу Маршаловіч (Сышчанка) — у адкрытых інтэрнэт-крыніцах паведамлялася, што яна мела рамантычныя сувязі з начальнікам менскага АМАПу Дзьмітрыем Балабам.
Сьвятлана цалкам адбыла тэрмін і 27 кастрычніка выйшла з гомельскай жаночай калёніі.