Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва забараніла ўезд зь Беларусі на матацыклах, мапэдах і мотароварах


Мяжа Літвы і Беларусі. Архіўнае фота
Мяжа Літвы і Беларусі. Архіўнае фота

Урад Літвы забараніў праезд матацыклаў, мапэдаў і матарызаваных ровараў праз прапускныя пункты Меднікі (зь беларускага боку Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).

Пра гэта паведаміла прэс-служба літоўскага ўраду.

«Перамяшчэньне праз гэтыя пункты пропуску зь Беларусьсю будзе магчымае толькі на аўтатранспарце», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Новае абмежаваньне тлумачыцца «ўзрослымі пагрозамі бясьпекі дзяржавы», зьвязанымі зь нелегальнай міграцыяй, а таксама зьменай тактыкі «дзеяньняў супрацоўнікаў беларускіх спэцслужбаў і памежных органаў на мяжы».

Міністэрства ўнутраных спраў Літвы, якое ініцыявала рашэньне, аргумэнтавала яго неабходнасьць тым, што з 1 сакавіка 2024 году пасьля забароны пешаходам і раварыстам праезду праз пункты Меднікі і Салечнікі зафіксавалі «значнае павелічэньне колькасьці спробаў перасячэньня мяжы на матацыклах, мапэдах і матарызаваных роварах». Калі ў першым квартале 2024 году зарэгістравалі 285 такіх выпадкаў, дык за тры месяцы 2025-га — 6170 (рост у 21,6 раза).

Акрамя таго, пастановай прапануюць «часова абмежаваць» перамяшчэньне людзей праз названыя пункты пры выяўленьні «выкарыстаньня мігрантаў беларускімі службовымі асобамі».

«Апошнім часам былі зафіксаваныя спробы беларускіх чыноўнікаў накіроўваць мігрантаў праз пункты пропуску безь неабходных дакумэнтаў або без выкананьня патрабаваньняў Шэнгенскага кодэксу аб межах», — адзначаецца ў прэс-службе.

Паводле міністра ўнутраных спраў Літвы Ўладзіслава Кандратовіча, мэта літоўскіх уладаў — «забясьпечыць максымальную абарону дзяржаўнай мяжы і перадухіліць пагрозы, якія зыходзяць ад штучна арганізаванай беларускім рэжымам міграцыі і магчымых гібрыдных нападаў на мяжы зь Беларусьсю». Чыноўнік мяркуе, што новыя абмежаваньні таксама будуць спрыяць «зьніжэньню ўплыву беларускіх спэцслужбаў і магчымасьцяў вэрбаваньня літоўскіх і беларускіх грамадзян».

18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два літоўскія памежныя пераходы — у Медніках і Салечніках.

Паводле падлікаў «Позірку», заснаваных на штодзённых зьвестках, за першую палову красавіка 2025 году Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы зафіксавала 160 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі. Гэта на 53,8% больш, чым за ўвесь сакавік (104), і ў 3,4 раза больш, чым за ўвесь красавік 2024 году (47).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG