Аб гэтым піша The Guardian.
Інцыдэнт адбыўся 13 кастрычніка ў Ардэбіле, горадзе на паўночным захадзе краіны. Па дадзеных Каардынацыйнай рады прафэсійных асацыяцый настаўнікаў Ірана, сілавікі ў той дзень зайшлі ў сярэднюю школу для дзяўчат і запатрабавалі прасьпяваць песьню, якая ўсхваляе іранскага лідэра. У адказ на адмову яны пабілі вучаніц, ад чаго некалькі зь іх былі дастаўлены ў лякарню, а іншых арыштавалі. У пятніцу, 14 кастрычніка, Панахі памерла ў лякарні.
Па дадзеных выданьня, іранскія афіцыйныя асобы не ўзялі на сябе адказнасьць за тое, што адбылося. Сьмерць Асры Панахі выклікала хвалю абурэньня ў краіне. Пасьля гэтага чалавек, які назваўся яе дзядзькам, у эфіры дзяржаўных тэлеканалаў заявіў, што яна памерла ад прыроджанага пароку сэрца.
Пратэсты ў Іране пачаліся пасьля сьмерці 22-гадовай студэнткі Махсы Аміні. Яе на вуліцы затрымала паліцыя нораваў за неналежнае нашэньне хіджабу. Сваякі заявілі, што 16 верасьня дзяўчына памерла ў шпіталі ад зьбіцьця. Улады гавораць, што ў Аміні былі праблемы з сэрцам. Іранскія жанчыны ў знак пратэсту пачалі адразаць валасы і спальваць хіджабы. Тысячы людзей выйшлі на вуліцы. Яны патрабавалі расьсьледаваць сьмерць Аміні.
Пратэсты пры гэтым жорстка душыліся. На мінулым тыдні ў адказ на акцыі ўлады распачалі сэрыю рэйдаў па школах. На відэазапісах відаць, як паліцыянты ўрываюцца ў клясы, арыштоўваюць школьніц і запіхваюць іх у машыны, а таксама абстрэльваюць будынкі школ сьлёзатачывым газам. Прафсаюз настаўнікаў Ірану асудзіў «жорсткія і бесчалавечныя» рэйды і заклікаў да адстаўкі міністра адукацыі Юсэфа Нуры.
16-гадовая Назнін кажа, што бацькі забаранялі ёй браць удзел у пратэстах. «Мне не дазвалялі хадзіць у школу, таму што бацькі баяліся за маё жыцьцё. Але што зьмянілася? Рэжым працягвае забіваць і арыштоўваць школьніц», — кажа яна. Паводле яе, маладыя людзі па ўсёй краіне вырашылі выйсьці на вуліцы ў знак пратэсту, яна таксама мае намер узяць удзел у мітынгах.
Па дадзеных Iran Human Rights, па стане на 17 кастрычніка падчас агульнанацыянальных пратэстаў было забіта 215 чалавек, у тым ліку 27 дзяцей.