Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі патрабуюць аднаго: каб гэты рэжым скончыўся неадкладна». Іранская экспэртка пра сутнасьць і будучыню пратэстаў, якія ахапілі краіну


Пратэст у Іране
Пратэст у Іране

Пратэсты ў Іране доўжацца ўжо чацьвёрты тыдзень. Яны пачаліся пасьля сьмерці студэнткі, якую затрымала паліцыя нораваў. І зараз іранскія жанчыны зрываюць хіджабы, адразаюць сабе валасы і крычаць на прэзыдэнта. Пратэсты пры гэтым жорстка душацца. Загінулі ўжо больш за 180 чалавек.

Сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і сіламі бясьпекі працягваюцца па ўсім Іране. Людзі патрабуюць ад уладаў рэформаў і захаваньня правоў жанчын. У маніфэстацыях удзельнічаюць самыя розныя пласты насельніцтва: ад студэнтаў да супрацоўнікаў нафтахімічнага заводу ў горадзе Асалуе на беразе Персыдзкай затокі. Дзявятага кастрычніка яны заблякавалі камянямі дарогу, якая вядзе да прадпрыемства, і скандавалі «Сьмерць дыктатару!». Пратэсты ідуць і на іншых нафтаперапрацоўчых заводах краіны, аднак мясцовыя ўлады сьцьвярджаюць, што рабочыя не падтрымліваюць пратэстаў, а толькі патрабуюць павелічэньня заработнай платы.

Выступленьні пачаліся пасьля навіны аб сьмерці 22-гадовай студэнткі Махсы Аміні. Паліцыя нораваў затрымала Аміні на вуліцы за неналежнае нашэньне хіджабу. Сваякі сьцьвярджаюць, што пасьля дзяўчына памерла ў шпіталі ад пабіцьця. Улады гавораць, што ў Аміні былі праблемы з сэрцам. Іранскія жанчыны ў знак пратэсту пачалі адразаць валасы і спальваць хіджабы. Тысячы людзей выйшлі на вуліцы. Яны патрабуюць расьсьледаваць сьмерць Аміні.

Жанчыны абстрыгаюць валасы
Жанчыны абстрыгаюць валасы

Па дадзеных праваабаронцаў, за час пратэстаў сама меней 185 чалавек былі забітыя. Сярод іх 19 непаўналетніх. Сотні людзей паранены і тысячы арыштаваны сіламі бясьпекі. Урад заяўляе, што больш за 20 супрацоўнікаў сіл бясьпекі былі забітыя. Сярод загінулых ёсьць жанчыны-актывісткі. На адным зь відэа, якое трапіла ў сеціва, падпаленым хіджабам размахвае, як мяркуецца, шаснаццацігадовая Ніка Шакарамі. Яна зьнікла бязь вестак 20 верасьня, пасьля мітынгу ў Тэгеране. Сваякі знайшлі яе цела ў моргу празь дзевяць дзён.

«Мая дачка была забітая ў той жа дзень, калі зьнікла бязь вестак падчас пратэстаў. Яе цела было перададзена ў морг Кахрызак у той жа дзень. Яе твар, скулы і зубы былі разьбітыя. Яе моцна ўдарылі па патыліцы, а чэрап быў дэфармаваны. Вось як яе забілі», — кажа Насрын Шакарамі, маці Нікі.

Улады Ірану спрабавалі прадставіць сьмерць Нікі Шакарамі як няшчасны выпадак. Загінулая дзяўчына стала яшчэ адной іконай пратэстаў. Яе гібель яшчэ больш распаліла народны гнеў супраць ураду. Прэзыдэнт Ірану Эбрагім Раісі 8 кастрычніка прыехаў ва ўнівэрсытэцкае мястэчка ў Тэгеране. Там ён асудзіў пратэстоўцаў перад прафэсарамі і студэнтамі. Але студэнткі сталі крычаць яму: «Правальвай!»

За час пратэстаў рух за свабоду іранскіх жанчын атрымаў падтрымку па ўсім сьвеце. Жанчыны ў знак салідарнасьці абразаюць свае валасы ў Стамбуле, Рыме, Ерусаліме. Акцыю падтрымалі францускія акторкі. Зь лёзунгам «Жанчыны, жыцьцё, свабода» прайшлі дэманстрацыі салідарнасьці з іранскімі пратэстамі ў Парыжы.

«Яны цалкам усьведамляюць, чаму яны супраць іранскага рэжыму. Іранскі рэжым — гэта антыжаночы рэжым, які пабудаваў сваю ўладу на жаночым целе. Яны спрабуюць кантраляваць наша цела як сьцяг ісламскага рэжыму, як сьцяг тэакратыі», — тлумачыць іранская актывістка Фарыба Амірхізі.

Францыя абрынулася з крытыкай на Іран 6 кастрычніка. Францускія ўлады абвінавацілі Тэгеран у «дыктатарскіх дзеяньнях» і ва ўзяцьці сваіх грамадзян у закладнікі. Раней зьявілася відэа з францускай парай. Людзі прызналіся ў шпіянажы пасьля некалькіх тыдняў беспарадкаў. Усяго ў Іране затрымалі пяцёра французаў. Краіны Эўрапейскага зьвязу, Канада і Вялікая Брытанія вырашылі ўвесьці супраць Ірану новыя санкцыі. ЭЗ ужо ўзгадніў тэхнічныя аспэкты. Абмежаваньні набудуць моц на наступным тыдні.

Вярхоўны лідэр Ірану Алі Хамэнэі напярэдадні назваў антыўрадавыя пратэсты «разрозненымі беспарадкамі», сплянаванымі ворагам. Аб гэтым паведаміла прыватнае інфармацыйнае агенцтва Tasnim.

Аб пратэстах у Іране і аб становішчы жанчын у краіне тэлеканалу «Настоящее время» расказала іранская сьпявачка Паніда Алаві. Жанчынам у Іране забаронена выконваць песьні, таму Паніда жыве і сьпявае за мяжой.

— Чаго патрабуюць пратэстоўцы?

— Спачатку, калі загінуў чалавек, людзі хацелі правасудзьдзя, але зараз усе выходзяць з хэштэгам «Жанчыны, жыцьцё, свабода». Гэта азначае, што ім больш не патрэбен сам рэжым. Па сутнасьці, няма канкрэтнага патрабаваньня, якое можна выканаць зараз. Людзі жадаюць, каб рэжым сышоў. І яны хочуць асноўных правоў чалавека.

— Чаму сьмерць Масхі Аміні падняла грамадзтва?

— Любы чалавек у Іране мог бы ўявіць сябе на месцы Масхі Аміні. Гэтае забойства закранула кожнага. Гэта магла быць я. Гэта магла быць мая сястра, мая дачка, мая маці. Зь імі магло здарыцца тое самае. Усе былі ў гневе і вельмі засмучаныя. Людзі думалі: «Гэта ня тое, што мы хочам. Мы не ў бясьпецы ў нашай уласнай краіне. Мы ня можам давяраць нашай паліцыі і нашаму ўраду ў цэлым».

Вядома, абавязковае нашэньне хіджабу — гэта вялікая праблема. Таму што мы хочам самі выбіраць, насіць яго ці не. Але гэта далёка не адзіная праблема жанчын. Яны ня могуць сьпяваць, яны ня могуць танцаваць на публіцы. Жанчыны нават ня могуць купіць сабе ровар. Яны нават падумаць пра гэта ня могуць. Ім не дазваляюць падаваць на развод. У іх нават няма магчымасьці зрабіць гэты выбар — разьвесьціся з мужчынам. Гэта заўсёды толькі рашэньне мужчыны. У іх няма будучыні для сябе. Бо яны меншасьць у Іране. Нават тыя, хто выдатна адукаваны, хацелі б іншай будучыні для сябе, але гэта немагчыма.

Усе нашы сьпявачкі знаходзяцца па-за межамі Ірану. У Іране ёсьць толькі сьпевакі. Сьпевы не дазволеныя жанчынам. Калі я, напрыклад, вярнуся ў Іран, мяне арыштуюць і адправяць у турму. Яны кажуць, што з дапамогай сьпеваў мы можам маніпуляваць мужчынамі і прымушаць іх рабіць дрэнныя рэчы.

— Чым адрозьніваецца гэты пратэст у Іране ад папярэдніх?

— Большасьць пратэстоўцаў — гэта тынэйджары. Дзякуючы сацыяльным сеткам і інфармацыі, якую яны атрымліваюць, моладзь глядзіць на сьвет інакш, ня так, як мінулае пакаленьне. Ня так, як маё пакаленьне, напрыклад. Яны лепш дасьведчаныя ў многіх рэчах, у базавых чалавечых правах, якія яны павінны мець. Падлеткі, дзяўчаты і хлопцы, проста жадаюць свае правы, ім ужо ня важна, хто сядзіць наверсе. Яны проста жадаюць свабоды для сябе.

— Як арганізаваны гэты пратэст?

— У гэтага руху няма лідэра, які арганізуе пратэст. Гэта проста людзі, якія пратэстуюць. Яны проста пачалі выходзіць. Нават пасьля забойстваў у Сэнэндэджы, курдзкім горадзе ў Іране. Бо Масха Аміні таксама была курдзкай іранкай. Яны забілі людзей, адсеклі інтэрнэт. Людзі не маглі падаць свой голас у вонкавы сьвет. Але нават калі гэта здарылася, людзі сталі пратэставаць толькі яшчэ мацней. Стала яшчэ больш лютасьці.

За імі не стаіць ніводнай арганізацыі. Яны проста выходзяць у пэўны час. Забаўная дэталь: часам яны пішуць на лістках паперы час, калі плянуюць выйсьці на пратэст, і кладуць іх на машыны, падкладаюць пад дзьверы. Каб іншыя маглі прачытаць і, магчыма, далучыцца. І гэта так прыгожа! Гэта ашаламляе, нават калі проста гаворыш пра гэта. Людзі так аб’ядналіся. Яны такія сьмелыя. Нават студэнты. Нават дзяўчаткі гадоў сямі. Я глядзела відэа, на якім яны змагаліся з настаўнікамі, казалі, што больш гэтага не жадаюць, ня хочуць насіць хіджаб, не жадаюць выконваць гэтыя дурныя правілы. Яны такія сьвядомыя. І я так ганаруся імі.

— Ці могуць улады дамовіцца з пратэстоўцамі?

— Ніякія перамовы немагчымыя. Людзі практычна сказалі Ісламскай Рэспубліцы: мы больш не жадаем, каб вы кіравалі намі. Мы хочам нашу свабоду. Перамоваў няма. Людзі патрабуюць аднаго: каб гэты рэжым скончыўся. Неадкладна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG