Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Павінен быў сёньня ўночы ляцець у Польшчу». Падрабязнасьці выкраданьня былога палітвязьня Юрыя Касьцюка


Юры Касьцюк
Юры Касьцюк

Беларуса вывезьлі з расейскага Сочы ў беларускія Пружаны. Ён некалькі дзён не выходзіў на сувязь з роднымі.

Першы раз Юры Касьцюк быў асуджаны 17 лістапада 2020 году за нібыта зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў — на год абмежаваньня волі. Аднак неўзабаве атрымаў рэальны тэрмін зьняволеньня, у горадзенскай турме ён прабыў больш за месяц. Вызваліўся Юры 6 студзеня 2022 году.

Паўторна Юрыя Касьцюка затрымалі крыху больш як празь месяц, 14 лютага 2022 году. На гэты раз палітзьняволенага абвінавацілі ва ўдзеле ў чаце «Валейбол па выходных», які быў прызнаны экстрэмісцкім. Спачатку Юры атрымаў толькі адміністрацыйны арышт. Аднак пасьля вызваленьня з «сутак» даведаўся, што за стварэньне і ўдзел у чаце завялі крымінальную справу. У выніку ён паехаў у Расею, дзе 15 траўня яго затрымалі ў Сочы і там жа зьмясьцілі ў СІЗА.

У Расеі Юры Касьцюк спрабаваў атрымаць статус уцекача, абскарджваў адмову ў гэтым і жыў у Цэнтры часовага ўтрыманьня іншаземных грамадзян. Нягледзячы на незавершаны працэс, 13 кастрычніка расейскія паліцыянты паспрабавалі вывезьці Касьцюка ў аэрапорт Сочы і адтуль адправіць у Беларусь. Зрабіць гэта не атрымалася. Паводле сьведчаньня самога Юрыя, па дарозе ў аэрапорт і назад яго моцна пабілі. Ад адваката таксама вядома, што проста ў аэрапорце Сочы Касьцюк парэзаў сабе жывот, пратэстуючы такім чынам супраць экстрадыцыі ў Беларусь.

«Юру вывезьлі ў суботу ў невядомым кірунку»

Пра тое, што Юры Касьцюк ужо ў Беларусі, стала вядома ў панядзелак 17 кастрычніка. Падрабязнасьці расказала маці Юрыя Натальля, якая жыве ў Пружанах.

«Юру вывезьлі з Сочы ў невядомым накірунку ў суботу, і ўчора ўвечары ён зьявіўся тут, у Пружанах, — расказвае Натальля. — Яго вывозілі на машыне. Атрымалася так, што яго проста выкралі. Зараз у Сочы павінен ісьці суд у ягонай справе. Юру там білі па дарозе з аэрапорту, ён здымаў пабоі. У якім стане ён тут, у Пружанах, я ня ведаю. Сабрала яму перадачу зараз».

Натальля гаворыць, што сабрала для сына тапкі, прылады для галеньня, мыла, харчы. Калі гэта атрымаецца перадаць, пакуль невядома. Чарговы суд у Сочы ў справе яе сына павінен пачацца толькі ў панядзелак, 17 кастрычніка. Сам Касьцюк зьбіраўся самастойна выехаць з Расеі ў Польшчу. Збор на квіток, які каштаваў вялікія грошы, быў абвешчаны на мінулым тыдні.

«У Юры ўжо быў квіток да Варшавы, сёньня ён павінен быў ляцець у Варшаву з Адлера, — расказвае жанчына. — Уначы пералёт быў прызначаны. На квіток яму ўсе грошы зьбіралі, я ня ведаю, якая там сабралася сума. Цяпер я нават ня ведаю пакуль, што мне рабіць. Куды зьвяртацца далей. Мне пазванілі з ІЧУ Пружан і сказалі, што Юра ў іх».

Натальля гаворыць, што апошні раз размаўляла з сынам незадоўга да яго выкраданьня. Юры быў у добрым настроі, радаваўся адмове ў дэпартацыі. Аднак пасьля перастаў выходзіць на сувязь.

«У Варшаве ён ужо меў працу, Юра меў на руках запрашэньне, віза была зробленая, — расказвае жанчына. — Зараз я чакаю, што справай зоймецца адвакат. Мне ніхто ня скажа нічога — хто я такая? Спадзяюся, справу будуць весьці пружанскія (праваахоўнікі. — РС). Спадзяюся, суд будзе тут, на месцы. Яго справу вядзе мясцовая пракуратура. Калі шчыра, то мне і лягчэй».

Натальля дадае, што яна абураная выкраданьнем яе сына з Расеі і перапраўкай яго ў Беларусь. Як дакладна гэта адбывалася, пакуль невядома.

«Адна пракуратура адмаўляе ў экстрадыцыі, другая прыяжджае і забірае яго? — рытарычна пытаецца жанчына. — Яго выкрадаюць? Мне ўвогуле незразумелая гэтая сытуацыя. Беларусы яго забралі ці расейцы? Я думаю, гэта беларусы паехалі і забралі. Наўрад ці расейцы б яго везьлі да Смаленску адтуль. А гэтыя дакумэнты пра пабоі, што цяпер зь імі будзе? Зьнішчаць, напэўна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG