Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволенага грамадзяніна Расеі ўпершыню перавялі зь Беларусі ў расейскую калёнію


Аўтазак. Ілюстрацыйнае фота
Аўтазак. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Геджадзэ — першы грамадзянін Расеі, прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітычным вязьнем, якога перавялі ў расейскую калёнію.

Маскоўскі гарадзкі суд у студзені разгледзеў справу аб пераводзе ў расейскую калёнію палітзьняволенага грамадзяніна Расеі Аляксандра Геджадзэ, асуджанага ў Беларусі на 3 гады калёніі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Аляксандар Геджадзэ
Аляксандар Геджадзэ

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Аляксандар ужо знаходзіцца ў расейскай папраўчай калёніі № 3 у г. Сафонава.

Да арышту палітвязень Аляксандар Геджадзэ большую частку часу жыў і працаваў у Маскве, але часам прыяжджаў у Менск у госьці да сваёй дзяўчыны.

Яго затрымалі 27 кастрычніка 2020 году. Крымінальную справу супраць яго завялі за тое, што ён на каршэрынгавым аўтамабілі перавёз шыны, зь якіх ўвечары 12 кастрычніка на дарозе ў жылым комплексе «Каскад» збудавалі барыкады.

Суд над палітвязьнем распачаўся 5 красавіка 2021 году. Сваю віну Аляксандар прызнаў часткова. Ён не адмаўляе, што перавозіў шыны, але сьцьвярджае, што ня ведаў, для чаго іх будуць выкарыстоўваць. Яшчэ да пачатку слуханьняў у справе палітвязень кампэнсаваў пазоў ад МНС на пакрыцьцё шкоды ў памеры 66,36 рублёў. У судзе Фрунзэнскага раёну 20 красавіка палітвязьня прызналі вінаватым у «актыўным удзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і прызначылі яму 3 гады калёніі агульнага рэжыму — менавіта столькі і прасіў пракурор.

Тэрмін Аляксандра накіравалі адбываць у наваполацкую папраўчую калёнію № 1. Але ў студзені 2022 году Маскоўскі гарадзкі суд разглядзеў справу аб «перадачы грамадзяніна замежнай дзяржавы, асуджанага да пазбаўленьня волі, для адбыцьця пакараньня ў дзяржаве, грамадзянінам якой ён зьяўляецца» і пастанавіў перавесьці Аляксандра ў расейскую калёнію.

11 красавіка Савелаўскі раённы суд Масквы зьмяніў артыкул Аляксандру ў адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам — Геджадзэ будзе адбываць пакараньне паводле часткі 2 артыкулу 212 КК РФ — удзел у масавых беспарадках.

Праваабаронца Маскоўскай Хэльсынскай групы Раман Кісялёў лічыць такую зьмену артыкулаў дзіўнай:

«Таму што, калі ў Расеі затрымліваюць беларусаў, якіх адшукваюць па 342 артыкуле КК, то іх адпускаюць пасьля першай экстрадыцыйнай праверкі. Пракуроры ня лічаць гэты склад злачынствам на тэрыторыі Расеі. А ў выпадку пераводу Геджадзэ расейскі суд знайшоў магчымым зьмяніць 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі на 212 Крымінальнага кодэксу РФ. Калі б яно было гэтак жа і ў экстрадыцыйных справах, то ў нас бы ў СІЗА беларусаў было б больш».

Геджадзэ — першы грамадзянін Расеі, прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітычным вязьнем, якога перавялі ў расейскую калёнію.

Цяпер у беларускіх калёніях застаюцца мінімум чатыры грамадзяніна Расеі: Дзьмітрый Папоў, Ягор Дуднікаў, Андрэй Новікаў і Соф'я Сапега.

Вядома, што нядаўна на волю выйшлі, цалкам адбыўшы тэрміны, Ірына Вікхольм і Яўген Пятроў, але іх адразу дэпартавалі ў Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG