Эўрапейская камісія ў суботу рэкамэндавала Радзе ЭЗ замарозіць каля 7,5 мільярдаў эўра, прызначаных для Вугоршчыны, у сувязі з падазрэньнямі ў карупцыі і заклапочанасьцю адносна вяршэнства права ў краіне. Гэта першы такі выпадак у гісторыі ЭЗ.
Сябра Эўракамісіі, які адказвае за пытаньні бюджэту, Ёганэс Ган, заявіў, што Будапэшт павінен вырашыць праблемы, якія выклікалі пытаньні ў Эўракамісіі, да 19 лістапада. Ён зьвярнуў увагу найперш на недастатковыя меры, якія прымаюць улады Вугоршчыны па барацьбе з карупцыяй і канфліктамі інтарэсаў, адзначыўшы, што ў такіх умовах нельга паручыцца за тое, што сродкі ЭЗ будуць выкарыстаныя па прызначэньні.
- Шматлікія няўрадавыя арганізацыі, іншыя краіны ЭЗ, вугорская апазыцыя крытыкуюць урад Віктара Орбана і за іншае, абвінавачваючы яго ў аўтарытарных тэндэнцыях, падаўленьні НКА, абмежаваньні правоў ЛГБТ і жанчын, падпарадкаваньні сабе судоў і СМІ. Эўрапарлямэнт днямі прыняў рэзалюцыю, у якой канстатаваў, што Вугоршчына перастала быць паўнавартаснай дэмакратыяй і ператварылася ў «электаральную аўтакратыю».
- Віктар Орбан, які знаходзіцца ва ўладзе больш як 10 гадоў, у многіх палітычных пытаньнях займае пазыцыю, адрозную ад пазыцыі большасьці лідэраў краін ЭЗ, у тым ліку і ў стаўленьні да вайны ва Ўкраіне. Асуджаючы расейскую агрэсію, Вугоршчына адмаўляецца пастаўляць Кіеву зброю, а таксама крытыкуе санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Масквы, блякуючы або спрабуючы заблякаваць шэраг прапаноў па іх узмацненьні.