Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 6 кастрычніка: у Менску затрымалі сям'ю журналістаў і трансплянтоляга РНПЦ, у Глыбокім — фатографа і актывіста


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Менску, 2020 год
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Менску, 2020 год

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Сілавікі затрымалі дасьведчанага трансплянтоляга Аляксея Аляксейчыка

5 кастрычніка ў Бараўлянах быў затрыманы вядомы трансплянтоляг Аляксей Аляксейчык. Затрыманьне адбылося на працоўным месцы, у РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, паведамілі «Нашай Ніве» калегі лекара. Па іх словах, Аляксейчыка вывелі з будынку ў кайданках.

Аляксей Аляксейчык — лекар са стажам больш за 20 гадоў, ён праводзіў апэрацыі па перасадцы касьцявога мозгу. Супрацоўнікі РНПЦ паведамляюць, што вясной гэтага году сілавікі атрымалі доступ да ўнутранага чату, пасьля чаго пачаўся новы віток «зачыстак» у цэнтры.

Затрымалі журналістаў Аляксандра Лычаўку і Сьняжану Інанец

Сілавікі затрымалі журналіста Аляксандра Лычаўку і ягоную жонку Сьняжану Інанец, расказаў «Медиазоне» сябар сям'і. З раніцы абодва журналісты перасталі выходзіць на сувязь, але падрабязнасьці затрыманьня суразмоўца «Медиазоны» не ўдакладняе. Дзе цяпер муж і жонка, невядома.

Аляксандар Лычаўка — менскі журналіст і краязнаўца. Сьняжана Інанец пісала для парталу Onliner.

У Глыбокім затрымалі актывіста Вадзіма Хлуса і фатографа й відэаапэратара Леаніда Юрыка

А сёмай раніцы 5 кастрычніка да яго прыехалі сілавікі, дома быў праведзены ператрус, паведаміў у Фэйсбуку Кастусь Шыталь.

Вадзім Хлус шмат год быў апазыцыйным актывістам, назіральнікам на выбарах. У 2020 годзе двойчы сядзеў на «сутках». У 2022 годзе да яго неаднаразова прыходзілі зь міліцыі і пракуратуры, пісьмова папярэджвалі пра адказнасьць за апазыцыйную актыўнасьць.

Таксама ў Глыбокім учора быў затрыманы фатограф і відэаапэратар Леанід Юрык. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён затрыманы паводле адміністрацыйнай справы.

Пасьля вяртаньня ў Беларусь на жыхара Гомля завялі крымінальную справу за паклёп на Лукашэнку

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне 26-гадовага Андрэя Карпенкі. Паводле іх, хлопец у 2020 годзе ў сацсетках апублікаваў запіс, у якім сілавікі ўбачылі паклёп на Лукашэнку. Затрымалі Андрэя пасьля вяртаньня ў Беларусь, піша «Вясна».

«Пакаяльнае відэа» хлопца доўжыцца 4 хвіліны, большую частку зь якіх хлопец расказвае пра тое, як дрэнна ў Эўропе і Канадзе, што там да беларусаў ставяцца як да людзей «другога гатунку», а маёмасьць каштуе вялікіх грошай. І таму, нягледзячы на тое, што прадукты там танныя, ён вырашыў, што будзе жыць у Беларусі ці Расеі.

У Ваўкавыску быў затрыманы Аркадзь Навумчык

Паводле інфармацыі праўладных каналаў, Аркадзя затрымалі нібыта за рэгістрацыю ў «Пляне Перамога». Паведамляецца, што раней мужчына чатыры разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у пратэстах, піша тэлеграм-канал @Grodno_grab.

26-гадовую дзяўчыну затрымалі за татуіроўку «АСАВ»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне Ксеніі Котавай, якую яны называюць анархісткай. На «пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што мела татуіроўку «АСАВ», была на Пушкінскай 9–10 жніўня 2020 году, а таксама нібыта далучылася да пляну «Перамога».

Пасьля вяртаньня з Польшчы затрымалі былога чыгуначніка

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне 26-гадовага Паўла Далгакова. На «пакаяльным відэа» хлопец кажа, што ўдзельнічаў у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту. Паведамляецца, што да выбараў Павел працаваў на чыгунцы, але пасьля звольніўся і зьехаў у Польшчу.

Затрыманьні ў Менску

4 кастрычніка ў Менску быў праведзены вобшук дома і на лецішчы ў 43-гадовага Мікалая Нямковіча. Вядома, што мужчыну затрымалі. Цяпер ён у ІЧУ на Акрэсьціна.

Таксама 5 кастрычніка ў сталіцы быў затрыманы Сяргей Кабзенка, паведамляе «Вясна».

Палітзьняволенага фрэзэроўніка МТЗ асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі»

Праваабаронцам стала вядома, што 23 жніўня суд Савецкага раёну Менску вынес прысуд палітвязьню Міраславу Сабчуку — сябру незалежнага прафсаюзу, які працаваў на Менскім трактарным заводзе. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 1,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — так званай «хатняй хіміі». Палітвязьня вызвалілі ў залі суда, паведамляе «Вясна».

Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў адным з Маршаў, падчас якога ён «дзейнічаў узгоднена з групай асобаў». Ягоныя дзеяньні нібыта пацягнулі за сабой парушэньне работы транспарту. Мужчына выкрыкваў лёзунгі, дэманстраваў пратэставыя сымбалі і плякат.

Міраслаў прызнаў віну і распавёў, што прыняў удзел у Маршы з удзелам супрацоўнікаў МТЗ. Доказам па справе праходзілі відэа і фатаздымкі палітвязьня, зробленыя падчас маршу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG