Менчука асудзілі на 4 гады калёніі за камэнтары ў Telegram-чатах
У Брэсцкім абласным судзе на чатыры гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 55-гадовага менчука Аляксандра Колпака. За камэнтары ў Telegram-чатах падчас пратэстаў у 2020 годзе яго прызналі вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасці). Такі прысуд вынесла судзьдзя Вера Філонік.
Як паведамляе «Вясна», згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, Колпак разьмясьціў у Telegram-чаце «нэгатыўныя камэнтары ў адрас супрацоўнікаў АУС, дзяржаўных службоўцаў, прадстаўнікоў улады, у якіх падахвочваў і заклікаў да гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў названых сацыяльных груп».
Мянчанку асудзілі на 2 гады калёніі за відэа ў TikTok і ўдзел у акцыях пратэсту
У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 5 кастрычніка судзьдзя Алена Бушава асудзіла Дар’ю Лычкоўскую на два гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Як паведамляе «Вясна», Лычкоўскую абвінавацілі ва ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) па чатырох эпізодах. Падставай для ўзбуджэньня справы сталі фота зь мірных акцый пратэсту ў 2020 годзе, відэа ў TikTok і прыватныя перапіскі.
Зьмітра Дашкевіча перавялі ў калёнію № 14 у Навасадах
Пра гэта паведаміла ягоная жонка, Наста Дашкевіч на сваім профілі ў Фэйсбуку.
14 ліпеня шматдзетным бацькам Зьмітру і Насьце Дашкевічам прысудзілі 1,5 года калёніі і 3 гады «хатняй хіміі» адпаведна. Сужэнцаў Дашкевічаў абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Затрыманьне інжынэра
За «фінансаваньне экстрэмісцкіх арганізацый» затрымалі галоўнага інжынэра гомельскай кампаніі «Мілкавіта» Аляксандра Стругальскага.
Пра гэта паведамілі ў сацыяльных сетках сілавікі. Стругальскага таксама вінавацяць у падпісцы на «экстрэмісцкія» рэсурсы і спробе зрыву рэфэрэндуму 2022 году на выбарчых участках у Гомлі.
Затрымалі арганізатара квізу «Футбольныя войны»
Максім Чэрнікаў ладзіў адзіны ў Беларусі футбольны паб-квіз «Футбольныя войны» цягам трох гадоў. Паб-квіз — гэта від квізаў (як «Што? Дзе? Калі?»), падчас якога людзі зьбіраюцца ў нейкім пабе ці вялікай кавярні, рэгіструючы свае каманды, і адказваюць на пытаньні.
Максім апавядаў у ранейшых інтэрвію, што запусьціў яго ў 2019-м пасьля некалькіх гадоў плянаў. Толькі ў Менску прайшло 76 гульняў.
Сілавікі закідаюць Максіму тое, што ён пісаў у бот Nexta, а ў якасьці прызоў раздаваў кубкі з «Пагоняй». Таксама яго вінавацяць, што падчас некаторых квізаў у пабах віселі бел-чырвона-белыя сьцягі.
Рэйкаваму партызану зь Віцебску прысудзілі 15 гадоў калёніі
Пра прысуд 50-гадоваму экс-супрацоўніку Віцебскага аддзяленьня БЧ паведаміў СК.
Паводле зьвестак сьледзтва, мужчына, «прытрымліваючыся радыкальных экстрэмісцкіх поглядаў, у лютым 2022 году прыдумаў плян тэракту на чыгунцы і шукаў аднадумцаў сярод сваіх калег, схіляў іх да ўчыненьня цяжкіх злачынстваў».
«Мужчына, з прычыны прафэсійных абавязкаў, выразна ўсьведамляў, што яго злачынныя дзеяньні немінуча пацягнуць за сабой крушэньне саставаў і гібель людзей, але не адмаўляўся ад задуманага пляна. Больш за тое, фігурант актыўна адшукваў магчымасьць усё ж ажыцьцявіць тэракт», — гаворыцца ў паведамленьні.
У выніку падсуднага абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі і асудзілі на 15 год зьняволеньня.