Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпер Лукашэнка ваюе і супраць немаўлят


Сям'я Дашкевічаў, архіўнае фота
Сям'я Дашкевічаў, архіўнае фота

Сьвятасьць мацярынства і традыцыйнай сям’і — гэта казкі для часоў, калі ўлады пачуваюцца ў сваіх крэслах утульна. Цяпер жа ім ня толькі не да законаў, але і не да казак.

Калісьці Лукашэнка казаў, што з жанчынамі ён не ваюе. Ад самага пачатку было ясна, што гэта няпраўда, але сёньня ягонае неваяваньне з жанчынамі перайшло на новы ўзровень: вырак па палітычнай крымінальнай справе вынесьлі Насьце Дашкевіч — маці чатырох дзяцей, апошняга зь якіх яна зусім нядаўна нарадзіла неданошаным.

На фоне навіны пра 8 дадатковых гадоў у калёніі для журналісткі Кацярыны Андрэевай гэты прысуд выглядае быццам бы ня страшна — тры гады «хатняй хіміі», а гэта значыць, што старэйшыя дзеці не паедуць у прытулак, а сама яна зь немаўлём не адправіцца ў калёнію. Але гэта, безумоўна, ува мне гаворыць вельмі нездаровае ўспрыманьне жудаснага прысуду, вынесенага ні за што.

Наста Дашкевіч зь немаўлём, чэрвень 2022
Наста Дашкевіч зь немаўлём, чэрвень 2022

Я, як і большасьць маіх знаёмых, даўно ўжо ўспрымаю прысуды скажона. Разуменьне таго, што такое норма і што такое катастрофа, за апошнія два гады дужа зьмянілася. І калі ў 2020 годзе 15 сутак гучалі як нешта жудаснае, сёньня тры гады хатняй хіміі ўжо ўспрымаюцца як добрая навіна. Гэта ж не СІЗА і не калёнія!

Псыхіка адаптуецца да бясконцай плыні кепскіх навін, і сьвядомасьць выбудоўвае ўжо новую градацыю. Але гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ўлады адмянілі непісаныя правілы і адмовіліся выконваць свае абавязаньні паводле патрыярхальнай дамовы. Бо словы «я з жанчынамі не ваюю» — гэта акурат дэклярацыя патрыярхальнай дамовы. У яе межах жанчына не ўспрымаецца як сурʼёзны грамадзка-палітычны субʼект, і ў абмен на гэта рэпрэсіўная машына яе абмінае. І калі б гэтая дамова працавала, Наста Дашкевіч не апынулася б на лаве падсудных.

Наста даўно ўжо сышла з актывізму і займалася сямʼёй. У яе чацьвёра малых дзяцей, яна займалася імі і хатняй гаспадаркай і была літаральна за мужам. Ці зьмяніла гэта стаўленьне дзяржавы да яе? Ня надта.

Дакладней, гэта дало ёй пэўную адтэрміноўку. У мірныя часы вялікая патрыярхальная дамова ў Беларусі больш-менш працавала: жанчына перастае «высоўвацца», і дзяржава на яе забываецца. Але тое былі мірныя часы, калі людзей не катавалі ў турмах, не саджалі на суткі за шпацыры з кветкамі ў руках і не судзілі за стужкі не таго (ці таго самага?) колеру ў валасах. У мірныя часы былі больш-менш зразумелыя правілы гульні і, адпаведна, можна было прадугледжваць наступствы тых ці іншых учынкаў.

А цяпер правілаў няма ўвогуле. Ужо нельга спадзявацца на тое, што калі сямʼя адпавядае патрыярхальнаму стандарту (жонка клапоціцца пра дом і дзяцей, а муж забясьпечвае ўсю сямʼю фінансава), дык дзяржава паклапоціцца пра іх усіх як патрыярх найвышэйшага рангу. Сьвятасьць мацярынства і традыцыйнай сямʼі — гэта казкі для часоў, калі ўлады пачуваюцца ў сваіх крэслах утульна. Цяпер жа ім ня толькі не да законаў, але і не да казак.

Вялікая патрыярхальная дамова, як і іншыя няпісаныя правілы, ня ўпісваюцца ў саму сутнасьць масавых рэпрэсій і дзяржаўнага тэрору. Іх сутнасьць у непрадказальнасьці і ў адсутнасьці альгарытмаў, якія дазволілі б пазьбегнуць перасьледу.

Адзінае, што зараз можа гарантавана ўберагчы ў Беларусі ад турмы, — гэта сьмерць. Можна, вядома ж, сказаць, што выезд за межы краіны — таксама паратунак, але слова «гарантавана» тут наўрад ці дарэчнае, бо ёсьць, так бы мовіць, нюансы з арыштамі ў Расеі і прымусовым вяртаньнем на радзіму. Вяртаньнем у Беларусь, дзе ўлады настолькі не ваююць з жанчынамі, што робяць закладнікам неданошанае немаўля, якому цяпер разам з маці адбываць «хатнюю хімію».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG